“У будучыні — нашы крылы…”

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Кароткія нататкі з выстаўкі Уладзіміра Стэльмашонка
У Нацыянальным мастацкім музеі — пасмяротная выстаўка жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка пад назвай “Летапіс часу”.

/i/content/pi/cult/523/11285/9-1.jpg

Уладзімір Стэльмашонак. "Радавод Мікалая Радзівіла Сіроткі".

Гэтае імя добра вядомае не толькі на прасторах нашай краіны, але і далёка за яе межамі: на радзіме продкаў жывапісца ў Асіповічах існуе мастацкая галерэя яго імя, шмат манументальных твораў упрыгожваюць экстэр’еры і інтэр’еры гарадоў Мінска ды Салігорска, крымскага Місхора і нямецкага Патсдама; ён быў ганаровым грамадзянінам горада Трэнтан штата Нью-Джэрсі (ЗША), і ў свой час — старшынёй Камітэта Вярхоўнага Савета СССР па культуры, дзе прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы Закону аб культуры. А яшчэ двойчы выбіраўся старшынёй Праўлення Саюза мастакоў БССР. Але, канешне ж, мастацтва заўсёды было ў яго на першым месцы. Прага “ахапіць неахопнае” прымушала яго працаваць і ў станковым жывапісе, і ў мазаіцы, і ў вітражы, і ў зграфіта, і ў акварэлі ды малюнку, і ў сцэнаграфіі. Наогул, ён быў чалавек вельмі шырокага дыяпазону — не толькі як творца, але і як грамадзянін, для якога ў аснове асноў заўсёды былі стратэгічныя праблемы развіцця нацыянальнай культуры ды эстэтычнага выхавання моладзі.

Так здарылася, што ён, народжаны 7 лютага 1928-га, шасці месяцаў не дажыў да свайго 86-годдзя... І вось зараз, праходзячы па музейнай галерэі з яго цудоўнымі творамі, мы зноў успамінаем Уладзіміра Іванавіча — гэтага нястрымнага, турботнага чалавека, які імкнуўся ў сваёй творчасці знайсці нешта новае і ў тэматыцы, і ў вобразна-стылістычнай пластыцы, і ў спалучэнні жывапісу з разьбой па дрэве, аплікацыяй, калажам, народным арнаментам і нават з выкарыстаннем тэксту ў сюжэтна-фігуратыўнай ды партрэтнай кампазіцыі.

Памятаю, як гадоў дзесяць таму ў музеі з вялікім поспехам працавала яго персанальная выстаўка. Здаецца, тое быў люты 2004-га. На вернісажы мастак усім без выключэння наведвальнікам дарыў свае акварэлі ды малюнкі. І было вельмі прыемна глядзець, як у вестыбюлі, ад увахода да параднай лесвіцы, выстройвалася чарга, каб займець рукатворны кавалачак “душы” мастака з яго аўтографам. Больш такіх выпадкаў цесных сувязей творцы і гледача ў час вернісажаў я ніколі не сустракаў…

У экспазіцыі палову месца займаюць палотны Стэльмашонка 1960 — 70-х гадоў, а другую частку — акварэлі ды малюнкі, створаныя ў асноўным на радзіме і ў час вандровак па краінах свету. Гэта быў той прыхільны, добразычлівы час, калі, нягледзячы на ідэалагічны прэсінг, нараджалася новае беларускае нацыянальнае мастацтва ў выглядзе “новай хвалі” — шасцідзясятнікаў. Сённяшнім чытачам “К”, асабліва маладым, гэта важна ведаць, інакш не зразумееш таго, што сёння адбываецца ў нашым мастацтве, што мы набылі новага і што страцілі. А страцілі, асабліва ў духоўным плане, шмат чаго… Тады ж у культурную прастору першай “адлігі” ўварваліся параўнальна маладыя, дужыя, шпаркія, нецярплівыя, задаволеныя тым, што рабілі, мастакі, якія не сумняваліся ні ў сваім таленце, ні ў сваёй слушнасці, ні ў прызначэнні ды верылі ў сваю зорку. Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Віктар Грамыка, Май Данцыг, Аляксандр Кішчанка, Іван Стасевіч, Георгій Паплаўскі, Арлен Кашкурэвіч, Анатоль Анікейчык — вось толькі некаторыя імёны тагачасных “парушальнікаў спакою”, якія, па сутнасці, і зрабілі “залатую” гісторыю нашага сучаснага мастацтва. І ў гэтай кампаніі Уладзімір Стэльмашонак быў тады ці не на галоўных ролях. Першая вядомасць прыйшла да яго, канешне ж, з напісаннем паяснога партрэта Якуба Коласа. Гэты жывапісны вобраз песняра-сейбіта трывала ўвайшоў у хрэстаматыю беларускай выяўленчай культуры. Пра твор шмат сказана і напісана, таму не буду на гэтым засяроджвацца. Скажу толькі, што падрыхтоўчыя малюнкі да будучага партрэта малады мастак яшчэ студэнтам “Рэпінкі” рабіў на пачатку 50-х, у час прыезду на канікулы з Ленінграда ў Мінск. Рабіў з натуры, калі, незадоўга да смерці, яму пазіраваў сам аўтар “Новай зямлі”...

