Фатаграфія тэхнік

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Рэпліка на тэму альтэрнатывы
Брамойль, гуматыпія, тэмперапрынт… Усё гэта не назвы замежных лекаў, а своеасаблівыя тэхнікі фатаграфіі, пазнаёміцца з якімі прапануе Нацыянальны гістарычны музей Беларусі на выстаўцы “Альтэрнатыўная фатаграфія Беларусі. Сувязь часоў”. Творы класіка беларускай фатаграфіі Льва Дашкевіча і сучаснага “рыцара піктарыялізму” Віктара Жураўкова, спалучаныя ў адной выставачнай прасторы, дэманструюць асаблівасці выкарыстання розных тэхнік і — актуальнасць апошніх для творчага выказвання і сучасных фатографаў.

/i/content/pi/cult/525/11366/8-4.jpg

Разабрацца ў гэтым і сапраўды цікава. Тая ж гуматыпія — гэта каўчукавы друк, сутнасць якога ва ўласцівасці каўчука пад уздзеяннем святла змяняць ліпкасць слою і ў большай ці меншай ступені — прымаць фарбу. Тэмперапрынт — друк фатаграфій на аснове яечнага жаўтка, які дазваляе атрымоўваць выяве любое адценне, бо малюнак ствараецца паступова, слой за слоем. Калі ў якасці пігмента выкарыстоўваецца смаленая сажа — пігментны друк, — падобныя адбіткі вядомыя сваёй цёмнай палітрай. А мяккія выявы, падобныя да жывапісных твораў — гэта выкарыстанне такой тэхнікі як брамойль, якая мае на ўвазе адбельванне і дубленне жалаціны двухромавакіслымі салямі.

Гэтыя невялікія тлумачэнні, пазначаныя стваральнікамі выстаўкі, даюць магчымасць атрымаць агульнае ўяўленне пра альтэрнатыўныя тэхнікі, якімі карыстаюцца фатографы, і распазнаць іх. Дапаўняе гэтыя “ўводзіны ў прадмет” і адмысловы дакументальны фільм, дзе дэталёва паказаны этапы таго ці іншага працэсу.

— Наведвальнікі свядома прыходзяць на выстаўку, каб пазнаёміцца з тэхнікамі. Асабліва маладыя людзі застаюцца на фільм, каб ва ўсім разабрацца, — кажа наглядчыца залы, вылучаючы трэнд у сучаснай фатаграфіі, калі тэхнікі стогадовай даўніны па ранейшаму актуальны.

Звычайная лічбавая фатаграфія блізкая далёка не ўсім, і многія сучасныя аўтары арганічна выходзяць на піктарыялізм, калі ў выніку адмысловых прыёмаў, у тым ліку з лічбавымі негатывамі, выява атрымлівае выгляд жывапіснага твору. Віктар Жураўкоў, творы якога прадстаўлены на выстаўцы, прапаноўвае свой погляд на фатаграфію, якую прынята называць жывапіснай.

Якога ж кшталту гэта жывапіснасць? Віктар (так і хочацца сказаць “піша”) захоўвае на сваіх работах, у асноўным, помнікі. Беларускай архітэктуры — “Барысаглебская царква. Заброддзе” (темперапрынт), “Замак Альгерда. Крэва”(темперапрынт), “Касцёл Св. Архангела Міхаіла. Івянец”(темперапрынт), іспанскія і французскія славутасці — “Новы мост. Парыж” (гуматыпія), “Таледа. Мост Альконтара” (темперапрынт)… Праз розныя тэхнікі і колер надаючы адмысловы настрой твору, фатограф, абапіраючыся на фатаграфічную выяву, працуе з рэльефам малюнка — так можна апісаць манеру Віктара Жураўкова. Фатаграфіі аўтара дасылаюць да гравюр Напалеона Орды, Томаша Макоўскага… Гэта — стыль мастака-пленэрыста з бліскучым валоданнем 
рознымі тэхнічнымі сродкамі.

У якія стасункі ўключаецца сучасны аўтар побач з творамі класіка беларускай фатаграфіі Льва 
Дашкевіча?

Невялічкае адступленне. Леў Дашкевіч, фатограф, педагог, — адзін з першых піктарыялістаў Беларусі. Ён скончыў факультэт славеснасці Дзюжонскага ўніверсітэта, фатаграфічнае аддзяленне вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы, і, як ніводзін з фатографаў той пары, працаваў з альтэрнатыўнымі тэхнікамі. З 1920 гадоў ён быў выкладчыкам у Мінскім інстытуце народнай адукацыі. І яго выкладанне ўключала ў сябе знаёмства з альтэрнатыўнай фатаграфіяй.

Магчыма, названыя падрабязнасці і не маюць значэння, але першае, што адзначаеш, убачыўшы творы майстра, — яго працу са святлом. Выкарыстанне адмысловых тэхнік выглядае тут не толькі пошукам найлепшай формы для перадачы настрою, але і адлюстраваннем усёй разнастайнасці прыроды святла.

Напрыклад, у фотаздымку “Лясны пейзаж”, дзе выкарыстоўваецца брамойль, ён фіксуе мяккае святло леса, яго ласкавую лагоднасць. “Ноч ціхая” (таніраванне) дасылае да летніх сіне-блакітных змярканняў, а “Партрэт жонкі Зінаіды Ануфрыеўны” (таніраванне) — поўны паветра і сонечнай цішыні. Так бы мовіць, гістарычны дакумент “Мінск. Від на Верхні горад” (таніраванне), зроблены ў 1920 — 1930 гады, дзе камера Дашкевіча захоўвае на фотаздымку верхавіны трох храмаў, — яшчэ і выразная гравюра… Словам, арыгінальныя здымкі Льва Дашкевіча, якія з’яўляюцца перлінамі калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музею, — уражваюць не толькі сваёй аўтэнтычнасцю, але і мастацкім пасылам.

Што дае гэта параўнанне аўтараў? Несумненна, як адзначаецца ў анатацыі, спалучэнне фатографаў у адной прасторы, не толькі перадае “сугучнасць творчых памкненняў двух майстроў”, але праводзіць лінію спадкаемнасці беларускай фатаграфіі. Тым не менш, на маю думку, выстаўку можна было прадоўжыць іншымі творамі сучасных піктарыялістаў, адзначаных у анатацыі — Альберта Цэхановіча, Наталлі Яўмеенка, Максіма Шуміліна, Міхаіла Лешчанкі, Марыі Банэ ды іншых, каб убачыць разнастайнасць аўтарскага выкарыстання альтэрнатыўных тэхнік. І, прызнацца, штосьці падобнае рабіў пэўны час таму Яўген Казюля на выстаўцы “Фатаграфічная палітра” ў Музеі гісторыі горада Мінска, праўда, без увасобленай гістарычнай паралелі. Магчыма, варта падумаць пра падобны больш маштабны фармат, дзе беларускія класікі піктарыялізму выступяць “супраць” сучаснікаў?

Пакуль жа “Альтэрнатыўная фатаграфія…” выглядае невялікай рэплікай на, як бачым, па-ранейшаму актуальную тэму.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"