Шлях да Брамы Памяці

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Мемарыял “Трасцянец”: там, дзе рассыпаўся попел спаленых цел…
Да Дня Перамогі прымеркавана адкрыццё мемарыяла на месцы лагера смерці “Трасцянец”. З гэтага часу пачынаецца новы адлік у гісторыі найтрагічнага месца ў лёсе сталіцы — і ці не самага складанага помніка спадчыны на яе тэрыторыі. — Пакуль што завершаны толькі два пускавыя комплексы першай чаргі, — робіць удакладненне галоўны архітэктар праекта Ганна АКСЁНАВА перад тым, як распачаць “аўтарскую экскурсію”. Пакуль работы ахапілі толькі тэрыторыю ў пятнаццаць гектараў з шасцідзесяці, прадугледжаных у рамках першай чаргі. А агулам плошча мемарыяльнай зоны — 124 га!

/i/content/pi/cult/532/11538/6-1.jpg

Параненая зямля

Выйшаўшы з аўтобусу, трапляеш у звыклую для айчынных “спальнікаў” атмасферу — шматпавярховікі, супермаркеты, шчыльны трафік, мамы з вазкамі… Лагер смерці быў створаны ў дзесяці кіламетрах ад Мінска, але па вайне да яго тэрыторыі ўшчыльную падступіў сталічны мікрараён. І гэты фактар, зразумела ж, ускладняе архітэктурную задачу — неспрыяльнае ўрбаністычнае атачэнне папросту не абмінеш увагай. З іншага боку, утвораны “статус кво” надае і пэўную сэнсавую глыбіню — нічым не прыкметная вуліца Сяліцкага, па якой тут праходзіць мяжа гарадской забудовы, пераўтвараецца ў сапраўдную раку Стыкс, што аддзяляе цяперашняе мірнае жыццё ад жахаў мінулага.

Ад тлумнай вуліцы пад вузкім вуглом адгаліноўваецца алея, паабапал якой — гранітныя стэлы, прысыпаныя зямлёй.

— Гэта Дарога Памяці — асноўная кампазіцыйная вось мемарыяла, — распавядае Ганна Аксёнава. — Прадумваючы яе рашэнне, мы натхняліся вобразам “параненай зямлі”. Да таго ж, прыўзнятыя пласты глебы як бы адкрываюць перад намі мінуўшчыну...

“Трасцянец” прысвечаны не толькі канкрэтнаму месцу, але і цэлай гістарычнай з’яве — масаваму забойству фашысцкімі акупантамі безабаронных людзей. Таму ля ўваходу будзе ўсталяваны стэнд з картай Беларусі, на якой адзначаны месцы ўсіх лагераў смерці, а сама Дарога Памяці дазваляе зрабіць гэтую інфармацыю больш даходлівай для свядомасці наведвальнікаў. Кожная стэла прысвечана адной з сучасных абласцей краіны і змяшчае звесткі пра колькасць “канвеераў смерці”, якія існавалі на пэўнай тэрыторыі. Лічбы сведчаць за сябе.

— Ідучы па Дарозе Памяці, наведвальнік усведамляе, наколькі маштабнай была трагедыя, — кажа архітэктар. — Распрацоўваючы праект, мы надавалі вельмі вялікую ўвагу дэталям. Прыкладам, украпіны чорнай пліткі — нібы сляды вязняў, якія некалі тут крочылі.

Алею атачаюць пірамідальныя таполі: па задуме архітэктараў, яны павінны нагадваць свечы. Пакуль дрэўцы зусім маленькія, але праз колькі гадоў яны істотна зменяць уражанне ад гэтых мясцінаў. Натуральны бар’ер з цягам часу вырасце і паміж мемарыяльнай зонай ды сучасным мікрараёнам — адпаведныя пасадкі ўздоўж вуліцы Сяліцкага ўжо зроблены. А на цяперашняй пустцы з’явяцца своеасаблівыя альтанкі з дрэў — як жывыя помнікі.

— Так хацелі пазначыць тэрыторыю, дзе рассыпаўся попел спаленых цел, — патлумачыла Аксёнава.

Дзесяціметровая брама

Дарога Памяці прыводзіць да Брамы Памяці — візуальнай дамінанты ўсяго мемарыяльнага комплексу. Праглядаецца яна здалёк, але, толькі наблізіўшыся, ты заўважаеш, што насамрэч гэта абстрактная кампазіцыя, нібы ўтвораная з фігур бязвінных пакутнікаў.

