Архіў сведкі біенале

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Нататкі медыятара Нацыянальнага павільёна Беларусі на 56 Венецыянскім біенале. Частка ІІІ
“Усе лёсы свету” — дэвіз сёлетняга Венецыянскага біенале, абвешчаны ягоным куратарам Окві Энвезарам, прывёў многіх куратараў свету да стварэння экспазіцый, якія апелююць да асэнсавання мінулага сваіх краін. Нацыянальныя павільёны Эстоніі, Літвы, Азербайджана, асобная выстаўка расіяніна Грышы Брускіна, да прыкладу, звярталіся да ўсведамлення савецкай гісторыі, у прыватнасці, траўматычнасці апошняй для пакаленняў і асобнага чалавека. Надзвычай актуальнай была тэма лакальнай ідэнтычнасці: як усведамляюць, перажываюць яе розныя краіны, на якой ідэйнай платформе. У гэтым кантэксце можна згадаць павільёны Філіпінаў, Манголіі, Люксембурга… Адзначу, што ў свой адзіны выхадны ў Венецыі мне давялося наведаць, так бы мовіць, з тузін нетытульных павільёнаў і незалежных выставак паралельнай праграмы. З той простай прычыны, што яны працавалі ў панядзелак, калі была зачынена, на жаль, і асноўная экспазіцыя пад куратарствам спадара Энвезара. Тым не менш, нават гэты невялікі “ўлоў” уражанняў дазволіў убачыць беларускі праект у глабальным кантэксце.

/i/content/pi/cult/538/11713/8-1.jpg

(Працяг. Пачатак у №№ 23, 24.)

Водгук

Танныя і дарагія. Канцэптуальныя і больш традыцыйныя. Па шчырысці, мая надзвычай фрагментарная выбарка павільёнаў і выставак Паралельнай праграмы дазваляе казаць пра біенале як пра парад экспазіцый. У асноўным, гэта былі праекты, дзе, у адрозненне ад беларускага павільёна, галоўнае месца займала мастацкае выказванне. Тым не менш, participatory art, які прадстаўляе “Архіў…” (у ім аўдыторыя ўключаецца ў працэс стварэння мастацкага твору), — з’ява цалкам звыклая і зразумелая на мастацкім форуме.

Яшчэ ў 1976 годзе славуты Ёзаф Бойс прадставіў у Венецыі праект, які, уласна, уключаў аўдыторыю ў працэс зносін на самыя розныя тэмы. Сутнасць і палягала ў тым, каб разам з мастаком шукаць адказы на разнастайныя пытанні, востра ставіць іх, ствараючы прастору для дыскусіі. І мастак тут выступаў у якасці пэўнага медыума. У “Архіве...” ж падобным медыумам можна назваць уласна архіў. Але гэта невялікае адступленне, якое ўсё ж вядзе да думкі, што ўбачаны кантэкст (вядома, з вялікай агаворкай на галоўныя экспазіцыі, якія, мяркую, яшчэ паглядзяць сотні дасведчаных) ніяк не замінае “Архіву сведкі вайны” прагучаць у гэтым шматаблічным хоры contemporary art. З якога, тым не менш, я вырашыла вылучыць некалькі галасоў.

Кантыненты

Зборныя выказванні, персанальныя выстаўкі, незалежныя (асобныя ад асноўнай экспазіцыі) прадстаўніцтвы краін, нацыянальныя павільёны, транснацыянальныя заяўкі… У гэтым парадзе прапаноў можна натрапіць на што заўгодна.

