І боль, і горыч, і пяшчота, і надзея...

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Напярэдадні свята Перамогі ў публічнай бібліятэцы гарадскога пасёлка Радашковічы сабраліся людзі розных прафесій, аб’яднаныя агульным болем — іх дзяцінства было абпалена вайной. Музычны вечар памяці “Песні ваенных гадоў” быў падрыхтаваны супрацоўнікамі бібліятэкі з клопатам і цеплынёй. Творчую дапамогу аказалі супрацоўнікі Радашковіцкай школы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/532/11548/11-1.jpg

Песні ў дні Вялікай Айчыннай дапамагалі пераадольваць цяжкасці франтавога жыцця і распаўсюджваліся з вуснаў у вусны, нярэдка пранікаючы ў тыл ворага. Творчасць кампазітараў-песеннікаў ў ваенныя гады — адна з выбітных старонак нашай музыкі. Бібліятэкары гарталі старонкі гісторыі, расказаўшы пра тое, што многія з песень ваенных гадоў маюць выдатныя біяграфіі.

Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся і з выстаўкай, падрыхтаванай бібліятэкарамі да знамянальнай даты. Пры яе падрыхтоўцы былі выкарыстаны музейныя формы працы: поруч з кнігамі экспанатамі сталі гільзы, абоймы ад разнастайнай зброі і іншыя рарытэты таго перыяду. Асаблівую цікавасць выклікала частка, прысвечаная асабістым дакументам: фотаздымкі, франтавая перапіска і дакументы 1941 — 1942 гадоў.

Ваенная перапіска… У ёй і боль, і горыч, і пяшчота, і надзея... Чэпікаву Яўгену Цітавічу, чыгуначніку па спецыяльнасці, які пачаў вайну радавым, пашчасціла выжыць і скончыць яе капітанам. Яго жонка — Надзея Георгіеўна — трапіла ў эвакуацыю ў Ташкент. А ў 1942 годзе ў жанчыны нарадзіўся сын, якога яна назвала ў гонар мужа. Цёплыя радкі, адрасаваныя мужу, прасякнутыя любоўю і клопатам, піша яна на фронт: “Одно прошу, дорогой мой Женечка, береги себя и пиши нам. Ждём твоей карточки, наш дорогой папочка, вот это ручка сыночка, но её обвести плохо, ибо он рвёт бумагу, хватает ручку…”

“…Женечка, дорогой мой, как хотелось бы видеть тебя, ведь прошло 11 месяцев, а сколько ещё ждать… Хотелось бы побыть рядом с тобой, прижаться к твоей груди, услышать биение дорогого и горячего сердца мужа и отца, но всё мечты, вот пишу и думаю об этом, а из-за слёз не вижу где писать…”.

Каштоўнасць маюць лісты з фронту, а таксама здымкі з подпісам Яўгена Цітавіча, датаваныя ваенным часам. Вось сціслы ліст 1941 года:

“Дорогая Надюша!

Как только получишь деньги, сообщи мне. У меня пока всё хорошо, нахожусь в командировке. Может, узнала чего-либо про родных, напиши. От тебя писем не получаю. Целую. Женя”.

Карціну жыцця Чэпікавых пад час вайны дапаўняюць лісты да Надзеі Георгіеўны ад сям’і сястры: “…Ничего, Надюша! Кровавый Гитлер потонет в своей собственной крови, и мы опять заживём весело и счастливо…

…Я сильно беспокоюсь за Вилю и всех! Там ведь происходят сильные бои и это меня волнует. Что если не успели выехать? Они ведь там погибнут. Я даже не допускаю такой мысли. Я вам писал ещё раньше, чтобы выезжали вглубь страны…”

“…Со Столбцов до Жлобина я добралась благополучно, но через Минск нас уже не пустили. 26 июня 41 г. я уже вечером была дома, застала всех на месте, не считая того, что в ночь на 26.06.41 была бомбёжка, и у нас не осталось, ни одного целого окна…

…а 2-го августа нас всех эвакуировали вглубь страны…”.

У кастрычніку 1945 года ў сям’і Чэпікавых нарадзілася дачка. Маёрскае званне ён атрымаў пасля вайны ў Дрэздэне, а вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі на радзіму, у Жлобін, яму давялося адбудоўваць дом для мірнага жыцця.

Гісторыю вайны сапраўды можна вывучаць не толькі па кнігах і падручніках, але і па лёсах асобных сем’яў. Дарэчы, рыхтуючыся да гадавіны Перамогі, супрацоўнікі бібліятэкі правялі маштабную і цікавую работу па зборы матэрыялу для брашуры “Радашковічы ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Марына ЧАРНЯКЕВІЧ, супрацоўнік Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі