Не забыць пра тых хлопцаў... І пра абкам таксама

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Падвоеныя пласты памяці ў Спораве на Бярозаўшчыне
Артыкул пра канфлікт, які адбыўся ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна, мы наўмысна вырашылі вынесці “за часавыя рамкі” святкавання 70-годдзя Перамогі. Не хацелася б выкарыстоўваць такую дату ў якасці інфармацыйнай нагоды для расповеду пра бадай трагікамічныя непаразуменні сярод аднадумцаў. Тым не меней, сам жыццёвы сюжэт атрымаўся даволі павучальным. Як выяўляецца, ушанаванню памяці загінулых нам яшчэ трэба вучыцца і вучыцца. Як, зрэшты, і ўменню чуць ды разумець жывых. Прычым гэта тычыцца, у тым ліку, і аднадумцаў...

/i/content/pi/cult/533/11562/4-1.jpg

Метадыст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Вольга Лаўрэнчук звярнулася да “К” з просьбай разабрацца — спраўдзіць альбо зняпраўдзіць факт вандалізму, які, на думку некаторых СМІ, адбыўся ў Спораве. Справіцца з задачай было не надта складана, але... праблема ж куды глыбейшая.

Прэамбула

Адным цудоўным вечарам адзін цэнтральны тэлеканал у прайм-тайм паведаміў: “У жыхароў вёскі Спорава новае месца памяці — смеццевая звалка. Менавіта тут цяпер знаходзіцца абеліск у гонар загінулых салдат”. Разламаная стэла, ветэран у пілотцы, які ледзь стрымлівае слёзы, стыхійны мітынг вяскоўцаў, якія патрабуюць абараніць памяць… І відэашэраг, і фармулёўкі цэлілі проста “ў яблычак”. Урэшце, кантрольны “стрэл у галаву” — аўтарка сюжэта дапускае, што абеліск знеслі, каб вызваліць тэрыторыю для прыватнай забудовы.

Далей, як водзіцца ў тутэйшай медыяпрасторы, — пайшло-паехала... Рэрайтары з адной брэсцкай газеты паведамілі літаральна наступнае: “Для многіх гэты абеліск, устаноўлены ў гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны салдат, быў больш, чым проста памяць пра вайну. Ён увасабляў мужнасць і гераізм савецкіх воінаў”.

Месца подзвігу альбо памятны знак?

У тэлесюжэце знесены абеліск называюць “сімвалам гераічнага подзвігу” і “помнікам абаронцам Айчыны”. Але калі верыць дакументам і фотафіксацыі, насамрэч гэты тыповы ўзор савецкай манументалістыкі ўтрымліваў мемарыяльную дошку з наступным зместам: “Тут, у раёне в. Спорава, з вясны 1943 г. па ліпень 1944 г. базіраваўся Брэсцкі падпольны абкам КПБ(б). Сакратар — С.І. Сікорскі”. І ні слова пра загінулых салдат... Ды і каардынаты, як бачым, пададзены даволі ўмоўна.

І сапраўды, абкам знаходзіўся не тое, каб непасрэдна “тут”, а ў навакольных лясах — ва ўрочышчы Хаваншчына цяперашняга Івацэвіцкага раёна. Дзякуючы гэтай акалічнасці, роля “руководящей и направляющей” (дарэчы, у дадзеным выпадку і сапраўды значная) была ўвекавечаная неаднаразова — і ў самім урошычшы, і ў Спораве, і ў суседніх вёсках...

— Напярэдадні 20-годдзя Перамогі было вырашана ўшанаваць дзейнасць гэтага абкаму, усталяваўшы ў яго гонар мемарыяльную дошку ў тагачасным цэнтры вёскі, — распавядае старшыня Спораўскай ветэранскай арганізацыі Іван Чайчыц. — Але, пэўна, ніхто з жыхароў не пагадзіўся, каб шыльда была прышрубаваная да сцяны яго дома, таму для яе і стварылі гэтую невялічкую тумбу.