Паводле сваіх памераў, дзесяціметровай вышыні скульптура не мае аналагаў у сучаснай гісторыі Беларусі. Адліваць яе давялося адначасова ў двух цэхах — зразумела ж, па частках, бо цалкам гэты “негабарытны” твор наўрад ці змясціўся б хоць пад які дах… Мантаж блокаў адбываўся ўжо на месцы, і рабочыя акурат на нашых вачах зачышчалі швы. Наперадзе быў апошні тэхналагічны працэс — таніроўка.

— У выніку скульптура набудзе звыклы для бронзы выгляд, цёмны класічны колер, — распавёў яе аўтар Канстанцін Касцючэнка. — Увечары брама будзе спалучацца з “крывава-чырвоным” асвятленнем.

Тэрміны для ўвасаблення твора ў матэрыяле былі сціслымі: усяго паўтара месяцы на падрыхтоўку рабочай мадэлі і тры месяцы на поўнае павелічэнне. А вось сама скульптура мае куды большую гісторыю.

— Яна з’явілася яшчэ ў 2007 годзе і на пачатку не была прывязаная канкрэтна да Трасцянца, хаця і тычылася ваеннай тэматыкі, — кажа Канстанцін Касцючэнка. — Вобраз брамы мяне цікавіў як сімвал перахода з аднаго стану ў іншы. Для нас гэта магчымасць паглыбіцца ва ўспаміны пра тыя пакуты, якія цярпелі людзі падчас вайны. А праз тры гады быў аб’яўлены конкурс на стварэнне скульптуры для мемарыяла “Трасцянец”, і камісія спыніла свой выбар на “Браме Памяці”.

Ля скульптуры ўтворана плошча, прызначаная для жалобных мерапрыемстваў і экскурсійных груп. Там будуць усталяваны і некалькі лавак.

— Іх на тэрыторыі комплексу з’явіцца зусім няшмат, і гэта наўмысна, — тлумачыць Ганна Аксёнава. — Мемарыял не павінен пераўтварацца ў зону адпачынку. Але калі наведвальнік сталага веку стоміцца і захоча прысесці, у яго, вядома ж, будзе такая магчымасць.

Паблізу ад цэнтра мемарыяла — закансерваваныя падмуркі лагерных пабудоў. Як адзначыла Ганна Аксёнава, у хуткім часе ля іх з’явяцца і інфармацыйныя стэнды — на беларускай, рускай і англійскай мовах, як і амаль паўсюль тут. Пакуль што для экспанавання падрыхтаваны толькі рэшткі хлебнага склада, лесапілкі і склада для валіз, але неўзабаве плануецца закансерваваць і іншыя падмуркі — дом каменданта, баракі... Абрысы некаторых з іх яшчэ належыць удакладняць археолагам.

Агульны настрой трохі парушае прыватны дом, які — па-за воляй яго гаспадароў — апынуўся на тэрыторыі мемарыялу. Ды яшчэ і пафарбаваны ён у “жыццярадасны” зялёны колер... Без сумневу, для выпраўлення пралікаў (напрыклад, доўгая адсутнасць праекта зон аховы) спатрэбяцца час і высілкі. І калі ў выпадку з той хаткай кампраміснае для ўсіх рашэнне знайсці, напэўна, можна, дык “выкарчаваць” такую непажаданую візуальную дамінанту, як коміны кацельнай (яны па-за тэрыторыяй, але... іх відаць адусюль), будзе зусім няпроста.

/i/content/pi/cult/532/11538/6-2.jpg

Дрэвы як сведкі падзей

Ад Брамы Памяці рушым па Алеі смерці — апошнім шляхам многіх тысяч вязняў. Старыя таполі, якія на ёй растуць, былі пасаджаны яшчэ ў тыя часы рукамі будучых ахвяраў. І менавіта таму іх захавалі як каштоўную гістарычную рэліквію і як жывых сведак падзей.

— Стан дрэў вельмі дрэнны, і таму гучалі прапановы іх спілаваць ды зрабіць новыя пасадкі, — кажа Ганна Аксёнава. — Але ўсё ж выніковае рашэнне было іншым... Хіба, варта зрабіць папераджальную шыльду, якая б засцерагала ад шпацыру па гэтай алеі пад час навальніцы.