Напрыклад, цалкам выпадкова набрыла на павільён Антарктыкі. Расійскі мастак Аляксандр Панамароў, які ўпершыню вылучыў палярны кантынент у суб’ект мастацтва на Венецыянскім архітэктурным біенале летась, працягнуў сваю справу на форуме сучаснага мастацтва. Зрабіўшы міжнародны праект разам з куратарам Надзімам Саманам, Аляксандр, вядомы сваімі грандыёзнымі праектамі, гэтым разам у цэнтр экспазіцыі памясціў інсталяцыю “Concordia”. Такую назву носіць судна-аб’ект, пакрытае льдамі: невялікі карабель стаіць на рэйках, размешчаных пад вуглом, якія выходзяць з экспазіцыйнай залы і спускаюцца ў воды Гранд-канала. Уласна, “Concordia” — адзін з найбуйных пасажырскіх лайнераў, які пацярпеў крушэнне тры гады таму ў Міжземным моры. Аднак Панамароў звяртаецца не толькі і не столькі да сумнавядомага лёсу карабля: мастак грае з назвай судна, якая перакладецца як “згода” ці нават “бераг згоды”. Дасылаючы да “Дамовы аб Антарктыцы” 1959 года, Панамароў узнімае пытанне наконт сілы гэтага пагаднення і далейшага лёсу кантынента. Хісткасць сучаснага становішча Антарктыды ў сувязі з барацьбой краін за новыя рэсурсы — так можна акрэсліць галоўнае пасланне праекта.

Прызнацца, пад час майго наведвання наглядчыкі павільёна сутыкнуліся з яшчэ адной праблемай: тэхніка не спраўлялася з падтрымкай адпаведнай тэмпературы — спякота Венецыі “давалася ў знакі” — і эфектныя льды “Concordia” плавіліся, ствараючы дадатковы сэнс мастацкага паслання — пагрозу сусветнага пацяплення.

Жарты жартамі, але ў бліжэйшыя гады Аляксандр Панамароў плануе правядзенне І Антарктычнага біенале сучаснага мастацтва. Яно мае адбыцца на бартах навукова-даследчых судоў з удзелам як навукоўцаў, так і мастацкага свету, даказваючы сваім прыкладам, што мова сучаснага мастацтва здольная распавесці і прыцягнуць увагу да самых розных рэчаў — нават такіх дзіўных, як частка свету, дзе не жывуць людзі, але якая мае патрэбу ў абароне ад тых самых людзей.

Людзі

Але, вядома, большасць куратарскіх праектаў у цэнтр увагі ставіла чалавека. Да прыкладу, вышэйзгаданы павільён Эстоніі прэзентаваў праект італьянскага куратара Эўджэніа Віолы і эстонскага мастака Яануса Сама “Не прыдатны для працы. Казка пра старшыню”. Форма праекта — “фрагментаваная выдуманая опера”, у аснове якой — асабістая гісторыя старшыні калгаса Юхане Оястэ, які быў асуджаны за гомасэксуалізм. Экспазіція, якая ўяўляе з сябе некалькі залаў-мізансцэн, спалучае архіўныя матэрыялы і графікі, пастановачныя відэа і сапраўдныя артэфакты, “фотадакументы” і свядомыя візуальныя і аўдыяльныя эфэкты. Куратар сплятае выдумку і праўду, выяўляючы практыкі падаўлення і падпарадкавання асабістага грамадскім. Аўтары свядома змяшчаюць гледача у пазіцыю вуаерыста, да прыкладу, калі ў экспазіцыі прапаноўваецца прачытаць крымінальную “Справу №…”, заведзеную, згодна з савецкім заканадаўствам. Але гэтая няёмкасць свядома правакуе наведвальніка на пытанне: дзе павінна заканчвацца грамадскае і пачынацца асабістае? І хто яго рэгламентуе? Праект — правакатыўны, але пакідае моцнае ўражанне, бо спалучаючы тэатр і жыццё, куратар выбірае патрэбную інтанацыю і расстаўляе дакладныя акцэнты.

Нацыі

“Усе лёсы свету” — вядома, гэта і падстава да звароту і да вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці, пытання пра яго актуальнасць. Адным з самых згадваных у гэтым кантэксце праектаў на біенале стаў “Галька / Гаіці. 1848’05’’N 7223’01’’W” за аўтарствам К.Т. Джаспера (Крысціан Тамашэўскі) і Іааны Маліноўскай, які прэзентаваў Польшчу куратар — Магдалена Маскалевіч.

