Трэба здымаць! Дрэннае ці добрае…

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Сяргей Каласоўскі: “Кароткі метр — укладанні ў сябе, у будучыню. І ўсё”
У сталіцы і абласных цэнтрах на мінулым і гэтым тыднях дэманстравалася праграма кароткаметражных стужак — пераможцаў самых прэстыжных міжнародных фестываляў і лаўрэатаў кінапрэмій. Амаль сенсацыяй у спісе карцін для паказу выглядала новая работа “Пугач” беларускага рэжысёра Сяргея КАЛАСОЎСКАГА. “К” распытала маладога рэжысёра, якім чынам можна дабіцца поспеху ў свеце кароткаметражнага кіно. І — галоўнае — што рабіць з гэтым далей...

/i/content/pi/cult/537/11687/6-1.jpg— Сяргей, новы фільм “Пугач” паказваюць у найбуйнейшых гарадах Беларусі ў рамках праграмы “Свет кароткага метра”. Для нашай краіны кароткі метр у такім шырокім паказе — беспрэцэдэнтны выпадак. Твае эмоцыі з гэтай нагоды, а таксама з прычыны кампаніі — лаўрэатаў прэстыжных прэмій і пераможцаў фестываляў?

— Вельмі спакойна паставіўся да падзеі. Гэта — заслуга фільма: ён пачаў жыць сваім жыццём, мае ўласны лёс. Мне, вядома, прыемна, што карціна не лягла ў стол, што яе ўбачыць глядач, прычым “у пакеце” з вельмі моцнымі працамі з усяго свету. Гэта нават сімвалічна ў нечым. Наогул, зараз я апанаваны новым праектам, тым героем, які “пасяліўся” ўжо на паперы, жыве ўва мне, але марыць нарадзіцца і жыць на экране.

— "Пугач” — сюжэт з твайго дзяцінства. Гісторыя для сцэнарыя абавязкова павінна быць перажыта аўтарам асабіста?

— Не, але для маладога аўтара такі падыход пажаданы. Для прадзюсараў і прафесіяналаў ад кіно гэта сведчыць аб сталасці творцы. Што да мяне, дык праца над вельмі асабістым, інтымным матэрыялам дапамагла “не забуксаваць”, стала наймагутным зарадам, выкідам энергіі, дадала жадання давесці справу да канца. Я ставіў і іншыя мэты: магчымасць выйсці на адкрыты дыялог з беларускім гледачом. Чаму? Мы, аўтары фільмаў (у Беларусі), ужо даўно, я так лічу, дыскрэдытавалі сябе ў вачах аўдыторыі. Беларускае кіно (асабліва ігравое) асацыюецца з чымсьці не дужа якасным, далёкім ад рэчаіснасці. Мне б хацелася заваяваць давер, сесці і пагутарыць, не “прасунуць” нешта, а менавіта пагутарыць за кубкам гарбаты, сказаць, што я такі ж, як вы: люблю, мару і вельмі моцна баюся. Кантэкст гісторыі, сімволіка павінны быць зразумелымі айчыннаму гледачу. Тут усё проста: пугач, флейта, пачак гумкі.

Міжнародныя фестывалі — гэта добра, але тое, што адбываецца дома, мяне хвалюе больш. І беларускі глядач пойдзе на беларускае толькі тады, калі адчуе, што яго не падманваюць, што з ім не гуляюць, не разумнічаюць... Калі пабачыць, што на экране такі ж самы чалавек: трохі збянтэжаны, сарамлівы, магчыма, няўдачнік ці летуценнік, які жадае проста перажыць сёння і не ўпасці ніжэй заўтра. Мы — унікальная прастора часта няўпэўненых у сабе людзей, нам трэба дзяліцца нашым вопытам, прабівацца, падкрэсліваю, прабівацца да нашай рэальнасці. Тое, чым апанаваны многія людзі, можна развеяць выключна, паўтаруся, вельмі інтымным, асабістым досведам...

— Калі ты выбіраў, дзе вучыцца, то спыніўся на Варшаве. Чаму? Як мяркуеш, каб ты вучыўся ў Мінску, вынік атрымаўся б іншым?..

— Варшава знаходзіцца недалёка, а палякі маюць вельмі падобны да нашага менталітэт. Да ўсяго, Польшча вельмі кінематаграфічная краіна са сваёй унікальнай кінагісторыяй, адносна даступнай для нас адукацыяй і пражываннем. Яшчэ мне спадабаліся кантрасты. Навучанне ў кінематаграфічнай школе — гэта не чытанне падручнікаў, не вывучэнне тэорый, а велізарная колькасць практыкі, укладанне ў работы тытанічных намаганняў, пераадоленне разнастайных перашкод, калі ўсё супраць цябе. Адукацыя — гэта педагогі. Я вучыўся ў дзеючых рэжысёраў: Леў Маеўскі, класік польскага кіно, Мацей Цуске, неверагодны дакументаліст, які навучыў назіраць за рэальнасцю, знаходзіць глыбокае ў простым. Ён жа заклаў падмурак майго рэжысёрскага погляду. Радаслаў Піваварскі прымусіў пісаць, верыць у сябе. Ён казаў: “Ты добра пішаш пра Беларусь, я хачу гэта глядзець: твае характары яркія, цікавыя”. Мацей Слясіцкі прымушаў думаць пра структуру сцэнарыя, пра кінамову, фінансы. І ўсе педагогі ў адзін голас казалі: “Шукайце праўду, глядзіце навакол, імкніцеся да прастаты, рабіце фільмы пра тое, што добра ведаеце”.

