Архіў сведкі біенале

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Нататкі медыятара Нацыянальнага павільёна Беларусі на 56 Венецыянскім біенале. Частка І
Найменшая колькасць — 13 чалавек у дзень. У першы ж — блізу трыццаці. Калі змянілася надвор’е і пайшлі дажджы, давялося перавесці дыханне з колькасцю ў, прыкладна, 20 наведванняў. Каб не забыцца на пэўныя цікавосткі і назіранні, запісвала на дыктафон. Прычым у першы ж дзень давялося ўзяць інтэрв’ю ў прыхільніка Венецыянскага біенале з дзесяцігадовым стажам… Дзесяць дзён у якасці медыятара праекта “Архіў сведкі вайны”, які прадстаўляе Беларусь на Венецыянскім біенале сёлета, — гэта дзесяць дзён найкаштоўнага досведу, што прачыніў мне дзверы ў свет аднаго з найстарэйшых форумаў сучаснага мастацтва ў свеце. Больш дакладна, ён дазволіў мне ўбачыць публіку гэтай падзеі — з блізкай дыстанцыі, як чалавеку, што знаходзіцца ўнутры праекта, і з ёй, публікай, мае стасункі кожны дзень.

/i/content/pi/cult/536/11652/8-2.jpg

Зварот

“Добры дзень! Гэта праект “Архіў сведкі вайны”, які прадстаўляе Беларусь на 56-м біенале. Перад вамі — архіў, заснаваны на фатаграфіях Першай сусветнай вайны. Ён складаецца з калекцый сямі беларускіх музеяў і адной прыватнай. Фота зроблены на Беларусі. Іх аўтары — непасрэдныя ўдзельнікі Першай сусветнай, вайскоўцы з расійскай і нямецкай армій”. Такія “ўводзіны” ў праект даводзілася паўтараць на дзень дзясяткі разоў. Сустрэча на ўваходзе, уручэнне сертыфікату “Архіва сведкі вайны”, прадстаўленне праекта. Дадаю: “Мы прапаноўваем паглядзець фатаграфіі архіва, выбраць з іх адну, якая закране вас асабіста, і пакінуць вашу рэакцыю на адмысловым бланку”.

На паперы — пазначаны фармат узаемадзеяння. Імя, электроны адрас, нумар абранай фатаграфіі, дата і варыянты: намалюйце вашы ўражанні, напішыце вашу рэакцыю. “А маляваць абавязкова?” — пытаюцца старанныя наведвальнікі. Шчыра кажучы, калі б адказвала “абавязкова” — малявалі б, відаць, амаль усе. Але я кажу: “Як вам зручна”. “А абавязкова пісаць па-англійску? (На гэтай мове кантактавала амаль з усёй публікай павільёна. — Д.А.)”, — перапытвае той ці іншы візіцёр. “Не абавязкова”, — кажу, але лаўлю сябе на думцы, што каб сказала “толькі так” — пісалі б.

Публіка

Ужо з першага дня пераконваешся ў тым, што Венецыянскае біенале невыпадкова мае 120-гадовую гісторыю. Ад 15 гадоў да 79, ад Аўстраліі да Канады — публіка ўсіх узростаў і нацый едзе ў Венецыю глядзець сучаснае мастацтва таму, што ім гэта цікава. Пакуль у шырокіх колах Беларусі толькі прызвычайваюцца да самога паняцця contemporary art, гледачы (art-seeings) з усяго свету не шкадуюць свайго часу і грошай, каб пакінуць іх тут — на венецыянскіх выспах.

Уласна, абмеркаванне нацыянальных павільёнаў тут накшталт абмеркавання доўгачаканай прэм’еры ў Канах. “Што вы скажаце пра павільён Арменіі?”, — пытаюцца ў мяне як у “свайго чалавека”. “Увесь час тут, — разводжу рукамі. — Мае рабочыя дні супадаюць з днямі працы асноўных пляцовак”. “Усё ж паспрабуйце вырвацца”, — шкадуюць мяне наведвальнікі, і, пакідаючы беларускі павільён, адзначаюць яго ў сваёй карце крыжыкам, птушачкай ці кружочкам як у спісе зробленых спраў: гэты праект прагледжаны.

“Нам не ўсё спадабалася ў Джардзіні (адна з асноўных пляцовак біенале. — Д.А.), — ахвотна дзеляцца са мной чарговыя наведвальніцы, чароўныя лэдзі за шэсцьдзясят з Бельгіі. “Але гэта нармальна, на нашу думку. Не ўсё павінна падабацца”, — мае актыўныя візіцёркі ўважліва разглядаюць фотаздымкі архіву, пакідаюць гісторыю да абранага фота і рушаць далей. У наступны палацца, дзе месціцца чыйсьці праект, і далей, каштуючы італьянскае марожанае ды спыняючыся на хвіліну, каб захаваць на фотаапараце дзівоснае святло Венецыянскага заліву.