Каардынаты, згаданыя ў назве, пазначаюць гаіцянскую вёску Казале, у якой жывуць… чарнаскурыя палякі. Гісторыя засялення гэтай кропкі планеты такая. Перашоўшы ў ХІХ стагоддзі на бок Напалеона, змагары за аднаўленне Рэчы Паспалітай былі пасланы імператарам падаўляць паўстанне ў французскай калоніі Сан-Дамінга. У выніку, здарылася ўсё цалкам наадварот: палякі перайшлі на бок мясцовых паўстанцаў і змагаліся з імі за свабоду маленькай краіны. Перамога ў гэтай барацьбе аказалася менавіта за рэвалюцыянерамі, якія, удзячныя за дапамогу, падарылі палякам статус паўнавартасных грамадзян Гаіці. Гісторыя, сапраўды, вартая кінематаграфічных увасабленняў.

Але мастакі Джаспер і Маліноўская зрабілі інакш: яны актуалізавалі драматычнае мінулае вёскі Казале, дзе жывуць тыя самыя чорныя палякі, паставіўшы на яе абшарах оперу “Галька” Станіслава Манюшкі, чыя творчасць, зазначым, належыць і да беларускай спадчыны не менш, чым да польскай. Так, сярод гаіцянскіх хацін, трапічных дрэў і шаноўнай мясцовай публікі артысты Познаньскага опернага тэатра ў нацыянальных строях даюць оперу пра трагічнае каханне сялянкі Галькі да пана Януша. Шыкоўнай якасці відэафіксацыя гэтага дзейства, якое дасылае, вядома, да славутага фільма Вернэра Хэрцега “Фіцкаральда”, і дэманструецца ў павільёне. Вядома, што гэта гісторыя правакуе не толькі на замілаванне “польскім духам”, які жыве і цяпер на адкрытай самім Калумбам выспе Эспаньола, але і на развагі адносна таго, што вызначае трываласць нацыянальнай культуры і як вызначаць сёння паняцце нацыі, на якім падмурку яно будуецца, і, урэшце, ці будуецца?

Народы і дзяржавы

І ад трываласці — да смерці. Бо менавіта апошняй — смерці нацый і дзяржаваў — быў прысвечаны праект сербскага павільёна “United Dead Nations” (куратар — Лідзія Мерэнік). Інсталяцыя мастака Івана Грубанава, якую можна перакласці як “Арганізацыя Мёртвых Нацый”, пакідае яскравае ўражанне. У пустым памяшканні на падлозе — скамечаныя і разарваныя сцягі дзяржаў, якія зніклі з карты свету; адмысловыя фарбы з гэтых дзяржаўных сімвалаў — пакрываюць падлогу залы. Атаманская імперыя, Тыбет, Аб’яднаная Арабская Рэспубліка, Германская Дэмакратычная Рэспубліка, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія… Даты нараджэння і скону “мёртвых нацый” пазначаны белымі літарамі на белых сценах залы. Экспазіцыя ладзіцца ў старым павільёне з надпісам Югаславія — Сербія ніжэй пазначана невялікімі літарамі, — і апошні становіцца часткай куратарскага паслання. Аўтары невыпадкова размясцілі сцягі на падлозе, правакуючы наведвальніка да ўзаемадзення і кантакту, але глядач, трапляючы ў залу, асцярожна дакранаецца да рэшткаў былых знакаў пашаны. Карта свету мяняецца, і кожны з нас прымае ў гэтым удзел. Прачытаць пасланне Івана Грубанава нескладана, але з-за гэтага яно не губляе ў сваёй трапнасці...

Фота аўтара, Ілоны БЯЛЯЦКАЙ і з афіцыйных старонак праектаў у Сеціве

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"