Іван Кірчук. "Дух манастыра".
15 чэрвеня.
[…] Калісьці на адзін з алтароў бацька прынёс маю кашульку і прасіў, каб Бог пакінуў мне жыццё. Прайшло паўстагоддзя. А як я пражыў гэтыя гады? Яны, як жгуты, як канаты, што скручаны са слёз, памылак, няўдач ды хвароб. Жыў бы добра, і не было б так сцята горла. Сэрца без грахоўных кайданаў білася б па-іншаму. Вось дзе праўда: мы самі “кавалі” свайго шчасця. На кавадле Лёсу і загартоўваешся, і молатам не адзін раз атрымаеш. Ды ржавееш дзе-небудзь у куце кузні, як непатрэбны, лішні кавалак металу, што аджыў сваё... […]
24 чэрвеня.
[…]
Арганізацыя фэсту адсутнічала: да месца выступлення мы дабіраліся на маршрутным таксі, потым з рэчамі і сумкамі ішлі каля трох кіламетраў. У лесе былі сучасныя прыгожыя пабудовы, крытая сцэна і вылізаныя палянкі. Дзе збіраць кветкі? Дзе планаваць рытуальную паляну? Яшчэ і дождж імжэў…
Але ўсё атрымалася. Знайшлі паляну, разбілі лагер. Нам дазволілі запаліць вогнішчы і далі дзесяць паходняў. Гадзіны дзве-тры рыхтаваліся. Я нават паказаў хлопцам некалькі практыкаванняў для дыхання і набору энергіі... […]
Сцямнела і народ пацягнуўся да рытуальнай паляны. Я запаліў вогнішчы, паходні, а маленькія свечкі мігцелі па коле. Узяў валынку і заспяваў. Потым пацягнуліся дзяўчыны з тканінай.
Канцэрт прайшоў паводле плана. Чадзілі паходні, дымілі вогнішчы, і вачыма дзікіх звяркоў глядзелі на цёмны лес маленькія свечкі, схаваныя ў мох. Дзейства, маскі, тканіна закручвалі гледачоў. Мае песні-загаворы, песні-абярэгі гналі па спінах слухачоў мурашак. […]
Іван Кірчук. "Дзяды-жрацы".
26 чэрвеня.
У 6:00 я ўжо піў чай.
Потым сон зваліў мяне ў кватэры, дзе былі раскіданы ўсе рэчы, увесь мокры рэквізіт і вільготная, як анучка, валынка. Яна выканала сваю місію, яе гукі страсянулі і шматгадовыя сосны, і курносыя яліны…
Але галоўнае — я вызначыўся з верай. Я — каталік, быў хрышчаны. І шмат гадоў мой кантакт з Усявышнім быў згублены. Проста не дацягваўся да Яго ні ў думках, ні ў просьбах, ні ў малітвах. Нас раздзялялі нейкія рытуалы, амулеты і іншыя тэксты, іншыя храмы. Цераз гэтыя пласты часу, ведаў, Усявышні, мажліва, мяне бачыў, але не чуў.
Цяпер я зразумеў адно: магу рабіць пастаноўкі, якія хачу. Браць розныя язычніцкія тэксты, паказваючы ўдзельнікам прыгажосць слова, старажытную веру ў магію, рытуалы і г.д. Хай яны нават нагадваюць сапраўдныя рытуалы і старажытныя святы язычнікаў. Але сёння вера свая — каталіцкая. І яна павінна быць унутры. У маёй таямніцы, без выпінання… Цяпер трэба будзе шмат папрацаваць, каб аднавіць страчаную сувязь. Ёсць яшчэ пытанне па мностве праваслаўных ікон, якія акаляюць мяне дома. Але, думаю, усё гэта вырашыцца з Божай дапамогай.
Іншыя храмы, цэрквы, манастыры магу наведваць як турыст, які цікавіцца рэлігіяй іншых народаў. А Боская Энергія, Боская Сіла могуць быць са мной усюды і заўжды. Вось такія з’явіліся думкі… […]
(Усе часткі публікацыі ў рубрыцы "Прыватная гісторыя".)