Мной з аператарам за час вучобы было знята каля 30 розных работ. Без фінансавай дапамогі, усё за свой кошт. “Вы нікому не патрэбны, — казалі нам. — Ваша кіно нікому не трэба. Таму, каб перамагчы, здымайце добрыя фільмы!” Гэта быў суровы, але выдатны трэнінг перад тым, як выйсці ў дарослае жыццё.

— Зараз ты працуеш у фармаце кароткага метра. Але ў той жа “Пугач”, напрыклад, укладзена сіл і фантазіі, як у паўнавартаснае поўнаметражнае кіно. Табе хапіла дванаццаціхвіліннага хронаметражу?

— Так, мне дастаткова аказалася тузіну хвілін. Такая рэальнасць. На большае ў мяне няма грошай: толькі на фільм да чвэрці гадзіны. Сумна, але такія абставіны. Лепш здымаць пятнаццаціхвілінныя фільмы, чым дваццаць гадоў бегаць з поўнаметражным, нікому не патрэбным сцэнарыем, расчаравацца, надарвацца, апынуцца ў роспачы. Пятнаццаць хвілін — гэта тое, што я магу сабе дазволіць, на большае не напрацаваў.

Калі казаць пра творчы складнік, то кароткі метр — выдатная гімнастыка для розуму. Гэта рэбус: як паказаць гісторыю за такі кароткі час, як напісаць сцэнарый, каб хапіла грошай. Як, як, як... Абмежаванні ствараюць прастору для фантазіі. Спачатку ствараеш гісторыю на дзесяць старонак, потым думаеш пра тое, як спрасціць, як зрабіць эфектныя сцэны пры мінімальных магчымасцях. Аператар пачынае прыкідваць, як гэта зняць і не выйсці з бюджэту, думаюць касцюмер, грымёр, сцэнограф — усе раптам пачынаюць думаць. Карацей, вучышся пісаць “пад бюджэт”. Гэта таксама важна. І яшчэ. Да поўнага метра трэба прыйсці. Гэта як вышэйшая ліга, і ты мусіш быць годным. Да вялікіх форм даходзяць адзінкі, самыя лепшыя. Лічу такую сітуацыю правільнай.

— Занятак кароткаметражным кіно дазваляе быць матэрыяльна незалежным? Як ты бачыш тваю далейшую прафесійную кар’еру?

— Занятак кароткаметражным кіно — крах сямейнага бюджэту. Пасля кожнага фільма даводзіцца пару месяцаў аддаваць пазыкі. Тут няма ніякіх матэрыяльных выгод. Кароткі метр — доўгатэрміновыя ўкладанні ў сябе, у будучыню. І ўсё. Гэта адна з магчымасцей займацца ўлюбёнай справай — рабіць фільмы. Калі я выбраў сабе такі лёс у такі час, трэба проста расслабіцца, даверыцца ўласнай інтуіцыі і шмат працаваць. А там… Што будзе — тое будзе.

— Чаго, на твой погляд, не хапае сучаснаму беларускаму кіно?

— Беларускаму кіно не хапае беларускага кіно. Мы перасталі здымаць фільмы. Бо як можна рабіць добрыя фільмы, не здымаючы?.. Цяпер шматлікія прадзюсары раптам прачнуліся, кінуліся дапамагаць маладым. Думаю, крызіс у расійскім кіно гэтаму паспрыяў. Але ўся гэтая дапамога — кропля ў моры. Людзям у кіно трэба прызнацца, што без дзяржавы мы загінем. Даводзіцца ісці і прасіць вельмі вялікія грошы, якія ўсё роўна не дадуць. Але губляць нам няма чаго. “Прасіць не сорамна”, — так кажа мне маці, калі я ўпадаю ў адчай ад таго, што няма грошай на фільмы. Тады я ўстаю, іду, прашу — і мне даюць.

Усе чакаюць, што нешта зменіцца. Хлопцы, давайце глядзець праўдзе ў вочы: на дадзены момант у міжнароднай кінематаграфічнай супольнасці нас няма. Трэба здымаць фільмы, шмат фільмаў. Трэба здымаць! Дрэнныя ці добрыя, патрэбныя або не, разумныя ці не вельмі, 20-30 поўнаметражных, сотні дакументальных, анімацыйных, кароткаметражных карцін у год. Толькі так можна нешта ажывіць. Не трэба забывацца пра моладзь, не трэба пужаць яе складанасцямі. Заўтра гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі прывядуць у Беларусь замежных інвестараў, многія з іх лепш, чым тутэйшыя прадзюсары, ведаюць механізмы пошуку фінансавання. Моладзі часцяком патрабуецца проста ўвага, мінімальная дапамога. Усё астатняе яна зробіць сама.