Тэнар прыедзе…

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Брадвейская на віцебскай сцэне
Віцебскі глядач цягам апошніх сезонаў паспеў ужо засумаваць па добрай камедыі. І нарэшце яна з’явілася на Коласаўскай сцэне. Рэжысёр Міхась Краснабаеў абраў для новай пастаноўкі п’есу Кена Людзвіга “Шукаем тэнара”, колішні паспяховы дэбют вядомага сёння аўтара.

/i/content/pi/cult/535/11624/9-2.jpg

Дзея камедыі адбываецца ў Амерыцы 1930-х. У правінцыйным тэатры з гучнай назвай Кліўленд Гранд Опера ўсе рыхтуюцца да прыезду знакамітага італьянскага тэнара Ціта Мэрэлі. Усе яго супрацоўнікі знаходзяцца ў хвалюючым прадчуванні. Тым больш, што асістэнт дырэктара, сціплы і няўпэўнены ў сабе Макс, не знайшоў знакамітай зоркі ні ў цягніку, ні на пероне вакзала. Доўгачаканы Мэрэлі ўсё ж прыедзе ў Кліўленд, але перад самым канцэртам раптам... “зорка” спяваць не зможа...

Рэжысёр Міхась Краснабаеў стварыў лёгкую, забаўляльную камедыю, дзе на першым плане моцная, закручаная інтрыга з пераапрананнямі, “двайнікамі”, любоўнымі непаразуменнямі і іншай блытанінай. Разам з тым ён спрабуе давесці думку: сапраўднаму таленту часам не хапае ўпартасці, напорыстасці, добрага нахабства, каб яго заўважылі і, адпаведна, ацанілі. Творча апантанаму, але занадта сціпламу і заціснутаму Максу ў спектаклі супрацьпастаўлена на дзіва раскаваная ва ўсіх сэнсах Дыяна, якая спакусіла добрую палову мужчын кліўлендскай трупы. Яна не дасць промаху, каб дамагчыся свайго: трапіць на зорны Алімп. Праз гэты вобраз аўтару ўдалося паказаць заганы правінцыйнага закуліснага асяродку. Актрыса Наталля Саламаха-Конанава стварыла выдатны характар разбэшчанай, нахабнай і ўнутрана пустой істоты. Зрэшты, усе акцёры на вышыні, дакладна перадаюць сітуацыю і ствараюць яскравыя вобразы. Праўда, сам прынцып сцэнічнага існавання ў розных выканаўцаў крыху адрозніваецца. Раман Салаўёў у ролі Макса нідзе не пераходзіць мяжу меры і густу, дастаткова тонка і элегантна падае свой вобраз, ходкімі акцёрскімі прыёмамі карыстаецца асцярожна.

Юрась Цвірка ў ролі дырэктара працуе, як кажуць, на сваёй тэрыторыі, бо сам артыст — прыроджаны комік нават па тыпажы, таму ў асобных эпізодах ён фактычна “саліруе”, “вядзе” сцэну. Выканаўца карыстаецца адкрыта тэатральнымі прыёмамі, блізкімі да фарсу і нават буфанады. Разам з тым, акцёр з яго выбуховым тэмпераментам задае неабходны рытм спектаклю, сцэны з яго ўдзелам праходзяць дынамічна (у адпаведнасці з жанрам спектакля), пад несціханы смех глядзельнай залы, да таго ж — маладыя і менш вопытныя выканаўцы атрымліваюць добры імпульс. Зрэшты, тут ёсць што іграць! Гэты персанаж пры ўсёй знешняй праставатасці — хітры прайдзісвет, які ўмее прыстасоўвацца да розных абставін, недзе можа прагінацца, а недзе — паказваць сябе ўладаром, дэспатам.

Дакладна адпавядае жанру пастаноўкі Цімур Жусупаў у ролі Ціта Мэрэлі. Адчуваецца, як зала крыху расчараваная не вельмі атлетычнай постаццю выканаўцы, не надта падобнага таксама і да Павароцці альбо Каруза. Але паступова артыст пераконвае, што і такім можа быць славуты тэнар. Для гэтага трэба валодаць уласцівай яму энергіяй, сілай характару. Псіхалагічна дакладна перададзены ўнутраны стан героя ў другой дзеі, калі яго раптам прымаюць за вар’ята, пераапранутага ў касцюм Атэла. Быццам свет перакуліўся ў яго вачах, і ён доўга не можа ўцяміць, што ж адбываецца насамрэч. А колькі дасціпнага, бліскучага гумару ў сцэнах з Марыяй, якую нідзе не чакаюць, але яна абавязкова з’яўляецца! Актрыса Вікторыя Шамардзіна стварае цікавы характар раўнівай італьянкі з шалёным тэмпераментам, нястрымнай у праяўленні сваіх эмоцый.

Мяркую, што прыхільнікі таленту Святланы Акружной годна ацэняць і яе работу ў новым спектаклі. Яна сыграла невялічкую, але яскравую ролю старшыні опернай гільдыі Джуліі, заўзятай прыхільніцы славутай зоркі. Куды падзеліся паважнасць і самавітасць гранд-дамы? Яны здраджваюць ёй, калі яна размаўляе з быццам бы знакамітым артыстам. І… ператвараецца ў дакучлівую фанатку, захопленасць якой не ведае мяжы.

Спектакль завяршаецца на лірычнай ноце. Мэгі, каханая дзяўчына, паверыла ў незвычайныя здольнасці Макса і, відаць, упадабала яго. А недзе за імі, у вышыні, запальваецца зорнае неба. Яно заўсёды спрыяе маладым і закаханым.

На фота, прадастаўленым тэатрам: Раман Салаўёў (Макс) і Юрась Цвірка (Сондэрс) у спектаклі "Шукаем тэнара".

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа