Добраўпарадкаванне альбо... тарнада?

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Які лёс чакае старадаўнія могілкі ў Дзяржынску?
Пытанне, што рабіць са старымі могілкамі, наўрад ці мае простыя і адназначныя адказы. З аднаго боку — гісторыя, памяць, продкі... З адваротнага — мноства цалкам практычных праблем. Галоўная з іх відавочная: хто павінен даглядаць за тымі магіламі, што спрэс параслі хмыззём, бо сваякі нябожчыкаў даўно згубіліся ў вялікім свеце? У Дзяржынску мясцовыя ўлады самі пачалі захады па добраўпарадкаванні старых могілак, але гэтая ўхвальная ініцыятыва ўвасаблялася такім чынам, што некаторыя жыхары горада чамусьці палічылі яе... актам вандалізму. Пра што і сталі паведамляць на рэдакцыйныя акаунты ў сацыяльных сетках. Неўзабаве журналіст “К” атрымаў заданне выехаць на месца падзей...

/i/content/pi/cult/525/11341/2-1.jpg

Навошта турбаваць продкаў?

Сёння пагост у Дзяржынску выглядае зусім несамавіта — як быццам па ім прайшоўся тарнада. Большасць надмагілляў выдзернутыя з зямлі і грувасцяцца купамі, некаторыя — пашкоджаны альбо зламаны... Відавочна, прычынай таму — зусім не стыхія, і нават не няўмольны час, а менавіта антрапагенны фактар. Пры тым, што апрача звыклых жалезных крыжоў, тут можна адшукаць і камяні ды пліты, усталяваныя яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Чытаючы надпісы на іх, міжволі задаешся пытаннем: а хто былі гэтыя людзі? Аднак добра ўквэцаўшыся ў гразь, адразу прыпыняеш меланхалічна-філасофскія роздумы. Відавочна, цяперашні стан могілак з’яўляецца часовым. Але якім ён мае стаць у выніку?

Клады з больш як двухсотгадовай гісторыяй вось ужо амаль паўстагоддзя лічацца нядзейнымі — прыкладна столькі часу тут не хаваюць. Зразумела, значная частка магіл нікім не даглядаецца. Але, як выявілася, далёка не ўсе.

— Мне ўжо шэсцьдзесят, а ўпершыню мы з бацькам сюды прыйшлі, калі я такі во быў, — рука мясцовага жыхара Міхаіла Лагуновіча апускаецца недзе на ўзровень калена. — І цяпер я старэйшы ў родзе застаўся — адпаведна, мне за нашымі пахаваннямі і сачыць.

Прозвішча “Лагуновіч” сустракаецца на магільных камянях даволі часта — раз-пораз нават яшчэ з дарэвалюцыйнымі “яцямі”. А ёсць жа таксама і пахаванні крэўных, што мелі іншыя прозвішчы, магілы сяброў і суседзяў... Міхаіл Іванавіч захаваў успаміны пра кожнага з іх, і ягоны расповед становіцца своеасаблівай экскурсіяй па Койданаве — яшчэ не Дзяржынску — мінулага.

Гэта апошні стары пагост у Дзяржынску. Ад астатніх не засталося і следа. Прыкладам, на месцы яўрэйскіх могілак яшчэ за савецкім часам паўсталі жылыя дамы. Паводле койданаўскіх пагалосак, жывецца там людзям не надта добра, асабліва, калі ім даводзіцца праводзіць земляныя работы...

— Уласна, хрысціянскія могілкі некалі пацярпелі ўжо ад вандалізму ўладаў, — распавядае старшыня грамадскага аб’яднання “Кальварыя” Уладзімір Адамчык. — Калі будавалі дарогу на Рубяжэвічы, частка пахаванняў была знесена. Вядомы пісьменнік і мастак (яго творчы псеўданім — Адам Глобус), які ганарыцца койданаўскім паходжаннем ды цягам дзесяцігоддзяў метадычна адлюстроўвае ў сваіх творах мінуўшчыну гарадка, тут жа прызнаецца: на гэтых могілках пахаваны і яго сваякі. Напэўна, тое самае маглі б сказаць і многія іншыя карэнныя жыхары...

Яшчэ гадоў пятнаццаць таму стары пагост падаваўся сапраўдным гаем, але хтосьці “праявіў руплівасць”, і вялікія дрэвы спілавалі. Як неўзабаве выявілася, тое — стратэгічная памылка: ад промняў сонечнага святла на могілках раскашавала хмыззё, пераўтвараючы іх улетку ў непралазныя джунглі. Зразумела, з гэтым трэба было нешта рабіць... І вось, у ліпені мінулага года пачаліся “мерапрыемствы па добраўпарадкаванні”, якія дасягнулі свайго апагею ў кастрычніку.

