Халодны ранак кентаўра

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Жывапіс Кухто: як птушыны спеў і як родавая адзнака чалавека
У Нацыянальным мастацкім музеі яшчэ ў мінулым снежні адбылася выстаўка выдатнага беларускага… пейзажыста Сяргея Кухто. “Як? Пейзажыста? А кентаўры?”, — спытае знаўца.

/i/content/pi/cult/537/11706/14-2.jpgФармальны метад у літаратуры адкрыў нам, што “Яўген Анегін” Пушкіна пісаўся якраз дзеля лірычных адступленняў, галоўныя героі з іх сюжэтам — усяго толькі матывацыя для пейзажных экзерсіцый. У Кухто — выдатныя лірычныя, вышуканыя чароўныя краявіды. І самае важнае: ён іх здольны і бачыць, і маляваць толькі праз кентаўра, нібыта ўводную пераменную, якая надае звычайнаму краявіду звышнатуральнае гучанне. Што ж, мастакам зразумела: павінен быць нейкі звышважкі аргумент або матыў, каб узяцца маляваць самыя звычайныя і простыя рэчы.

Прысутнасць кентаўра ў пейзажы насычае паветра таямніцай, трывожным, сырым подыхам прадвесня. Цікава, што на многіх краявідах адчуваецца час — недзе чатыры-пяць гадзін надвячорка, калі ўсе рухі і так амаль зімовай прыроды літаральна застываюць. Здранцвенне — вось псіхалагічны настрой карцін. Характэрна і тое, што краявіды амаль усе зімовыя.

Калі апошнім разам малявалі снегіроў? Па-сапраўднаму? Каб пазбегнуць прысмаку салона, Кухто малюе іх праз кентаўра, і як добра выглядае на гэтым эфекце адчужэння хмызняк з выдатнымі чырвона-аранжавымі шарамі снегіроў. Які прыгожы пейзаж, дзе рунь грабёнкамі сеялкі прабілася з-пад снегу!

Адчужэнне — галоўны метад мастацкай працы Кухто. Тут, як ва ўсіх апавяданнях Буніна пра немагчымасць кахання, перадаецца здранцвенне ад немагчымага вырашэння кахання кентаўра і зямной жанчыны, хаця яны некуды рушаць увесь час — туды, дзе, магчыма, спраўдзіцца чаканне. Вось тут ёсць псіхалагічны момант, пойнт, перакрыжаванне сюжэтаў карцін і жыцця.

На мой погляд, мастацтвазнаўцы памылкова выводзяць з сюжэту з кентаўрам архетып: гэта выглядае рацыяналізацыяй. Жонка Сяргея кажа пра вялікае ўражанне таго моманту, калі маці яму, шасцігадоваму, намалявала жарабя (яго маці рана памерла). Калі карыстацца не Юнгам, а Фрэйдам, галоўны сюжэт магчыма прачытаць так: у псіхааналізе ёсць паняцце згушчэння; напэўна, адбылося атаясамленне сябе-дзіцяці (“себя-ребёнка”, кажучы па-руску) з жарабём (“же-ребёнком”), творамі адной і той жа жанчыны-маці. І адсюль прага падрослага дзіцяці-жарабяці (чытай — Кухто-кентаўра) да падарожжа ў той Аід, дзе чакае любімая мама, адбіткам якой на гэтым свеце ёсць спадарожніца-жонка. Вось гэта і надае карцінам пачуццё “тагасветнага”, якое выходзіць за зямныя рамкі, перспектыву нейкага іншага, вечнага жыцця.

Многія кампазіцыі пабудаваны такім чынам, што мы як бы выглядаем праз плячо ці сцягно кентаўра на краявід. Характэрна і тое, што часцяком — ззаду, як бы падглядаючы за светам вачыма таго самага кентаўра. Мастацтва, пазбаўленае метафізічнага вымярэння, — гэта голая тэма, узятая на голай эмоцыі.

Каб пісаць, ствараць такія сюжэты і карціны, патрэбна вера ў звышпачуццёвыя каштоўнасці, патрэбны ўтапізм, які яшчэ не перастаў быць паэтыкай. Строга кажучы, тут два лірычныя героі — пейзаж-аўтапартрэт душэўнага стану (псіхалогія) і кентаўр (міф), які ўвесь час прымервае культурныя маскі. Але Арлекін — гэта не зусім трапна, тут мае аказацца П’еро, белы блазан, аднак, магчыма, першы абраны з эстэтычных меркаванняў: стракатасцю адзення абыграць манатонны белы, які, дарэчы, і ёсць П’еро-пейзаж. Павернуты ад гледача твар, ягонае як бы ззянне, адсутнасць запаўняюцца тварам пейзажу. Гэта і ёсць сапраўднае аблічча карціны.

Характэрна адсутнасць дзялення на першы і другі планы ў сэнсе апрацоўкі, выпісвання. Другі план не ёсць другасны, дадатковы, таму і ўзнікае такая “адваротная” перспектыва ўспрымання: калі далёкае напісана любоўна, старанна і якасна, як і першы план з дзеючымі асобамі, то як бы пры ўмоўным ягоным набліжэнні ці павелічэнні ён нават пераўзыходзіць блізкі першы план. У сваю чаргу ў першым плане ёсць асобныя кропкі прыкладання мастакоўскага захаплення, дзе душа жывапісца “адрываецца” і рэалізуецца напоўніцу.

Асабіста для мяне такімі чароўнымі дэталямі сталіся вушы кентаўра. На адной з карцін — “Прывал” (1993 год) — у заснулага кентаўра такое вуха напісана слізгаючым рэфлексам халоднага ранку, і гэта далікатна і выдатна напісанае святло ёсць цуд жывапісу, апрадмечванне ў фарбах няўлоўнага — так бы мовіць, таямніцы жыцця.

Другі прыклад: у карціне “Лістапад. Азімыя” (1995) вандроўнікі напісаны са спінаў, выдатная жывапісная апрацоўка дэталей і зноў любоўна выпісанае вуха, счырванелае ад марозу, упускае ў твор сапраўдны холад, называе стан і надвор’я, і душы. Гледачам паказаны жывапіс самага высокага гатунку, жывапіс як ён ёсць, самадастатковы — як птушыны спеў і як родавая адзнака чалавека.

Адчужэнне — галоўны метад мастацкай працы Кухто. Тут перадаецца здранцвенне ад немагчымага вырашэння кахання кентаўра і зямной жанчыны. Вось тут ёсць псіхалагічны момант, пойнт, перакрыжаванне сюжэтаў карцін і жыцця.

Андрэй ДУБІНІН, мастак