Проста ў паралель?

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Уладзімір ПАРФЯНОК, фатограф, супрацоўнік Цэнтра сучасных мастацтваў
З нагоды выставачнага праекта-дакумента “Мінск. Нонканфармізм 1980-х”, што завяршыўся днямі ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, хацеў бы выказаць некаторыя думкі.

/i/content/pi/cult/533/11569/5-4.jpgНапэўна, гісторыю беларускага фатаграфічнага нон-канфармізму трэба весці ад вялікай і рэзананснай выстаўкі “Пачатак” ў Доме кіно (сённяшнім Чырвоным касцёле) у 1988 годзе, калі яе ледзь не закрылі. А частка работ была забаронена да паказу кімсьці з аддзела прапаганды ЦК КПБ. Выстаўка аб’яднання “Правінцыя” і маладых фатографаў, якія далучыліся да яго, праходзіла на другім паверсе будынка таго ж Дома кіно. На першым — экспазіцыя “Беларускага клімату”, што ўражвала не менш: з бітымі лямпачкамі, пажоўклым лісцем, раскіданымі кавалачкамі дэфіцытнага тады цукру. І фотаздымкамі, зразумела. Дзесьці ў архівах у мяне павінны быць некалькі кадраў з “кліматычнага” паказу, трэба іх адшукаць... Па значэнні гэтыя выстаўкі для сучаснага беларускага мастацтва былі ні на ёту не меншыя, чым рэзанансныя паказы Русавай і братоў Кашкурэвічаў у тым жа годзе на тым жа месцы!

Прыгадваю яшчэ адну важную выстаўку “Правінцыі” на набярэжнай Свіслачы за ВДНГ пад час Свята горада, калі мастакі “выперлі” фатографаў з Купалаўскага парку: не дазволілі нам выстаўляцца. Адзін здымак Аляксандра Угляніцы трапіў на выстаўку аб нонканфармізме 1980-х, але гэта ўсяго толькі мой партрэт на фоне плаката з надпісам “Правінцыя”. Пагадзіцеся, ён мала што паведамляе пра саму падзею.

Вось яшчэ: прыгадваю скандальны выставачны праект “Беларускага клімату” ў Палацы культуры прафсаюзаў “Канец лета ў Месапатаміі” (дзесьці ў нетрах архіва зноў жа павінны захавацца негатывы). Ён таксама застаўся за бортам у арганізатараў выстаўкі ў Галерэі “Ў”. Як і шматлікія важныя персоны з нефармальнага фатаграфічнага асяроддзя... Калі напружыцца, то можна назваць і іншыя, не менш важныя, падзеі з жыцця нефармалаў і нонканфармістаў Мінска тых часоў (дарэчы, гэтым словам — нонканфармізм — тады ніхто не карыстаўся). Зноў жа — нестыкоўкі з відэа ў спадарожных мерапрыемствах: здымкі ж родам з 1990-х, а праект прысвечаны 1980-м...

З-за гэтых прабелаў праект выглядае абрывачным, нелагічным, без выбудаваных узаемасувязей і заканамернасцей. Які сэнс у паказе сырога праекта? Падвярстаць яго да нямецкага праекта аб нонканфармізме ў Германіі “Вялікія дыЛетанты”? Факт спарынг-праекта ў “Ў” з нямецкім ў Цэнтры сучасных мастацтваў (з яго прадуманасцю, дакладнай структурай, высокай тэхналагічнасцю экспазіцыі) ператварае нашу выстаўку ў набор малазвязаных малюнкаў з выпадковага архіва... На жаль, гэта відавочна...

Шмат хто кажа пра гэта ў кулуарах, але ніхто пры гэтым публічна аб промахах праекта не выказваецца. Па добрай беларускай традыцыі... Можа, час пачаць і пра недахопы казаць шчыра ды ў голас?!.

Фота Данііла ПАРНЮКА