Недзе пасярэдзіне алеі Ганна Аксёнава нас спыняе, каб зазначыць, што менавіта тут некалі знаходзілася лагерная брама, вядомая па фота той пары. У дадзеным выпадку фантазіі забойцаў не хапіла на нейкі запамінальны афарызм кшталту “Кожнаму сваё”, але змрочная сімволіка гэтага месца ўсё адно навідавоку.

Як патлумачыла архітэктар, ад “рэплікі” той арыгінальнай брамы было вырашана адмовіцца: аўтарскі калектыў усяляк імкнуўся пазбегнуць недарэчнай тут “бутафорыі”.

— Дастаткова пазначыць гэтую браму і стварыць інфармацыйнае забеспячэнне, — кажа Ганна Аксёнава.

Алея смерці прыводзіць да таго месца, дзе некалі стаяла старая калгасная адрына, у якой немцы ў самыя апошнія дні акупацыі расстралялі ды спалілі шэсць з паловай тысяч вязняў, прывезеных з Мінска. Яшчэ ў 1965 годзе там быў пастаўлены сціплы помнік, а тэрыторыя самой адрыны абазначана агароджай. За паўстагоддзя невялічкая стэла ладна адрузла, і не так даўно яе замянілі на новую — але збольшага вытрыманую ў старой стылістыцы. Ды і надпіс застаўся той самы.

Літаральна ўсутыч да нядаўна замененай агароджы “культурна адпачывае” нейкая кампанія. Карціна, пакуль што амаль звыклая для гэтых мясцін. Цягам доўгага часу тэрыторыя былога канцлагеру выконвала несамавітую функцыю спантанай “рэкрэацыйнай зоны” для тутэйшых жылых масіваў. Выгул сабак і пікнікі сталі там завядзёнкай, пакідаючы па сабе горы смецця. Вось і цяпер у пагодны надвячорак на пасыпаных попелам палетках можна ўбачыць нямала аматараў піва. Месца зручнае — крама акурат праз дарогу...

Відавочна, што звычкі “тубыльцаў” у адно імгненне не зменяцца, і нават міліцэйскія патрулі не стануць у дадзеным выпадку панацэяй (хаця пасля адкрыцця мемарыяла ім у гэтыя мясціны варта, мусіць, наведвацца часцей). Але хочацца верыць, што само архітэктурнае асэнсаванне жахлівага месца з часам зменіць яго ўспрыняцце жыхарамі навакольных дамоў.

За Брамай Памяці пакуль што — звычайны луг. Сёння яна, па сутнасці, завяршае мемарыял — хаця па логіцы, здаецца, усё павінна быць акурат наадварот. Так яно і станецца пасля здачы першай чаргі, якая ахопіць таксама сумнавядомую яму-печ і навакольную тэрыторыю.

— Мы імкнёмся як мага менш умешвацца ва ўжо сфармаваны ландшафт, бо гэтая тэрыторыя спрэс усыпаная попелам, — кажа Ганна Аксёнава. — Ёсць задума выкарыстаць мемарыяльную стужку з імёнамі тых, хто тут загінуў — балазе, многія прозвішчы сёння ўжо вядомыя. Што такое мемарыяльная стужка? Гэты архітэктурны элемент — наша знаходка, якая яшчэ патрабуе дапрацоўкі.

Менавіта ад ямы-печы з цягам часу павінны адпраўляцца аўтобусы ва ўрочышча Благаўшчына, дзе адбываліся масавыя расстрэлы. Як вядома, творчая група пад кіраўніцтвам светлай памяці Леаніда Левіна распрацавала архітэктурны праект мемарыялізацыі гэтага месца, і цяпер ці не ва ўсім свеце ідзе збор ахвяраванняў для яго рэалізацыі.

Урэшце, чакае на архітэктурнае асэнсаванне і трэцяя частка мемарыяла — месца таго паўстанку, куды па чыгунцы прывозілі вязняў.

— Няма сумневу ў тым, што ў нас наперадзе яшчэ вельмі вялікая работа, і гэта — толькі пачатак, — рэзюмавала Ганна Аксёнава.

Фота Аліны САЎЧАНКА