Дуэт саракагадовых без блюзу

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Ірэна КАТВІЦКАЯ, этна-спявачка, кампазітар, піяніст
Наша сумесная праца з лідарам і акардэаністам гурта “Port Mone” Аляксеем Варсобам пачалася некалькі гадоў таму і вырасла спачатку ў праект “New Image Orchestra”, потым ператварылася ў праект “Якдзень”, а цяпер — у “Агату”. Што з сябе ўяўляе апошняя фармацыя?

/i/content/pi/cult/537/11684/6-2.jpgПакуль гэта працэс пошуку ўласнага стылю і сваёй сістэмы вобразнасці, спалучэнне асобасных і творчых якасцей кожнага з удзельнікаў калектыву. Я магу з упэўненасцю сказаць: каб Аляксей граў на трубе, наш дуэт быў бы дуэтам голасу і трубы, грай ён на вібрафоне, ватэрфоне, эолавай арфе — усё роўна саюз адбыўся б.

У працэсе рэпетыцый мы сыходзім у іншую падпрастору, дзе і працуем над сваёй музыкай. Мы разумеем адзін аднаго ў ёй “матэматычна”, на ўзроўні музычнага мыслення, але часам, больш для забавы, чым па неабходнасці, скарыстоўваем у зносінах слова. І я ведаю, што Варсоба абсалютна дакладна перажывае тое ж самае, што і я, вібруючы з маім голасам. Калі Аляксей паказвае мне новую кампазіцыю, ён заўсёды здзіўляе, і я... усміхаюся. Узнікае такое радаснае, як у дзяцінстве, адчуванне. А ў звычайным жыцці, “у свеце”, хоць мы і сябры, але часта зусім па-рознаму думаем і ўспрымаем падзеі.

Як кажа Варсоба, унікальнасць і навізна нашага праекта заключаецца ва ўзаемадзеянні спецыфічных вакальнай і інструментальнай ліній. Вакальная — традыцыйная, рытуальная, якая захоўвае дыялекты, архаічныя лады і манеру. А інструментальная спалучае аўтарскі стыль выканання і прыёмы сучасных музычных кірункаў (неакласіку, авангард, неамiнiмалiзм).

Ультраархаiку і ультрасучаснасць у тандэме збліжаюць усвядомленае, уважлівае стаўленне да кожнага гуку, надзяленне асаблівай значнасцю саўнда і кантэксту, фарміраванне апошняга пры дапамозе нечаканых прыёмаў у гармоніі і аранжыроўцы. Акардэон і голас часта суіснуюць у розных танальных і рытмічных планах, што стварае поліфанію, надаючы вялікую самастойнасць 
партыям.

Фронтмэн гурта “Палац” Алег Хаменка, паслухаўшы нас на адным з фестываляў, сказаў, што “гэта ўвогуле — еўрапейскі праект, які ўвасабляе трэнд прынцыповага адыходу ад музыкі блюза (на ім трымаецца ўся сучасная рок- і поп-культура): тут няма ніводнага блюзавага акорда, ніводнай блюзавай ноты”.

І яшчэ “Агата” — гэта “жыццяпіс” двух саракагадовых людзей, іх сталасць і “цяпершчына”, у ёй нічога не выдумана. Кожная наша кампазіцыя — канкрэтная гісторыя і канкрэтныя пачуцці: запал, стомленасць, радасць і кураж. У аснову пакладзены рытуальныя напевы, старажытная магія, якая, я ў тым пераканана, спрацоўвае і ў нашы дні. У нейкім сэнсе мы — выпадковая пара, два розныя тыпы энергіі. Голас тут — як аўтахтонны пачатак дзікай і жывой прыроды. У гуках акардэона Аляксея суседнічаюць урбаністычныя матывы і халодныя касмічныя прасторы. Зараз пачуцці больш адкрытыя, чым у маладосці, больш ясныя, але хвалюе нас іншае, чым у 20-30 гадоў. Гэта значыць, наш ансамбль — усёпаглынальная любоў да гуку і нейкія цьмяныя здагадкі пра ўладкаванне быцця.

Дарэчы, гэта вы і зможаце пачуць, убачыць, адчуць у прэм’ернай праграме “Агаты” 16 чэрвеня ў Малой зале Белдзяржфілармоніі.

Фота Юрыя ІВАНОВА