Але наступная карціна “ВХУТЕМАС. 1921 год”, створаная ў тым жа годзе, нарабіла столькі шуму, што яшчэ доўга выклікала ў мастакоўскіх ды ідэалагічных колах шалёныя спрэчкі і дыскусіі. Як можна, абураліся “правільныя”, так “псаваць вобраз вялікага правадыра Леніна”?! Гэта ж “прамая карыкатура”, “паклёп на нашага дарагога Ільіча”! Ну, вобраз Крупскай — гэта яшчэ сяк-так. А вось Ленін… Тут мастаку трэба задумацца… Нагадаю, гаворка ў карціне ішла пра наведанне 21 лютага 1921 года Леніным з Крупскай студэнтаў-камунараў інтэрната Вышэйшых дзяржаўных мастацка-тэхнічных майстэрняў (ВХУТЕМАС) на чацвёртым паверсе дома № 21 па вуліцы Мясніцкай. Мастак у дэкаратыўна-яркім рамантычным ключы паказаў групу вясёлых маладых людзей з такімі ж вясёлымі Леніным і ягонай жонкай — без усякай пафаснасці, без прагінання перад аўтарытэтам. Ён ліквідаваў той “п’едэстал”, без якога ніхто з мастакоў тады не абыходзіўся, калі звяртаўся да Ленініяны.

Менавіта з гэтага палатна пачалася новая стылёвая эвалюцыя ў мастацтве Стэльмашонка. Яна грунтавалася на глыбокіх традыцыях беларускай народнай творчасці, нацыянальнага арнаменту, на духоўным асэнсаванні спадчыны ды гісторыі грамадскай думкі. І гэта яскрава выявілася ў карцінах “Свята ў камуне”, “Сыны Радзімы”, “Успаміны”, “Слова пра Беларусь”, “Славутасці Беларусі”, “Акцябрыны — чырвоныя хрэсьбіны”, “Народныя камісары БССР”, “Родны дом”, серыі партрэтаў, у тым ліку Рыгора Шырмы, дзеда Талаша, Максіма Гарэцкага, “Мужчынскі партрэт. Зона. Чарнобыль”, Максіма Багдановіча. І калі ідзеш па выстаўцы — такое адчуванне, быццам увачавідкі “чытаеш” ды наноў асэнсоўваеш у фарбах і вобразах нашу вялікую гісторыю…

У экспазіцыі прадстаўлена частка серыі жывапісных партрэтаў магнацкага роду Вялікага Княства Літоўскага — Радзівілаў. Над імі мастак працаваў больш за дзесяць гадоў. З дадзенай фаміліі паходзілі дыпламаты ды ваяры, пісьменнікі і кампазітары, драматургі ды мецэнаты, апекуны мастацтва і рамёстваў. З соцень прадстаўнікоў гэтай славутай дынастыі яго ўвагу прыцягнулі тыя, хто зрабіў заўважны ўклад у гісторыю айчыннай і еўрапейскай культуры. Сярод іх — Вайшунд, родапачынальнік Радзівілаў, а карціна “Радавод Мікалая Радзівіла Сіроткі” — нейкая пластычная квінтэсэнцыя галоўных вобразаў гэтай унікальнай у гісторыі Беларусі сям’і. Калісьці Уладзімір Іванавіч расказваў мне, што да роду Радзівілаў меў нейкае дачыненне… Джон Кенэдзі! Ён быў хросным бацькам пляменніцы сваёй жонкі Жаклін. А гэтая пляменніца, дакладна вядома, належыла да роду Радзівілаў. Вось такія дзіўныя метамарфозы бываюць у гістарычных хітраспляценях…

І — “Аўтапартрэт” 1993 года, можна сказаць, духоўны “ключ” экспазіцыі. Створаны тэмперай партрэт вельмі цікавы, напоўнены эмацыйнай выразнасцю ды філасофскай глыбінёй думкі. Гэта сапраўдны вобраз-сімвал. Вобраз-рэальнасць. Бег часу. Стан душы. Прастора вечнасці. Вобраз адкрытых магчымасцей. Ахматаўскае “Как в прошедшем грядущее зреет, так в грядущем прошлое тлеет…” — пасляслоўе да расповеду пра жыццё аўтара. Тут — мастацтва са складанай структурай, дзе важную вобразную ролю адыгрывае і нязвычнае дэкаратыўнае афармленне падвойнай драўлянай рамы з прымяненнем натуральных бярозавых ствалоў…

Аднойчы, на пачатку 2006 года, я спытаў у Уладзіміра Іванавіча, што ён думае пра будучыню Беларусі. І мастак адказаў: “Мы, беларусы, рушылі ў вялікую ды нялёгкую дарогу, каб пабудаваць незалежную дзяржаву. На кожным шляху шмат прыпынкаў і паваротаў, бар’ераў ды ўхабаў, і мы павінны іх пераадольваць. Ёсць, ёсць маякі, што асвятляюць нам дарогу. Яны перш за ўсё — у духоўнай прасторы. Яны выпраўляюць нас у далейшы шлях, умацоўваючы сілы. У будучыні — дабро. У будучыні — магніт. У будучыні — рэальнасць. У будучыні — нашы крылы. Але трэба ведаць і любіць сваю мінуўшчыну, калі яна з’яўляецца з пражытых глыбінь. Інакш — нельга…”

Мінула амаль дзесяцігоддзе, але словы мастака і сёння гучаць вельмі надзённа… Дый усю сённяшнюю выстаўку Стэльмашонка можна смела лічыць “маяком”, які асвятляе нам дарогу ў духоўную прастору дня заўтрашняга…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"