Паважаныя суайчыннікі!

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Ад усёй душы віншую вас з 70-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

/i/content/pi/cult/532/11531/1-1.jpg

У гэты свяшчэнны дзень мы прасякнуты пачуццём асаблівай удзячнасці воінам-вызваліцелям і працаўнікам тылу, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў жорсткай барацьбе з нацызмам. Свята 9 Мая непарыўна звязана са слаўным пакаленнем пераможцаў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, выратавалі свет ад карычневай чумы, абаранілі Айчыну, а потым самаахвярна ўзнялі краіну з руін і попелу. Подзвіг савецкага народа на вякі застанецца ў памяці ўсяго чалавецтва.

Сёння мы таксама смуткуем аб бязмерных ахвярах вайны. Нас аб’ядноўвае горыч страт, што закранула практычна кожную сям’ю. За Вялікую Перамогу заплачана мільёнамі жыццяў, бясконцымі нягодамі і згубамі. Беларусы заўжды будуць з удзячнасцю прыгадваць тых, хто прайшоў суровыя выпрабаванні, змагаючыся з фашызмам на фронце і ў партызанскіх атрадах у імя міру і дабра.

Бяспрыкладны гераізм, праяўлены старэйшым пакаленнем у гады ваеннага ліхалецця, будзе і надалей служыць маральным арыенцірам для нашай моладзі. Гэта Перамога дала нам магчымасць спакойна жыць і працаваць на карысць роднай Айчыны.

Светлая памяць тым, хто не дажыў да гэтага светлага дня і паклаў жыццё на палях бітваў. Нізкі паклон ветэранам за вашу стойкасць, мужнасць і гераізм у барацьбе з фашызмам.

Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

9 Мая 2015 года

 

Шрыфтавая кампазіцыя Юрыя ТАРЭЕВА.