Вайна як пачвара

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Павел ХАРЛАНЧУК-ЮЖАКОЎ, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, кінаакцёр, рэжысёр
Тэму вайны я не люблю. І не хацеў бы да яе звяртацца. Але так атрымліваецца, што як рэжысёр я паставіў ужо другі спектакль, прысвечаны Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай наогул. Два з паловай гады таму ўвасобіў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі п’есу Мікалая Рудкоўскага “Дажыць да прэм’еры”.

/i/content/pi/cult/532/11539/5-1.jpgА зараз звярнуўся да “Альпійскай балады” Васіля Быкава, неаднойчы скарыстанай у драматычным тэатры, кінематографе, оперы, балеце, радыёпастаноўках. Паводле гэтай аповесці на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра ўзнікла ваенная драма “Ён. Яна. Вайна”.

Да гэтага тэатра ў мяне стаўленне асаблівае: менавіта з яго калісьці пачынаўся мой акцёрскі шлях. Дый сам тэатр, яго кіраўніцтва і трупа пра гэта не забываюць. Гэта была іх прапанова — каб я паставіў у Гомелі штосьці да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Не хацелася спекуляваць на гэтай тэме, рабіць штосьці “дацкае” — справакаванае адно юбілейнай датай. Тым больш, што тэма вайны (у шырокім сэнсе гэтага слова, які не замыкаецца на мінулых, гістарычных падзеях) сёння як ніколі актуальная. У свеце часта гучаць ноткі нянавісці паміж людзьмі, нехта прагне крыві, падбухторвае на кровапраліцці. Няўжо гісторыя войнаў, і найперш Другой сусветнай, нічому не навучыла? Няўжо мы так і не змаглі засвоіць яе ўрокі? Няўжо народы былога Савецкага Саюза перамаглі, каб зноў развязваліся канфлікты?

Часам узнікае адчуванне, што вайна, бы нейкая нябачная пачвара, увесь час дзесьці побач, падпільноўвае нас у пошуках усё новых ды новых ахвяр. Пра гэта — новы спектакль. Таму ў ім не дзве, як звычайна, а тры дзеючыя асобы: Іван, Джулія і Вайна. Апошняя — вобраз збіральны. Яна можа паўстаць у абліччы і сабакі, які пераследуе палонных з канцлагера, і фашысцкага афіцэра, і ў тысячы іншых масак, хаваючы пад імі сваю варожую сутнасць. Яна злуецца, калі паміж людзьмі дасягаецца згода, калі яны хаця б у чымсьці выступаюць разам, і ўвесь час чакае, каб узнікла хаця б маленькая непрыязнасць, з якой яна можа зрабіць непапраўную трагедыю.

Васіля Быкава калісьці крытыкавалі: маўляў, якое можа быць каханне, калі людзі ўцякаюць з палону, ратуюцца ад смерці. Але без кахання гэта была б зусім іншая гісторыя, якая не прэтэндавала б на філасофскае і мастацкае абагульненне. Справа не ў тым, што каханне, маўляў, перамагае смерць. Але пакуль не здарыцца каханне, вайна не скончыцца. Вайна — гэта крайняя стадыя чалавечага жыцця, якая выпускае на паверхню ўсё жывёльнае, што можа быць у чалавеку. Яна не павінна паўтарыцца! Здавалася б, гэта ведаюць усе. Чаму ж словы разыходзяцца з практыкай?..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"