— Па сутнасці, нас проста паставілі перад фактам, — распавядае Міхаіл Лагуновіч. — Зранку я праходзіў міма — нібыта, усё як было. А ўвечары — немаведама што! Агароджы пазносілі, крыжы і пліты купамі на зямлі валяюцца... Яўна тэхніка працавала. Я “сваіх” з тых купаў павыцягваў, вярнуў на месцы. І накіраваў зварот у пракуратуру...

...Па яе патрабаванні працы былі прыпынены, і клады “застылі” ў сваім цяперашнім выглядзе. Натуральна, паўстала пытанне: а што далей? Неўзабаве па горадзе папаўзлі чуткі пра меркаваны перанос могілак, падмацаваныя нейкімі абвесткамі, нібыта, за подпісам “Дзяржынская ЖКГ” (копію адной з іх мне прадэманстраваў Міхаіл Лагуновіч). У тэксце ўтрымлівалася і фраза “перапахаванне астанкаў”, а таксама нумар тэлефону, на які прапаноўвалася звяртацца зацікаўленым сваякам.

Насамрэч, паводле дзейнага заканадаўства, перанесці могілкі можна хіба ў выпадку “надзвычайных сітуацый прыроднага альбо тэхнагеннага характару”, якія, хвала Усявышняму, у Дзяржынску даўно не здараліся. Але, як сведчаць свежыя яміны на пагосце, нехта ўжо паспеў перапахаваць сваякоў. А вось Міхаіл Лагуновіч адмовіўся наадрэз.

— “Маіх” тут болей за дваццаць магіл, дык як я дам сабе рады іх перанесці? — задаецца ён пытаннем. — Ды і... навошта? Мая бабуля, калі памірала ў 1959 годзе, завяшчала пахаваць яе тут. Дык чаму я павінен турбаваць нябожчыкаў?

Крытэрыі “дагледжанасці”

Як запэўніла мяне намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Дзяржынская ЖКГ” Валянціна Марчук, ніякіх “прымусовых” перапахаванняў няма і ніколі не будзе — толькі па ўласным жаданні сваякоў. У той самы час на могілкавай дошцы аб’яў з’явілася паведамленне, дзе камунальнікі “ў чарговы раз нагадваюць” сваякам пра іх права перапахавання сваіх блізкіх, а таксама тлумачаць некаторыя дэталі будучай рэканструкцыі.

У ліку захадаў па добраўпарадкаванні прадугледжаны не толькі ачыстка тэрыторыі могілак ад хмыззя і карнявой сістэмы ды пасеў газоннай травы, але таксама і “знос каменных надгробкаў з недагледжаных магіл, агароджаў з дагледжаных і недагледжаных магіл, знос крыжоў з недагледжаных магіл”. І далей: “Знятыя з недагледжаных магіл каменныя надгробкі, не запатрабаваныя сваякамі, будуць пахаваныя на тэрыторыі могілак. Надгробныя камяні на магілах, за якімі даглядаюць сваякі, застануцца на месцах пахаванняў”.

Больш за ўсё тут бянтэжыць слова “недагледжаны”. Якія яго паняційныя межы, якія крытэрыі ацэнкі?

— У цяперашнім заканадаўстве такое паняцце адсутнічае, — тлумачыць намеснік старшыні Беларускага камітэту ICOMOS Цімафей Акудовіч. — Гутарка вядзецца толькі пра надмагільныя збудаванні, якія не падлягаюць рамонту. Тэрмін, пагадзіцеся, таксама вельмі расплывісты, але, тым не менш... Паводле закона, неабходна спярша апавясціць сваякоў нябожчыка — скажам, павесіўшы на магілцы адпаведную шыльду, — потым пачакаць два гады, і калі надмагілле за гэты час не будзе прыведзена да ладу, яго належыць замяніць на ідэнтыфікацыйны знак — таблічку з інфармацыяй пра пахаваную тут асобу.

Найбольшыя пытанні ў дадзеным выпадку выклікаюць надмагіллі, што з’явіліся яшчэ ў мінулыя стагоддзі. Тут амаль у ста працэнтах выпадкаў на сваякоў спадзявацца не выпадае — дзе яны цяпер? Зрэшты, у Дзяржынску ўжо быў апрабаваны варты пераймання алгарытм дзеянняў. Неабыякавыя да гісторыі жыхары, а таксама вядомы скульптар Ігар Засімовіч сваімі высілкамі і коштамі аднавілі зруйнаваны помнік самай вядомай асобе з пахаваных на могілках — доктару медыцыны Віленскага універсітэта Юзафу Абламовічу.

— І вось, не так даўно выявілася, што ў Польшчы жыве ягоны прапраўнук, — распавядае адна з удзельніц гэтага пачыну Вераніка Матусевіч. — Ён не ведаў, дзе магіла яго продка, шукаў яе ў Негарэлым, якім калісьці валодалі Абламовічы. А зараз, калі надарыцца магчымасць, збіраецца сюды прыехаць.

