Дарагія сябры!

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Сардэчна віншую вас з Міжнародным днём музеяў.
Гэта свята людзей, якія абралі ў жыцці высокую місію быць захавальнікамі найвялікшага скарбу — культурнай і гістарычнай спадчыны, якую пакінулі нам продкі. Музей — тая мясціна, дзе кожны дзень ажыццяўляецца жывая повязь часоў і пакаленняў, дзе будучыня сустракаецца з мінуўшчынай.

/i/content/pi/cult/533/11561/3-1.jpgУ сучасным свеце роля музеяў з’яўляецца вельмі важнай. Захаванне і прадстаўленне музейнымі сродкамі гісторыі і культуры сваёй Бацькаўшчыны яднае грамадства, дае магчымасць паказаць багацце і прыгажосць сваёй зямлі ўсяму свету. Музеі з’яўляюцца важным фактарам развіцця сучаснага грамадства і адным са сродкаў наладжвання плённага міжнароднага дыялогу. Яны адыгрываюць значную ролю ў выхаванні моладзі праз далучанасць да нацыянальнай культуры, фарміруючы духоўны свет чалавека, яго жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю.

На Беларусі нават у самыя цяжкія часы людзі разумелі, як важна захаваць не толькі матэрыяльныя даброты, але і духоўны скарб, назапашаны продкамі, каб у свой час перадаць яго нашчадкам. Сёння беларускія музеі годна прадстаўляюць нашу краіну ў свеце. І кожны з музеяў захоўвае сваю частку ўнікальнага багацця культуры Беларусі.

Гэта стала магчымым дзякуючы руплівай і адданай працы, таленту і творчаму ўздыму музейных супрацоўнікаў. Беларускае грамадства і дзяржава падтрымліваюць музейных работнікаў у іх справе, робяць усё магчымае для стварэння спрыяльных умоў далейшага развіцця і ўдасканалення музейнай справы.

Мы чакаем ад вас, паважаныя захавальнікі гісторыі і культуры, сумленнага служэння Айчыне, вернасці абранай справе, дапамогі ў выхаванні маладых пакаленняў. Упэўнены, што вы годна выканаеце сваю пачэсную місію.

Жадаю натхнення, творчых поспехаў, знаходак і адкрыццяў, шчасця, здароўя і дабрабыту.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