Пра што яны, "Белыя жураўлі"?

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Івана ЖЫГАН, вядучая актрыса Бялградскага народнага тэатра (Сербія), спявачка, рэжысёр, старшыня Таварыства сербска-расійскага сяброўства
З прапановай увасобіць сумесны сербска-беларускі праект да 70-годдзя Вялікай Перамогі я звярнулася да Лідара вашай дзяржавы, і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка мяне падтрымаў. З Беларуссю я пазнаёмілася яшчэ 12 гадоў таму, была ў Брэсце, у Белавежскай пушчы, зняла ў вас фільм “Зямля пад белымі крыламі”.

/i/content/pi/cult/532/11540/5-2.jpgБеларусь сёння — духоўны стрыжань ва ўсім постсавецкім свеце. Вы паказваеце, што можна жыць добра, у міры і парадку, лепей за іншых захоўваеце памяць пра вайну і яе ахвяры. Вось і ў спектаклі “Белыя жураўлі”, што прайшоў напярэдадні свята ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, мы ўзнялі на сцэну ветэранаў, якія выйшлі разам з артыстамі. І ўся зала стоячы вітала іх подзвіг.

Ваенныя песні я вельмі любіла яшчэ з дзяцінства. Спявала іх разам з бацькам, які калісьці заканчваў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кіно. У нас свята Перамогі некаторы час не адзначалася, бо асацыявалася са Сталіным. Галоўным было вызваленне Бялграда. Але я лічу, што гэта няправільна, бо Дзень Перамогі сімвалізуе перамогу над фашызмам, якая здабывалася ўсімі народамі разам. Таму і ўзнікла ідэя стварыць спектакль “Белыя жураўлі”, дзе храналогія вайны і перамогі распавядалася б праз песні ваенных гадоў, пазнейшыя творы, прысвечаныя гэтым падзеям, праз сінтэз слова, спеваў, пластыкі, кінахронікі, кадраў з фільмаў, спалучэнне рэальных і сімвалічных персанажаў — маці Радзіма, Свабода, Невядомы салдат. Для мяне быў гонар два гады таму ўвасобіць такі маштабны праект — па сутнасці, новы для Сербіі жанр, штосьці накшталт нацыянальнага гістарычнага мюзікла, які дэманструе славянскую самабытнасць. Але яшчэ большым гонарам для мяне стала паказаць яго ў Мінску.

Я вельмі ўдзячна ўсім, хто спрычыніўся да ягонай рэалізацыі. Асаблівая ўдзячнасць — Міністэрству культуры, гарадскім уладам, а таксама асабіста спадару міністру Барысу Святлову, супрацоўніцы ўпраўлення мастацтваў Вікторыі Куксянковай, загадчыку кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлане Гуткоўскай. Папярэдне я выслала відэазапіс спектакля, рэпетыцыі вяліся па ім. Потым прыехала сама, прывезла сцэнічныя строі, дакументальны відэаматэрыял, які пад час дзеі дэманстраваўся на трох экранах. Трэба адзначыць высокі прафесійны ўзровень вашых студэнтаў. Ім давялося танцаваць у розных стылях, ад хіп-хопа да фолька, засвоіць сербскія народныя скокі — і ўсё паспяхова. Выкладчыкі харэаграфіі займаліся і са студэнтамі ваеннай кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, бо тыя ўвасаблялі савецкіх салдат. А сярод салістаў, у ролі Савецкага афіцэра быў ваш Дзмітрый Сяргееў, які паспеў палюбіцца нашым слухачам у час гастроляў у Сербіі.

Мяне вельмі радуе, што спектакль быў запісаны беларускім тэлебачаннем. Значыць, яго змогуць паглядзець яшчэ больш людзей ва ўсіх кутках вашай краіны і ў замежжы. Мы з вамі — сябры!

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"