За паўстагоддзя той памятны знак паспеў добра адрузнуць, ды і само ягонае размяшчэнне падавалася мясцовым уладам не самым удалым — тут і скрыжаванне, і не надта прывабны антураж у выглядзе старога плота… І вось, сёлета было прынята рашэнне дэмантаваць абеліск, зрабіць новую памятную шыльду з такім самым тэкстам і ўсталяваць яе ўжо ў цяперашнім цэнтры вёскі — акурат ля ўваходу ў Цэнтр культуры і адпачынку. Што, уласна, без асаблівых ваганняў і зрабілі. Як падаецца, і без асаблівых эмоцый...

Я вось таксама з гэтай нагоды не праслязіўся. Прыбралі — і прыбралі, замянілі — і замянілі...

“Хутка свята 9 Мая — а кветкі несці няма куды” — абураецца журналістка тэлеканала. Дзіўная выснова. Пабыўшы ў вёсцы, вельмі цяжка не заўважыць сапраўдную брацкую магілу з вялікім і свежапафарбавым помнікам. Мемарыял з савецкай сімволікай апынуўся на падворку нядаўна збудаванай царквы, але ў дадзеным выпадку такое суседства ніяк не шкодзіць успрыняццю — наадварот, нібы прымірае пакаленні... Напярэдадні юбілею давялося заспець шкаляроў, што шчыравалі над клумбамі разам са сваёй настаўніцай.

Карацей, тут з памяццю, відавочна, усё ў парадку — стараннямі спораўцаў! Тое самае можна сказаць і пра вядомы мемарыял “Здзітаўская абарона”, які таксама ў сферы кампетэнцыі тутэйшага сельвыканкама.

Адпаведна, калі ягоны старшыня Аляксандр Мартысевіч пачаў запэўніваць мяне ў тым, што справа ўшанавання памяці ніколі не застаецца па-за ўвагай уладаў “на месцы”, я не знайшоў падстаў у гэтым усумніцца. Урэшце, ён прывёў і такі аргумент: не так даўно ўдалося выявіць яшчэ некалькі прозвішчаў спораўцаў, што загінулі ў той вайне, і яны з дапамогай адмысловай стужкі былі “дададзеныя” да пераліку пахаваных у брацкай магіле. І гэты прыклад, дарэчы, варты пераймання...

Зразумела, абвінавачванні ў вандалізме — ды яшчэ і на ўсю краіну — былі старшыні сельвыканкаму як нож па горле...

Забытая... шыльда

У гэтай сітуацыі ў мяне засталося толькі адно пытанне: чаму ж тады пратэставалі мясцовыя жыхары? “Зрэжысіраваць” спантанны мітынг тэлевізійшчыкі наўрад ці б здолелі, і я пайшоў шукаць адказ па вуліцах Спорава.

— Безумоўна, тут ёсць і мая віна, — гэта першыя словы, якія я пачуў ад Аляксандра Мартысевіча. — Мне трэба было надаць больш увагі тлумачэнню нашых захадаў жахарам вёскі. Не проста ў раёнцы змясціць інфармацыю, але літаральна з кожным сустрэцца, абмеркаваць… Аднак пра тое я не падумаў. Адсюль і непаразуменні.

Адной з прычын канфлікта старшыня бачыць таксама і даўнія непаразуменні, што ўзніклі паміж мясцовымі жыхарамі і прадпрымальнікам, які ўзяў у арэнду частку возера. Зразумела ж, жыхары вёскі ўспрынялі ў штыкі ягоныя пасягальніцтвы на свае “спрадвечныя правы” ў плане рыбалкі.

— Тэхніка была занятая на палях, і я папрасіў арандатара дапамагчы з дэмантажом стэлы, — кажа старшыня сельвыканкама. — Як цяпер разумею, гэта таксама — мая памылка...

Але, усё ж, справа не толькі ў гэтым. Праблемы тут значна глыбейшыя.

Як выявілася, тое месца, дзе быў усталяваны абеліск, — гэта, усё ж, не проста месца, адвольна выбранае паўстагоддзя таму нейкім даўно забытым дробным чыноўнікам. Месца — знакавае. Яшчэ ў часы вайны там і сапраўды былі пахаваныя трое партызанскіх разведчыкаў. Прычым менавіта тутэйшыя хлопцы...