Суразмоўца спадзяецца, што з часам і некаторыя іншыя старыя магілы перастануць быць “безгаспадарнымі” — калі яны, вядома, застануцца на сваіх месцах...

/i/content/pi/cult/525/11341/2-2.jpg

Могілкавая эстэтыка?

Занепакоенасць краязнаўцаў і некрапалістаў лёгка патлумачыць — асабліва пасля таго, як яны прачыталі на той самай дошцы аб’яваў наступны сказ: “У далейшым на могілках для ўвекавечвання памяці памерлых і пахаваных людзей прадугледжваецца ўстаноўка памятнага знаку з таблічкамі, дзе будуць занесены іх прозвішчы...” Клады — гэта своеасаблівы помнік сваёй эпохі, і ўжо хаця б таму пахіленыя пліты з “яцямі” наўрад ці можна замяніць на сучасны мемарыяльны знак. Бо замена будзе неадэкватнай.

Зрэшты, казаць пра гэта, відавочна, зарана. Да нядаўняга часу характар запланаванай рэканструкцыі падаваўся даволі няпэўным. Цяпер захады мясцовых улад ужо прынамсі маюць вызначанае рэчышча. Як паведаміла Валянціна Марчук, заключаны дагавор з праектнай арганізацыяй, якая атрымала немалы досвед добраўпарадкавання такіх спецыфічных аб’ектаў, як могілкі. Праца ландшафтных дызайнераў яшчэ не завершана, але агульны падыход вызначаны ад пачатку.

— Без сумневу, могілкі застануцца могілкамі, хаця і набудуць прыгожы сучасны выгляд, — кажа Валянціна Марчук. — І пры гэтым ставіцца задача абавязкова захаваць тыя пахаванні, якія маюць гістарычную каштоўнасць альбо даглядаюцца сваякамі. Магчыма, надмагіллі давядзецца на нейкі час зняць, каб выраўняць пляцоўку. Але потым яны вернуцца на свае месцы.

Перад захадамі па наданні могілкам эстэтычнага выгляду неабходна вырашыць чыста “тэхнічную” задачу — ачысціць тэрыторыю ў паўтара гектара ад карнявой сістэмы. Па словах Валянціны Марчук, зрабіць гэта без дапамогі спецтэхнікі практычна немагчыма.

— Але ніякіх пераносаў магіл і стварэння групавых пахаванняў не будзе, — запэўнівае яна. — Хіба што, можа, камусьці давядзецца адмовіцца, скажам, ад агароджаў...

Вярнуць “усё як было” збольшага магчыма — яшчэ да пачатку “бульдозернай рэканструкцыі” койданаўскі энтузіяст Андрэй Бараноўскі зрабіў падрабязны вопіс пахаванняў ды іх фотафіксацыю. Па словах Валянціны Марчук, напрацоўкі мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў абавязкова будуць улічвацца пры стварэнні праекта.

...Напэўна, не ў мяне аднаго зачапілася вока за выраз “прыгожы сучасны выгляд“. Ці прымяняльны ён у дадзеным выпадку? Ці настолькі тут важны эстэтычны аспект? Гэтае і многія іншыя датычныя старых могілак пытанні (уключна са стаўленнем да “забытых” сваякамі магіл) пакуль што з’яўляюцца дыскусійнымі, і думкі сустракаюцца самыя розныя... Ды і ўвогуле, пытанняў тут пакуль значна больш, чым адказаў.

Як запэўніла Валянціна Марчук, перад пачаткам увасаблення праект рэканструкцыі пройдзе стадыю шырокага грамадскага абмеркавання. Напэўна, менавіта з гэткага “веча” варта заўсёды пачынаць падыход да такой вельмі няпростай тэмы, як рэканструкцыя могілак. А потым ужо —спецтэхніка...

Адметна, што добраўпарадкаванне могілак прымеркавана да святкавання чарговага юбілею Дзяржынска-Койданава. Лічба ўнушае павагу — 870 гадоў!

“Апрача сваёй старажытнасці Койданава нічым іншым не вызначаецца,” — пісаў у свой час Уладзіслаў Сыракомля. За прамінулыя паўтара з гакам стагоддзі адметнасцяў яшчэ паменела: ад найважнейшай з іх — кальвінскага збору — засталося хіба пару каменьчыкаў. Па вялікім рахунку, толькі паасобныя камяні і сведчаць пра даўні век ды багатую гісторыю цяперашняга спадарожніка Мінска, які жыве сваімі сучаснымі дынамічнымі рытмамі. І большасць з тых камянёў — менавіта надмагільныя помнікі.

— Безумоўна, мы будзем вельмі ўважліва і асцярожна падыходзіць да гэтай тэмы, разумеючы яе значнасць для нашага грамадства, — запэўнівае галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Ніна Жэндзерава. — І тут галоўнае — не нашкодзіць...

Фота аўтара