Бацькавы медаль

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Што я, 54-гадовы, ведаю пра мінулую вайну? Усё і нічога… Нядаўна на адным з форумаў Сеціва хтосьці, відаць, з маладых, абурыўся, што ў словазлучэнні “Вялікая Айчынная вайна” апошняе слова пішацца з малой літары. Маўляў, гэтым мы прыніжаем подзвіг народа. Я доўга даводзіў, што не вартае гэтае слова такой павагі, а подзвіг народа ў тым, што ён здолеў паўстаць супраць захопніка ўсёй Айчынай. Даводзіў доўга, але ці давёў?

/i/content/pi/cult/532/11536/4-1.JPGШто я ведаю пра Вялікую Айчынную? Тое, што распавядае мне старэнькая мама, якая дзяўчынкай жыла пад акупацыяй і пасля Перамогі, набыўшы вышэйшую настаўніцкую адукацыю, яшчэ доўга адказвала на пытанне шматлікіх анкет “Ці жылі вы пад акупацыяй?”. Пісала і не магла зразумець, у чым яна вінаватая. Так павялося, што Сталін адказваў за перамогі, а народ — за паразы. Так павялося. А ваенныя фільмы мама не можа глядзець і па сёння…

Ведаю пра партызанаў, паліцаяў, пра хаванне ў балотах ад угону ў Германію, пра хаванне ў самаробных акопах ад пастаянных бамбёжак, бо непадалёку ад вёскі знаходзіўся стратэгічны Гомель. Гэта — ад мамы. Ад бацькі памятаю аповед пра тое, як ён з іншымі добраахвотнікамі дабіраўся да фронту. Ехалі ў цяплушках, набітых саломай. І калі ўначы на адной са станцый (яе нашы то адбівалі, то здавалі) вагон адчынілі фрыцы, вопытныя абстраляныя салдаты, што мелі зброю, моўчкі прымыкалі да трохлінеек штыкі ды гэтак жа моўчкі скатваліся з саламяных гурбаў і прышпільвалі сонных фашыстаў да падлогі. А яшчэ памятаю, што ў 1960-х самай хадавой цацкай сярод маіх равеснікаў былі бацькавыя баявыя ордэны ці медалі (юбілейных тады, зразумела, яшчэ амаль не было). Мы, дурныя, не толькі імі гуляліся на вуліцах, губляючы ў пяску, але і абменьвалі без разваг на пустыя кулямётныя ленты ці абоймы ад ТТ. Гэтага дабра хапае і па сёння. У роднай Ветцы, кажуць, штогод пры пераворванні гародаў зямля абавязкова штосьці вяртае ад мінулай вайны. І невыпадкова гэта гільзы, дзіравыя каскі, іржавыя штыкі. Усё, што магло ўзрывацца і забіваць, яшчэ тады ўзарвалася і забіла, бо баі ля Сожа былі надзвычай бязлітаснымі…

Дык вось, у 1960-х сярод нашых бацькоў асаблівым шыкам лічылася пад час святаў на пытанне “А дзе ж твае ўзнагароды, браце?” адказваць з наўмыснай абыякавінкай: “Ды дзеці расцягнулі”. Нашы бацькі тады былі маладымі і не лічылі сябе ветэранамі. Урэшце, пінжак, не абцяжараны ордэнамі і медалямі, можна было лёгка скінуць без аглядкі на саліднасць і пачаць адчайную гульню у футбол ці гарадкі, якія па тым часе былі звышмоднымі…

У мяне ад бацькі застаўся толькі медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” Ён ляжыць перад вачыма. Ля яго добра думаецца і згадваецца пра тое, чаго я ніколі не бачыў і не ведаў. Генная памяць — рэч дзіўная.

Ці забудземся мы на апошнюю вайну гэтак, як, скажам, на вайну 1812 года? Гадоў хіба праз сто, не менш. Так, сапраўдных ветэранаў амаль не засталося. Гадоў пяць таму мы знайшлі ў Сянно апошняга партызана, што ваяваў пад камандаваннем Пятра Машэрава. Ці жывы ён? Але жывыя яго сыны, унукі і праўнукі. Пакаленні мяняюцца дзесьці раз на трыццаць гадоў. Якраз на век яшчэ хопіць смутку, жалобы, болю па тых, каго зусім нядаўна перасталі чакаць з фронту.

Сакурсніца старэйшай сястры гадоў дваццаць таму пабралася з немцам, бацька якога кіраваў нейкай тамтэйшай прагрэсіўнай уплывовай партыяй. Вяселле гралі ў Мінску. І толькі на ім высветлілі, што абодва бацькі ваявалі. Ну якое вяселле без бойкі? А потым, натуральна, памірыліся… Германія днямі афіцыйна папрасіла прабачэння ў Беларусі. Засталося пачакаць, калі даруем нашага кожнага трэцяга.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"