І вось такі парадокс: змест той шыльды (а яе спораўцы, можна меркаваць, бачылі літаральна штодня) ніхто з маіх суразмоўцаў сярод “паспалітых жыхароў” не здолеў згадаць больш-менш дакладна. Але падзеі, якія здарыліся ў той час, калі глухі спораўскі край быў суцэльнай партызанскай зонай, зафіксаваны ў памяці вяскоўцаў і сапраўды навечна.

— Гэта пры мне было — здаецца, у сорак другім... Мы не бачылі, але толькі чулі выбухі з боку пераправы ў Здзітаве, — распавядае сведка падзей Сяргей Шындзіч, які быў мабілізаваны ўжо па вызваленні Беларусі і здолеў убачыць на ўласныя вочы бункер Гітлера. — Як выявілася, аднаго хлопца — Жэню Макарэвіча з Хомска — цяжка параніла, і ён памёр праз нейкі час у атрадзе. А траіх — адразу… Мы іх прывезлі сюды, самі зрабілі труны і тут пахавалі — у цэнтры нашай амаль знічтожанай вёскі.

Вёску, дарэчы, бамбілі! Вёску! У глыбокім тыле! Не могучы адужаць партызанскі рух, немцы былі змушаныя адцягваць з фронту звышкаштоўныя авіязлучэнні. Вось такі штрых у гісторыі Спорава — у дадатак да ўсім вядомых полькі і 
гумару...

У грунтоўным банку даных воінскіх пахаванняў, які стварыла адмысловае упраўленне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, гэтае месца не значыцца. Што і нядзіўна: як распавёў Іван Чайчыц, ужо па вайне парэшткі разведчыкаў былі эксгумаваны і перанесеныя ў агульную брацкую магілу. Неўзабаве і цэнтр вёскі змясціўся з таго скрыжавання. Але ва ўяўленні жыхароў тое месца ўсё адно мела асаблівае значэнне.

— Памятаю гэты помнік яшчэ са школьных часоў, — распавядае дырэктар Спораўскага цэнтра культуры і адпачынку Ніна Пашкевіч. — У Дзень Перамогі святочнае шэсце заўсёды там спынялася для ўскладання кветак, выстаўлялі і ганаровы каравул… Я і сама ў ім стаяла, калі была піянеркай. Прызнаюся, мы не надта і ўчытваліся ў тую шыльду на помніку, але месца для нас усё адно было знакавым.

/i/content/pi/cult/533/11562/4-2.jpg

Спусцелае скрыжаванне

І тут нічога дзіўнага няма. Паводле ўспамінаў жыхароў, з гэтым скрыжаваннем звязаны многія падзеі жыцця вёскі — ад вячорак з той самай полькай да партызанскіх маёвак. І вось... сёння яно выглядае пуставатым. Той лапік, на якім стаяў памятны знак, знаходзіцца па-за прыватным парканам, і нічога яму не пагражае, 
але...

Патрабаванне вярнуць месца памяці прагучала ў тэлесюжэце, гучыць яно і сёння з вуснаў вяскоўцаў. Аляксандр Мартысевіч — прынцыпова за. Паводле яго слоў, нават старую стэлу было вырашана захаваць, і цяпер яна ўжо не на звалцы. Але ўсталёўваць тую тумбу назад ён лічыць немэтазгодным: а раптам паваліцца пад колы якой машыны? Замест гэтага, узнікла ідэя зрабіць новы мемарыяльны знак, гранітны, сучасны і прыгожы. Праект мне ўжо прадэманстравалі, але для яго ўвасаблення не стае трыццаці мільёнаў рублёў, а ўзяць іх няма адкуль...

Сумняюся, што ў дадзеным выпадку я маю права даваць парады, але... Як па мне, на тым скрыжаванні вельмі дарэчна выглядаў бы звычайны крыж, як тое і было заведзена ў нашых вёсках за стагоддзі да з’яўлення абкамаў. А побач — інфармацыйны шчыт, дзе было б напісана і пра вячоркі з полькай, і пра знішчаную нямецкімі бомбамі царкву, і пра хлопцаў-разведчыкаў, і пра Сяргея Шындзіча... Ну, і пра абкам таксама.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"