З усіх рамёстваў збяром “…Букет”?

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Пра тое, ці стане сайдынг традыцыяй, складанасці ў РДР і гатовыя паўмузея
З гэтага нумару "К" распачынае серыю гутарак са старшынямі творчых саюзаў краіны. Якія надзённыя пытанні хвалююць кіраўнікоў профільных суполак прафесіяналаў у сферах культуры і мастацтва? Пра гэта і будуць інтэрв'ю на старонках нашай газеты. Карэспандэнт “К” пагутарыла з доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, даследчыкам традыцыйных рамёстваў, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам САХУТАМ. Пад час размовы прагучалі і вострыя пытанні, што тычацца не толькі сферы матэрыяльнай спадчыны беларусаў. І пачалі мы з VII Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Вясновы букет”, які пройдзе 23 мая ў Мінску на тэрыторыі Лошыцкага парку.

/i/content/pi/cult/533/11563/12-1.jpg— Яўген Міхайлавіч, што новага можна чакаць сёлета ад мерапрыемства?

— Што да арганізацыі, дык тут наўрад ці знойдзецца штосьці прынцыпова новае. Таму што сродкаў выдзелена няшмат, толькі на тое, каб прыняць майстроў, якія прыедуць, і арганізаваць канцэртную праграму. А вось што цікавага можна ўбачыць, — пакуль ніхто нічога не ведае, бо ўсё залежыць ад творцаў. Бо кожны раз яны паказваюць цуд. Прымаць удзел будзе каля 400 майстроў. Чакаем з кожнай вобласці каля паўсотні чалавек. Прыязджае яшчэ больш, чым запрошана, і мы ўсім знаходзім месца ў парку. А замежныя госці таксама не падлічаны, бо прадаставіць жыллё мы не можам. Таму ўсіх, хто сам пагаджаецца вырашыць такое пытанне, — усіх рады бачыць.

— Ці добра прарэкламавана гэтае мерапрыемства? Ці шмат гараджан і гасцей сталіцы ведае аб тым, што яно будзе праходзіць?

— Пакуль што рэкламы не было ніякай. Да сёння (Гутарка адбылася ў панядзелак 11 мая. — А.С.) грошы яшчэ не выдзелены. Мы нават яшчэ дыпломаў не друкавалі.

— Не лічыце, што пазнавата неяк?

— Канешне, позна! Але што мы можам зрабіць, калі тыя ж афішы нам выдадуць добра калі ў апошні дзень. А бывае, што грошы паступаюць увогуле пасля свята. Таму прыйдуць тыя, хто ведае аб фестывалі, ці тыя, каму патэлефануюць з “месца дзеяння” і яны як хутчэй паклічуць сваіх сяброў.

— Ці папулярныя такія фэсты сярод насельніцтва?

— Людзей заўсёды бывае многа. Але сітуацыя агульнавядомая: большасць ходзіць, робіць вялікія вочы і разводзіць рукамі ад захаплення, а набыць — не мае магчымасці. Хаця насамрэч гэта грошы невялікія адносна коштаў гэтай работы, бо творы — сапраўды ўнікальныя і працаёмкія.

— А як наогул справы з самарэкламай у Саюза?

— Кепска. Бо рэклама патрабуе грошай, а іх няма. На вырабах пакідаем бірачкі, зарубачкі, праз якія ўказваем, што адносімся да Саюза майстроў.

— А можа, пытанне рэкламы ўпіраецца не толькі ў фінансы?

— Часамі наша папулярнасць і імідж дазваляюць нам абысціся і без гэтага. Тэлебачанне можа даць бясплатную сацыяльную рэкламу, газеты паспрыяюць. Хто можа, той і адгукаецца. І дзякуй ім за гэта.

— Чым цікавіцеся, акрамя работы? Чула, вы любіце фотаздымку…

— Навуковая дзейнасць — гэта захапленне. Як і фатаграфаванне. Балазе ў сферы апісання народнага мастацтва без фота не абысціся. А мець пры сабе фатографа — вельмі накладна ды нязручна. Скажам, учора я спецыяльна ездзіў на Маладзечаншчыну, шмат прайшоў па вёсках і паздымаў усё тое, што мне патрэбна. Ведаеце, я ніколі не думаю пра свой пашпартны ўзрост (Сёлета Яўген Міхайлавіч адзначыў 70-годдзе. — А.С.). Для мяне не праблема прайсці пехатой нават 15 кіламетраў!

