(Працяг. Пачатак у №№ 13, 16, 18.)
Галоўная тэма — харчовы крызіс. Перастаў выходзіць статыстычны штогадовік “Народная гаспадарка СССР”, бо лічбы аказаліся бязрадаснымі. Народ адрэагаваў жартам: “Статыстыка, як жанчына: цікава, што яна паказвае, але яшчэ больш цікава, што яна прыхоўвае”.
СМІ штовосень суцяшалі народ, што ў ніколі нікім не бачаныя міфічныя “закрома родины” сёлета засыпана зерня на 9,3% больш, чым летась. Хто-ніхто здагадваўся гэтыя штогадовыя працэнты прыросту скласці…
Больш за ўсё анекдотаў існавала ў форме дыялогаў. Напрыклад такі:
“Пакупнік і прадавец.
— Скажыце, у вас няма мяса?
— У нас няма рыбы, мяса няма ў краме насупраць”.
Тэма харчовага недахопу была ў анекдотах пра ўсіх народаў СССР.
“Ідзе адэсіт па Маскве, аглядае шыльды крам, зайздросціць:
— Як у Маскве добра гучыць: “Мосхліб”, “Мосмьяса”, “Мосріба”! А то ў нас, у Адэсе: “Одэхліб”? “Одэмьяса”? “Одэріба”?.. То я вжэ нэ кажу пра Хэрсон!”
Партапарат, што са сталінскіх часоў не пярэчыў вярхам, знайшоў выйсце: прыпіскі! Аднымі і тымі ж тонамі, скажам, масла рабіла справаздачу адна вобласць, затым тыя ж меры “перакупала” суседняя — і таксама справаздача выглядала паспяхова! Анекдоты ў форме дыялога нагадвалі ці то творы слуцкіх вострасловаў, ці то незарыфмаваныя жарты Ларывона-мухі.
“— Колькі ваш калгас надойвае малака?
— Пяць з паловай тон.
— А колькі здаяцё дзяржаве?
— Восем і тры дзясятыя тоны”.
Ва ўстановах стэнды ўпрыгожвалі графікі ды дыяграмы росту надояў і ўраджайнасці, але з паліц крам зніклі паступова нават заляжалыя плаўленыя сыркі.
“— Скажыце, што было раней: яйка ці кура?
— Раней было ўсё”.
Увосень 63-га хлебазаводы скасоўвалі выпечку батонаў і булак, зачыняліся кандытарскія цэхі. Белы хлеб выдавалі хворым і дашкалятам па даведках, заверанных пячаткамі. ЖЭСы вылучалі квіткі-талоны — я іх захоўваю для гісторыі! — на бялізну, мыла, крупы, масла… Ды літаральна на ўсё! Улады гэта ўвёртліва назвалі “часовымі цяжкасцямі”. Народ імгненна адрэагаваў афарызмам: “У СССР няма нічога больш вечнага, чым часовыя цяжкасці”.
Над вялікай краінай навісла пагроза татальнай картачнай сістэмы.
Пасля візіта ў ЗША Хрушчоў рашыў: выратаванне — гэта кукуруза!
І зарыпелі пёркамі пісьменнікі! Нават беларускі класік на схіле дзён выдаў: “Кукуруза — гэта сала, кукуруза — малако! Кукуруза-кукурузка, усім жывёлам ты закуска!”
Кінематаграфісты тэрмінова выдалі таленавітую мультыплікацыйную агітку “Чудесница”. Газеты, кіначасопісы поўніліся матэрыяламі пра цуд-культуру, якая… тады ў нас чамусьці не жадала выспяваць. Віцебшчына — не штат Аёва!
Каб задобрыць Хрушчова, падхалімы выстройвалі ўздоўж яго маршрута сценку з рослай кукурузы, якую вырасцілі ў гаршках. А па-за ёю: “Кукуруза — па шыю… калі ўстаць уніз галавой”.
Народу заставалася адно: жартаваць:
“— Дагонім Амерыку па вытворчасці малака і мяса!
— А калі дагонім, можна будзе там застацца?”
Можа, людзі цярпелі б і надалей, але крыўдзілі весткі, што СССР дапамагае харчаваннем, прамысловымі вырабамі і валютай краінам, якія і на мапе не адразу знойдзеш: варта было іх кіраўнікам заявіць, што там маюць намер будаваць камунізм. Тая краіна адразу ж станавілася “брацкай”, а Савецкі Саюз — яе валютным донарам. Скажам, СССР “задарма” пабудаваў на Ніле Асуанскую плаціну, а лідара Егіпта Насэра, які быццам збіраўся ўсталяваць нейкае падабенства камунізму, уганараваў высокай узнагародай. Каштоўны падарунак у выглядзе плаціны, узнагарода не перашкодзілі Насэру з часам перастраляць у сябе камуністаў.
Фота Юрыя ІВАНОВА