“Дзед”: фінал бянтэжыць

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Дык у чым сапраўднае жыццё?
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сустрэў юбілей Вялікай Перамогі не проста прэм’ерай, а ўвасабленнем сучаснай беларускай п’есы, прысвечанай ветэранам. У цэнтры новай пастаноўкі “Дзед” — ветэран і тыя “бойкі-баі”, што вядуць яго ўнукі з-за магчымага продажу дзедавай кватэры.

/i/content/pi/cult/532/11546/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Дзед". / Фота Валерыя ПАТАПЕНКІ

Можна дадаць, што прэм’ера спалучае абедзве знакавыя адметнасці 2015-га: прымеркаваная да 70-годдзя Вялікай Перамогі, яна ўпісваецца і ў канцэпцыю Года моладзі, бо звернута да новых пакаленняў, узрошчаных на камп’ютарных гульнях у “вайнушку” і пастаўлена маладым артыстам тэатра (і, вядома, кіно) Дзянісам Паршыным. Гэтым рэжысёрскім дэбютам ён адзначыў уласнае 35-годдзе, узгадаўшы тым самым сваю асноўную спецыяльнасць — рэжысура драмы, што была атрымана ў майстэрні Мадэста Абрамава ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Цалкам адпавядае новы спектакль і канцэпцыі тэатра: беларуская не толькі драматургія, але і мова (пераклад зроблены мастацкім кіраўніком пастаноўкі і самога тэатра Аляксандрам Гарцуевым), магчымасць артыстаў выявіць усю палітру сваіх творчых схільнасцей (яны не ўпершыню спрабуюць сябе ў той жа рэжысуры). Нарэшце, стварэнне ў фае “ваколпастаноўчай” атмасферы, што адпавядае абранай тэматыцы (там разгарнулася прысвечаная вайне і Перамозе выстаўка Міхаіла і Андрэя Меранковых — бацькі і сына, куды ўвайшлі і красамоўныя шынялі са сцэнаграфіі апошняга да яшчэ аднаго “сучасна-ваеннага” спектакля РТБД — “Дажыць да прэм’еры”).

“Дзед” стаўся ўжо не першай увасобленай у гэтым тэатры п’есай Вячаслава Паніна — мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады, дацэнта БДУКіМ, рэжысёра (у тым ліку многіх урадавых мерапрыемстваў). Некалькімі гадамі раней тут ішлі яго “Песні ваўка”, якія потым атрымалі новае прачытанне ў Віцебску, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Якім жа сталася тэатральнае прачытанне цяперашняй зусім не “дзедаўскай”, а сучаснай (і адначасова вечнай), надзвычай актуальнай тэмы?

Насамрэч, такіх тэм у спектаклі некалькі. Гэта праблема пакаленняў — не толькі класічных “бацькоў і дзяцей”, але і “дзядоў і ўнукаў”, якія, аказваецца, ужо не такія блізкія адно аднаму, як гэта звычайна лічылася. Уласна сямейныя ўзаемаадносіны. Сэнс жыцця. Розныя ўяўленні пра вайну — рэальныя і забаўляльна-віртуальныя. Не ўсе з іх атрымліваюць раўнацэннае ўвасабленне, апошняя тэма ўвогуле прарысавана хіба пункцірам, дый тое хіба ў пачатку дзеі, бо надалей камп’ютарныя гульні не згадваюцца, а ў віртуальную прастору трапляюць дзедавы ўспаміны (радыёперамовы і шумавыя эфекты здзяйсняла Інга Шавялёва). Але вырашэнне тэм дадзена дастаткова плакатна, адназначна, без асаблівых светлаценяў: старэйшае пакаленне апрыёры мае рацыю, малодшае — не апраўдвае надзей, разбазарвае духоўныя каштоўнасці, за якія змагаліся іх дзяды. Фінал нават бянтэжыць.

Дзед (Сяргей Шымко, які даказвае, што можа быць не толькі шыкоўным характарным артыстам, але і глыбока трагедыйным) шкадуе, што ягоная смерць у глыбокай старасці — нейкая бессэнсоўная, у адрозненне ад Сцяпана (Мікалай Стонька), што загінуў на фронце. Памёршы, апранае пададзеную Сцяпанам вайсковую форму і вяртаецца душой не проста ў маладосць, а ў “сапраўднае жыццё”. Міжволі паўстае пытанне: дык што, мірныя гады, калі ён адзін гадаваў унукаў, бо тыя засталіся без бацькоў, — дарэмныя? З гэтага вынікае яшчэ адно пытанне: дарэмныя чаму? Таму, што ўнукі не спраўдзілі надзей? Што сварацца з-за побытавых праблем, якія на фоне галоўнай — жыцця і смерці — проста дробязі? Пэўна, менавіта гэта і хацелі сказаць аўтары, але ж атрымалася неяк не да канца, скажам так. Можа, яшчэ і таму, што спектакль не пайшоў далей за ўсім вядомую ісціну: усім нам трэба быць годнымі подзвігу ветэранаў — жывых і мёртвых.

Артысты імкнуцца як мага больш ярка выявіць характары сваіх герояў, знайсці для кожнага з іх адметныя маўленча-пластычныя рысы. Тая ж пакупніца кватэры Ніна Іванаўна (Наталля Халадовіч) становіцца іншаземкай — запамінальна, хаця і нелагічна (прыкрых неадпаведнасцей, якія не ўзраслі да ўзроўню мастацкага прыёму, у спектаклі хапае). Часам даходзіць ажно да пародыі. Каларытная танцавальная сцэна (харэаграфію ставіла Святлана Навуменка) Рабочых, якія прыйшлі рабіць рамонт (Максім Шышко, Марат Вайцяховіч), успрымаецца як цудоўны “ўстаўны нумар”, якіх магло б быць болей. Адносіны ж паміж сваякамі, асабліва між унучкай Светкай (Марына Здаранкова) і нявесткай Ленкай (Надзея Цвяткова), жонкай унука Генкі (Кірыл Навіцкі), высвятляюцца настолькі красамоўна, што нагадваюць рэаліці-тэлешоу. У такія моманты пачынаеш адчуваць сябе ледзь не гэткім вуайерыстам, прычым “пад прымусам”, калі ты і не хацеў бы, ды цябе вымушаюць “падглядаць у шчыліну” за жудаснымі “разборкамі” з жаночым рукапрыкладствам. І хочацца сысці, як робіць тая ж суседка Дзеда Клаўдзія Пятроўна (Ганна Маслоўская). Бо ўсе гэтыя да натуралізму “звышрэалістычныя” эпізоды не ўзрастаюць, на жаль, да мастацкіх абагульненняў. Нават у сцэнаграфіі Юрыя Саламонава, дзе ёсць “чорны кабінет”, металічны ложак, пазней з кропельніцай, поліэтыленавая плёнка, якой далей будуць “ратаваць” Дзеда ад фарбараспыляльніка. Мы бачым — люстэрка, а так хочацца мастацкага “залюстроўя”. І дапытлівага спасціжэння праўды жыцця, а не чарговага канстатавання ісцін. Можа, надта многа патрабуем ад тэмы вайны? Але яна і сапраўды невычэрпная, недаследаваная, бо зняты пакуль хіба верхні слой…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"