— А што здымалі, калі не сакрэт?

— Не сакрэт: фатаграфаваў архітэктурны дэкор. Вёска наша на вачах знікае альбо карэнным чынам перабудоўваецца. І я спяшаюся зафіксаваць усё тое, што пакуль “занатаваць” магчыма.

— Гэта ўсё сапраўды будзе страчана?

— А вы зірніце, што робіцца хаця б вакол Мінска. Традыцыйнай вёскі ўжо няма! Жыллё ці парахнее разам з сыходам з жыцця сваіх гаспадароў, ці “мадэрнізуецца”, калі там хтосьці ўсё ж “кватаруе”. Перабудова ідзе карэнным чынам: пластыкавыя вокны, абшытыя сайдынгам сцены… З іншага боку, адраджэнне вёскі — дзяржаўная мэта. Шкада, але аграгарадкі будуюцца без уліку рэгіянальных і нацыянальных традыцый, па стандарце, што не мае дачынення да традыцыйнай архітэктуры.

— Вы выключна тэарэтык? Рамяство не спрабавалі асвоіць?

— Мая справа — навуковае асэнсаванне творчасці, метадычная дапамога майстрам, каб яны далёка не адыходзілі ад традыцый, асабліва калі яны жадаюць іх трымацца, перадаваць нашчадкам. І папулярызацыя іх творчасці праз публікацыі, кнігі, медыя. Мая задача ў тым, каб гэтая сфера нашай культуры развівалася, была вядомая і самім майстрам, носьбітам, і замежным гасцям, якія ведаюць, што ў Беларусі традыцыі яшчэ жывыя, у адрозненне ад той жа Заходняй Еўропы.

— Але ж “новаўвядзенні”, з якімі вы зараз змагаецеся, праз некалькі соцень гадоў таксама стануць традыцыямі?

— Маеце рацыю. У навуцы лічыцца так: калі нейкая з’ява перажывае больш чым тры пакаленні майстроў, яна фактычна становіцца традыцыяй. Хочам мы гэтага ці не. Скажам, не так даўно вучоныя не прызнавалі паліхромную гладзевую вышыўку. Шторы, парцьеры, накідкі, якія вышываліся яркімі паліхромнымі букетамі, — з’ява нетрадыцыйная. Спрадвечная вышыўка ў нас ромба-геаметрычная, чырвоная на белым фоне, дзе кожны элемент мае свой сэнс. Але на пачатку ХХ стагоддзя яна стала адыходзіць у нябыт. Народныя майстры пачалі кіравацца іншымі меркаваннямі: каб весялей было, каб прыгажэй… Навукоўцы гэта не прызнавалі, а майстрыхі, у сваю чаргу, вышывалі так, як ім падабалася. Засталося і вучоным прызнаць: тое, што жыве амаль стагоддзе, будзе існаваць і далей.

— Хто ж такі беларускі майстар народнай творчасці?

— Сярод іх ёсць тыя, хто мае званне “народны майстар Беларусі”. Такі статус афіцыйна прысвойваецца тым, хто трымаецца традыцый і хто даўно ды паспяхова займаецца сваёй справай. Сёння такіх майстроў у нас — роўна сто чалавек. Мы вельмі ашчадна ды скрупулёзна падыходзім да прысваення статусу. Гэта наша эліта. А што да спробы агульнага партрэта… Гэта вельмі актыўны чалавек, які валодае тэхналогіяй традыцыйнага рамяства (іначай у Саюз яны б не трапілі). А далей, пасля атрымання сяброўства ў арганізацыі, кожны пераследуе розныя мэты: адны хочуць рэалізоўваць свае творы, а іншыя проста жадаюць творчых кантактаў з калегамі і працы для душы. Урэшце, выстаўкі, фестывалі, конкурсы — магчымасцей шмат.

