Вольга Шкаруба. "Ля возера".
Вольга Шкаруба — пачатковец. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа імя Аляксея Глебава, у 2010-м годзе паступіла ў Акадэмію мастацтваў, дзе атрымала адукацыю па спецыяльнасці “Станковы жывапіс”.
Асноўную частку экспазіцыі склалі працы ў жанры пейзажу. Эксперымент для Вольгі Шкаруба зараз — аснова яе творчасці, гэтым і тлумачыцца разнапланавасць карцін. Пошук свайго стылю, спробы розных тэхнік робяць іх непадобнымі адзін да аднаго. У камерных эцюдах “Сонечны дзень”, “Восень”, “Дрэвы на заходзе”, “Пад аблокамі” вабіць жывы мазок і сакавітая палітра. Гледзячы на іх, адчуваецца хуткаплыннасць часу і зменлівы стан прыроды, якія тонка "злавіў" аўтар.
У процівагу ім — палотны з шматлікімі лесіроўкамі. У іх гучыць атмасфера таямнічасці і спакою. Амаль памежныя станы ў работах “Забытае”, “Вецер”, “Зімовы вечар”, калі ноч прыходзіць на змену дню, а наэлектрызаванае паветра вось-вось рассячэ першая кропля дажджу. Ёсць у гэтых карцінах нейкая меланхолія і невытлумачальна шчымлівае сэрцу пачуццё, якое прымушае спыніць погляд і занурыцца ва ўспаміны.
На выстаўцы прадстаўлена ўсяго некалькі прац з зімовымі краявідамі, аднак гэтая пара года — адна з найулюбёных у Вольгі Шкаруба. Аўтар кажа, што зімовае надвор’е найлепшым чынам дае магчымасць пагуляць з манахромнай палітрай. Пацверджаннем таму — работа “Люты”, дзе за кошт выразнай прамалёўкі дэталяў і моцных кантрастаў яна набывае амаль фатаграфічнае адлюстраванне рэчаіснасці. А вось палатно “Да ночы” нарадзілася са звычайнага эцюда. Ужо потым, працуючы ў майстэрні, разважаючы і пераасэнсоўваючы ўбачаннае, Вольга Шкаруба змяніла белую яскравасць снега на палева-жоўты колер, а мяккае карамельнае неба зрабіла чарнічна-чорным. Вынікам такіх трансфармацый карціна набыла амаль магнетычную прыцягальнасць.
Не кожны малады мастак, а тым больш студэнт, мае ў сваім арсенале такі запас работ. Работ па-сапраўднаму суцэльных, моцных, напісаных з перажываннем і любоўю. Першая персанальная выстаўка Вольгі Шкаруба — гэта смелы, упэўнены крок у вялікі свет мастацтва і, спадзяёмся, шчаслівы.