Біенале — гэта рытм. Усведамленне апошняга прыходзіць адразу, калі адчыняеш дзверы павільёна. Людзі ідуць адзін за адным, парамі, паасобку, з цікавасцю ўнікаючы ў новы праект. І аддаўшы належнае, яны фланіруюць далей — каб паспець убачыць усё, каб за тэрмін свайго прабывання сабраць калекцыю ўражанняў ды даць ацэнку форуму.

Рэакцыя

“А чаму Першая сусветная вайна?” — не памятаю ўжо, колькі людзей задавалі мне гэта пытанне. “Гісторыя Першай сусветнай для нашай краіны мае шмат белых старонак, — адказваю, — гэта гісторыя, якую мы толькі пачынаем вывучаць. Па-сутнасці, перад вамі невядомы архіў, бо ў тыя часы нашы землі былі часткай Расійскай імперыі. Але мы — нашчадкі гэтага мінулага, якое ўплывае і на сённяшніх беларусаў”, — мае адказы не былі кароткімі. Хтосьці пытаецца зноў : “Але зараз вы незалежная краіна?”. “Так, — адзначаю я, — з 1991 года”.

Прызнацца, адчуўшы рытм біенале, унікнуўшы ў яго, стаўшы яго часткай, разумееш: часам проста неабходна ламаць такі спосаб існавання. Запавольваць рух, каб наведвальнік здолеў пераключыць увагу і занурыцца ў архіў. Каб ён пакінуў нечаканую гісторыю.

“Першая сусветная, — распавядаю я, — гэта і тая вайна, якая змяніла карту свету, пазначыла зрух цывілізацыі. Мы працуем з ёй і таму, што з яе пачынаецца гісторыя глабальных катастроф ХХ стагоддзя”, — мае візаві пагаджаюцца і пачынаюць больш пільна ўглядацца ў выявы ў адмыслова створаных папках.

Часам чым больш укладзеш у наведвальніка, тым больш ён аддае. Таму не спыняешся тлумачыць: “Праз вашы галасы, галасы сучаснікаў, і праз мінулае мы можам казаць і пра цяперашні час”, — галоўнае пасланне праекта многія ўпадабалі. “Архіў правакуе нас загаварыць, каб ператварыць простага гледача ў аўтара”.

“Дзіўная рэч, але гэтыя фатаграфіі нібыта нагадваюць сямейныя альбомы”, — трапна заўважае адна італьянка, гартаючы старонкі папак і заўважаючы яшчэ адну асаблівасць праекта. Я пацвярджаю разгорнутым спічам: “Менавіта! Бо яны зроблены ўдзельнікамі падзей, якія не разлічвалі на далейшае распаўсюджванне гэтых фота. Тэхніка не спрыяла хуткасці вырабу здымка, таму тут шмат статыкі, партрэтаў на фоне, у асяродку. Адначасова падобны дылентантызм вяртае сілу выяве, бо ён пазбаўлены візуальных штампаў, якія ўзніклі пазней, са з’яўленнем самога паняцця ваеннай журналістыкі”.

І падобныя дыскусіі прыводзяць да вынікаў. Людзі пачынаюць гаварыць. Марцін са Славакіі, да прыкладу, распавёў пра гісторыю сваёй краіны. Пачалі з Першай сусветнай, а потым дайшлі да сучаснасці: як выжываць “маленькім краінам”, будучы закладнікамі вялікіх дзяржаваў. Джузэпэ з Італіі зрабіў неверагодны малюнак фотаздымка, пакінуўшы пад ім подпіс “мой дзядуля”, распавёўшы такім чынам сваю персанальную гісторыю. Здавалася б, памятных урачыстасцей і падзей, звязаных з Першай сусветнай вайной, пачынаючы з мінулага года, у той жа Еўропе адбылося нямала. Але новы кантэст задае і новае прачытанне тэмы.

Дзве лэдзі з Іспаніі, прагледзеўшы значную колькасць фота, адмовіліся пісаць ці маляваць штосьці. “Выбачайце, але для нас гэта цяжка”, — патлумачылі яны, сышоўшы ў пэўнай скрусе. Але і гэта — таксама рэакцыя на праект. Ад сучаснікаў, якія, разглядаючы фотаздымкі Першай сусветнай, узнаўляюць падзеі не толькі стогадовага мінулага, але і раны больш блізкага часу, якія да гэтай пары не супакоіліся.