— Чым беларуская матэрыяльная і нематэрыяльная традыцыйная культура адрозніваюцца ад аналагічных сфер у суседзяў? Чым яна адметная ў міжнароднай прасторы наогул?

— За ўсю культуру адказаць не магу. Але наша прадметная народна-мастацкая творчасць вылучаецца тым, што ў нас, у адрозненне ад суседзяў, вельмі добра захаваліся старажытныя праславянскія карані ў культуры. На Беларусі існуюць некаторыя праявы ледзь не тысячагадовай даўніны. І ў вышыўцы, і ў разьбярстве, і ў ганчарстве: кажу пра формы, вырабы, асартымент. Мы можам смела ганарыцца тым, што валодаем, тым, што не атрымалася захаваць у нашых заходнееўрапейскіх суседзяў.

— Які від традыцыйнага рамяства зараз знаходзіцца не ў самым лепшым стане і за які, наадварот, хвалявацца не трэба?

— Калі казаць пра традыцыйныя віды мастацкіх рамёстваў, якія адроджаны сёння наноў ці працягваюць сваё існаванне, то практычна ўсе яны досыць актыўна развіваюцца. А мы, члены Саюза майстроў народнай творчасці, у сваю чаргу, спрыяем развіццю, надаём ім імпульс. Скажам, у 1970 — 1980-я ў нас фактычна не было кавальства, я заспеў апошніх майстроў. А сёння мастацкае кавальства з’яўляецца адным з найпапулярнейшых відаў рамяства, дзякуючы актыўнаму сядзібнаму і катэджнаму будаўніцтву, дзе вырабы кавалёў карыстаюцца попытам. Ткацтва, калісьці самы папулярны від рамяства, развіваецца менш, бо сам напрамак даволі спецыфічны. Але тыя ж паясы — папулярныя, кожнаму фальклорнаму калектыву яны патрэбны. І ганчарства развіваецца, але таксама не надта хутка. Адзінкавыя ў рэгіёнах ганчары, але ж яны займаюцца рамяством і напаўняюць наш рынак хоць гліняным посудам, хоць цацкамі-свістулькамі. Больш праблематычны стан спраў у выцінанцы: адзін з найпапулярных відаў народнага мастацтва быў забыты, а зараз — адроджаны. Рынак спажывецкі ў нас тут раскручаны слаба, у той жа Польшчы выцінанкі карыстаюцца поспехам, а ў нас грамадскасць яшчэ не дайшла да гэтага разумення. Таму майстрых-выцінаншчыц мы падтрымліваем конкурсамі і святамі. Лозапляценне папулярнае, асабліва на мастацкім узроўні. Ужо не столькі кошыкі майстры плятуць, хаця і яны патрэбныя, колькі лазовую мэблю, выплятаюць цэлыя гарнітуры. Таму які від рамяства мастацкага і утылітарна-мастацкага не возьмеш, то пабачыш, што ён развіваецца.

— Ці задаволены вы цяперашнім станам дамоў рамёстваў у раёнах?

— Тут сітуацыя складаная… Дамоў рамёстваў у нас сёння каля сотні, што, безумоўна, добра. Гэта новая форма арганізацыі, перадачы і пераемнасці традыцый. Раней такія функцыі ўскладаліся на сям’ю, зараз у дапамогу ўзніклі дамы і цэнтры рамёстваў. Цудоўна, што ў гэтых установах займаюцца і моладзь, і дзеці, бо пакуль маладым гэта цікава, традыцыі будуць жыць. Іншая справа, што названыя ўстановы сёння знаходзяцца ў вельмі складаных умовах. Узяць хаця б фінансавыя паказчыкі, якія даводзяцца ім, — платныя паслугі. Асноўная задача дома рамёстваў — вучыць мясцовым традыцыям. А на рынку такія вырабы далёка не заўсёды маюць попыт. Рынак часам патрабуе таго, што наша душа нават не прымае, асабліва калі ўлічыць засілле капеечнай кітайскай прадукцыі. Кітайцы ж могуць усё: і салому нашу пераняць, і гліну рабіць. І гэта будзе танней. Рынак можа патрабаваць і антымастацкіх вырабаў. Дык што застаецца майстрам у Дамах рамёстваў? Паглядзіце, што зараз робіцца ў той жа вышыўцы. Дзеткі вышываюць карцінкі з часопісаў ці мультфільмаў...

