Да Дзён культуры і...

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Васіль ЧЭРНІК, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь
З 6 па 8 мая ў Пекіне прайшлі Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Афіцыйную дэлегацыю нашай краіны ўзначальваў намеснік Міністра культуры Васіль Чэрнік. Па заведзеным парадку, калі праводзяцца аналагічныя Дні ў замежжы, наша Міністэрства культуры цікавіцца ў прымаючага боку, якую праграму ён хацеў бы бачыць. У прыватнасці, пажаданні можа выказаць амбасада канкрэтнай дзяржавы ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/533/11566/5-1.jpgУ дадзеным выпадку кітайскія сябры папрасілі, каб у склад нашай творчай дэлегацыі ўвайшлі калектыў, які выконвае народныя песні, і артысты, што прадстаўляюць опернае і балетнае мастацтва, — распавядае Васіль Мечыслававіч. — Усю трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета вывесці было б цяжка, таму прынялі рашэнне, што ў Днях культуры прымуць удзел Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята” і салісты Вялікага тэатра оперы і балета (спевакі Ніна Шарубіна і Павел Пятроў ды балетная пара Ігар Артамонаў і Яна Штангей). Оперную частку праграмы склалі арыі з “Травіяты” і “Сілы лёсу”, балетную — адажыа з “Лебядзінага возера” і па-дэ-дэ з “Дон Кіхота”.

Выбар сусветнага класічнага рэпертуару быў абумоўлены якраз пажаданнем гаспадароў. Выступы, якія сабралі аншлагі, праходзілі ў канцэртных залах “Beijing Concert Hall” (у дзень адкрыцця падзеі) і аднаго з універсітэтаў кітайскай сталіцы. У рамках Дзён адкрылася выстаўка графікі “Пэндзаль Дружбы” мастачкі Марыны Эльяшэвіч, якая складаецца з дзвюх серый: “Прысвячэнне паэзіі Якуба Коласа” і “Жаночыя партрэты “Срэбнае стагоддзе” (24 работы, выкананыя ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу тушшу па шоўку, паперы го-хуа. У гэтыя ж дні пачаліся і камерцыйныя выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, адкрылася выстаўка Нацыянальнага гістарычнага музея, прысвечаная Iосiфу Гашкевічу. Ёсць дамоўленасць, што да 70-годдзя разгрому Квантунскай арміі, якое будзе адзначацца ў Кітаі ў верасні, музей арганізуе яшчэ адну выстаўку — плаката, прысвечаную і гэтай падзеі, і 70-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Пакуль вызначаюцца дакладныя даты ў кастрычніку для правядзення Дзён культуры Кітая ў Беларусі. Пакуль дакладна вядома, што да нас прыедзе Пекінскі народны мастацкі тэатр, які хацеў бы паказаць свае пастаноўкі не толькі ў Мінску. У тыя ж тэрміны ў сталіцы пройдзе першае пасяджэнне камісіі па культуры Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве.

А са стварэннем культурных цэнтраў Беларусі ў Кітаі і Кітая ў Беларусі супрацоўніцтва краін у адпаведнай галіне стане яшчэ больш плённым і дынамічным. Так, кітайцы жадаюць, каб да іх прывозілі больш выставак, часцей прыязджалі народныя калектывы, майстры народнай творчасці. Ёсць “паіменныя замовы” на ансамблі “Харошкі” і “Белыя росы”, на маштабныя гастролі Вялікага тэатра. Мараць у Паднябеснай убачыць і нашу цыркавую праграму. Але складанасць заключаецца ў тым, што мінскі і гомельскі цыркі не маюць сталых труп. Праяўляюць нашы партнёры цікавасць да лялечнага тэатра. Абмяркоўвалі і правядзенне Дзён беларускага кіно. Дамовіліся, што мы прадставім спіс карцін, а тыя стужкі, якія будуць адабраны, забяспечаць субцітрамі. Магчыма, названыя падзеі зладзяцца налета. У будучыні і ў Беларусі плануюцца Дні кітайскага кіно.

Акрамя таго, у 2016-м у КНР мяркуецца правесці форум нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін ШАС. Беларусь не ўваходзіць у гэтую арганізацыю, але з’яўляецца яе партнёрам па дыялогу і ўжо атрымала афіцыйнае запрашэнне прыняць удзел у гэтым фестывалі.

А ў найбліжэйшых планах Міністэрства культуры правядзенне ў Беларусі дзён культуры Лаоса, Малдовы, Таджыкістана… Культурны ж узаемаабмен паміж намі і, да прыкладу, Літвой і Польшчай ажыццяўляецца ўжо доўгі час і не абмяжоўваецца нейкімі датамі: мерапрыемствы праходзяць цягам года. З найбліжэйшых адзначу Свята беларускай культуры, якое 30 — 31 мая пройдзе ў Польшчы. Беларускі бок там прадставяць ансамбль “Бяседа”, а таксама адзін з калектываў Гродна.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"