Асаблівасці нацыянальнага ўспрымання

І яны былі, тыя асаблівасці. Праект надзвычай прыйшоўся даспадобы шведам, амерыканцам, галандцам, тайваньцам. Асабліва прыязнымі да яго аказаліся наведвальнікі з Уэльса. Хэлен і Найджал з гэтай часткі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, напрыклад, правялі ў Архіве прыкладна паўтары гадзіны. “Мы вельмі задаволены, што нам пашчасціла паглядзець усё”, — падсумавалі яны свае ўражанні. Іх зямляк, які завітаў пазней, увогуле назваў беларускі праект “самым дзіўным на Біенале”, але “вельмі крутым”. Ды паабяцаў прыйсці яшчэ. Чаму? Можна прапанаваць розныя версіі. Адна з іх — фрагментарная ўключанасць пэўных краін у глабальную катастрофу. Скажам, Галандыя і Швецыя ў час Першай сусветнай захоўвалі нейтралітэт, і таму — такая цікавасць да краіны, якая на сваіх землях перажыла бежанства, ваенныя дзеянні, акупацыю.

Чулымі да ваеннай спадчыны Першай сусветнай аказаліся і маладыя людзі з ЗША. Адна амерыканская пара (прыкладна па дваццаць кожнаму з сужэнцаў) не пашкадавала паўтары гадзіны свайго часу, каб прагледзець усе альбомы і напісаць вялікую гісторыю. І гэта былі не банальныя словы, а развагі, якім чынам змяніла свет гэта вайна, прызвычаіўшы чалавецтва да масавых забойстваў.

Амерыканская журналістка Рыгз (яна жыве ў Францыі), адзначыўшы структуру архіва, гледзячы на вялізны постар з салдатамі, нечакана падзялілася: “Але ж гэта мужчыны развязваюць войны і забіваюць не толькі сябе, але сваіх жанчын і дзяцей, пакідаючы іх без прытулку. Ставячы на першае месца свае амбіцыі, яны прымушаюць пакутаваць свае і чужыя сем’і. Я не феміністка, але каб светам кіравалі жанчыны, войнаў было б значна менш. Бо я не бачыла жанчын, якія атрымліваюць задавальненне ад войнаў”.

Рыгз аказалася адкрытым субяседнікам, які шчыра выказвае свае меркаванні. І адно з іх мне гэтаксама ўрэзалася ў памяць. “Што значыць весці вайну на сваёй і чужой тэрыторыі? — разважала яна. — ЗША ніколі не былі ў першым становішчы, гэта заўжды была вайна “дзесьці там”. Бадай, выключэннем з’яўляецца 11 верасня 2001-га: уся Амерыка была ў шоку. Але гэта гісторыя мае сваю спецыфіку”. Што значыць быць у ролі таго, хто нападае? І таго, на каго нападаюць? Чаму вучаць войны? Архіў справакаваў Рыгз на такія пытанні.

А мяне — вывеў на наступную думку. Прызвычаіўшыся да сваіх трагедый, мы часам не здольны разабрацца ў тым, што з намі, насамрэч, адбылося. Мы памятаем пра нашы войны як пра тое, пра што належыць памятаць. Але кім мы сталі ў выніку гэтых велізарных катастроф у маштабе чалавецтва? Асэнсаваць тое, напэўна, яшчэ ў поўнай ступені нам не пад сілу.

Даведка “К”

6 мая на 56 Венецыянскім біенале адкрыўся Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. Яго прадстаўляе праект “Архіў сведкі вайны” на чале з куратарскай групай у складзе Аляксея Шынкарэнкі і Вольгі Рыбчынскай. Камісар павільёна — Наталля Шаранговіч. Праект, які ў верасні мінулага года прайшоў апрабацыю ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, рэалізоўваецца ў Венецыі ў два этапы. Першы ўключае ўзаемадзеянне з медыятарам праекта, які ўводзіць наведвальніка ў асяродак, прадстаўляючы архіў, збірае рэакцыі; другі — лічбавы, які базуецца на Інфармацыйнай сістэме, што, утрымліваючы ў сабе рэакцыі папярэдніх наведвальнікаў, прапаноўвае іншы рэжым інтэрактыўнай працы з гледачом. Выконваючы абавязкі медыятара праекта яшчэ ў версіі, рэалізаванай ў Мінску, аглядальнік “К” Дар’я Амяльковіч атрымала магчымасць працаваць ў Нацыянальным павільёне ў Венецыі на першым этапе ўвасаблення Архіва, збіраючы рэакцыі замежнай публікі. Сваім унікальным досведам яна і дзеліцца з чытачамі “К”.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"