— Наколькі складана апынуцца ў Саюзе майстроў народнай творчасці?

— Складанасць заключаецца ў тым, што прэтэндэнт павінен прытрымлівацца традыцый. Гэта адзінае патрабаванне. Наша праўленне калегіяльна займаецца адборам кандыдатаў. Нават бывае, што ў чалавека не дастаткова высокае майстэрства, але традыцыі — адчувальныя. Мы тады бяром яго з тым разлікам, што станем чалавека падцягваць. Таксама раз-пораз Саюз робіць і “чысткі”.

— Якія прывілеі дае знаходжанне ў Саюзе?

— Матэрыяльных — ніякіх. Творчыя саюзы сёння заканадаўча знаходзяцца ў адным шэрагу з усімі грамадскімі аб’яднаннямі: сабакаводамі, філатэлістамі... Але ўскосна ёсць пэўныя прэферэнцыі. Скажам, мы атрымліваем інфармацыю ад тых, хто хоча бачыць нашых майстроў у сябе на свяце. Бо вядома: Саюз абы-каго не дашле. (Вось расіяне, дарэчы, прызнаюць, што народнае мастацтва, якім яны вельмі ганарыліся, пастаўлена ўжо на прамысловы паток.) А ў нашых майстроў рукі растуць адкуль трэба! Заўсёды насустрач нам ідуць і ўлады. Скажам, зараз у горадзе прайшоў вялікі кірмаш на 9 Мая, будзе, як заўсёды, гандаль і ў верасні — на адной з пляцовак Дня горада. Вакол Ратушы па выхадных цяпер кірмашы стануць пастаяннымі на працягу вяснова-восеньскага сезону. Дык вось, нашым майстрам арганізатары даюць бясплатную магчымасць гандляваць.

— Вельмі востра стаіць пытанне аб майстэрнях?

— Прадастаўляць майстэрні саюз не мае магчымасцей, але некаторую дапамогу ў пошуку аказвае.

— Дапамогі з боку мецэнатаў і прыватных асоб Саюз не атрымлівае?

— Не, але мы віталі б гэта. Пакуль такія людзі не знаходзіліся.

— Традыцыйнае маё пытанне да майстроў “Ці здольныя яны карміць сям’ю сваёй творчасцю?” заўсёды сустракаюць з іранічнай усмешкай…

— Ну, можа, вам такія майстры сустракаліся! Ёсць тыя, хто жыве толькі за кошт сваёй дзейнасці, не сумяшчаючы яе ні з чым іншым. Такіх людзей мала, але яны ёсць. Калі браць заходнееўрапейскі вопыт, дык і там справы прыкладна такія ж. У Японіі, напрыклад, майстар — гэта нацыянальны здабытак. У нас жа можна мець толькі статус. І вось 22 гады сярод іншых пытанняў Саюза я ўздымаю наступнае: маючы такія шыкоўныя набыткі традыцыйнай нацыянальнай культуры, мы не можам іх нікому паказаць. Прыязджае замежны госць з жаданнем пазнаёміцца з аўтэнтыкай — нацыянальным гонарам, а запрасіць яго няма куды. Мы — ці не адзіная краіна ў Еўропе, што захавала гэтую культуру, і пры тым ледзь не адзіная, якая не мае музея традыцыйных народных рамёстваў...

— Магчыма, дапаможа наступны год, які прапануюць абвясціць Годам культуры… Гэта было б цудоўнай нагодай.

— Дык і нешта вялікае нам пакуль не трэба. Утульны з дастатковай умяшчальнасцю музей, які б меў некалькі залаў, каб паказаць традыцыі і сучасны ўзровень рамяства. Дарэчы за гэты перыяд у фондах Саюза сабраліся шматтысячныя калекцыі. Паўмузея мы гатовыя забяспечыць і перадаць дзяржаве хоць заўтра!

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст