А зараз звярнуўся да “Альпійскай балады” Васіля Быкава, неаднойчы скарыстанай у драматычным тэатры, кінематографе, оперы, балеце, радыёпастаноўках. Паводле гэтай аповесці на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра ўзнікла ваенная драма “Ён. Яна. Вайна”.
Да гэтага тэатра ў мяне стаўленне асаблівае: менавіта з яго калісьці пачынаўся мой акцёрскі шлях. Дый сам тэатр, яго кіраўніцтва і трупа пра гэта не забываюць. Гэта была іх прапанова — каб я паставіў у Гомелі штосьці да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Не хацелася спекуляваць на гэтай тэме, рабіць штосьці “дацкае” — справакаванае адно юбілейнай датай. Тым больш, што тэма вайны (у шырокім сэнсе гэтага слова, які не замыкаецца на мінулых, гістарычных падзеях) сёння як ніколі актуальная. У свеце часта гучаць ноткі нянавісці паміж людзьмі, нехта прагне крыві, падбухторвае на кровапраліцці. Няўжо гісторыя войнаў, і найперш Другой сусветнай, нічому не навучыла? Няўжо мы так і не змаглі засвоіць яе ўрокі? Няўжо народы былога Савецкага Саюза перамаглі, каб зноў развязваліся канфлікты?
Часам узнікае адчуванне, што вайна, бы нейкая нябачная пачвара, увесь час дзесьці побач, падпільноўвае нас у пошуках усё новых ды новых ахвяр. Пра гэта — новы спектакль. Таму ў ім не дзве, як звычайна, а тры дзеючыя асобы: Іван, Джулія і Вайна. Апошняя — вобраз збіральны. Яна можа паўстаць у абліччы і сабакі, які пераследуе палонных з канцлагера, і фашысцкага афіцэра, і ў тысячы іншых масак, хаваючы пад імі сваю варожую сутнасць. Яна злуецца, калі паміж людзьмі дасягаецца згода, калі яны хаця б у чымсьці выступаюць разам, і ўвесь час чакае, каб узнікла хаця б маленькая непрыязнасць, з якой яна можа зрабіць непапраўную трагедыю.
Васіля Быкава калісьці крытыкавалі: маўляў, якое можа быць каханне, калі людзі ўцякаюць з палону, ратуюцца ад смерці. Але без кахання гэта была б зусім іншая гісторыя, якая не прэтэндавала б на філасофскае і мастацкае абагульненне. Справа не ў тым, што каханне, маўляў, перамагае смерць. Але пакуль не здарыцца каханне, вайна не скончыцца. Вайна — гэта крайняя стадыя чалавечага жыцця, якая выпускае на паверхню ўсё жывёльнае, што можа быць у чалавеку. Яна не павінна паўтарыцца! Здавалася б, гэта ведаюць усе. Чаму ж словы разыходзяцца з практыкай?..
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