— Распавяду пра стварэнне першых культурных цэнтраў новага тыпу ў Польшчы. Нейкі — у добрым сэнсе! — вар’ят, кампазітар вырашыў, гледзячы штодня на адзін з закінутых заводаў Варшавы, што хоча тварыць тут. Набыццё гмаху запатрабавала каласальных інвестыцый — ён прадаў абсалютна ўсё, каб атрымаць будынак. Да сёння не вядома, ці вярнуліся яму грошы. І — пачалося аднаўленне вялізнага заводскага будынка. На дзіва, многія прыйшлі туды і пабачылі сябе ў той прасторы. А цяпер праект “Fabryka Trzciny” налічвае больш як дзве тысячы ўдзельнікаў.
І я да яго далучылася па першым часе. Мы з асаблівым трапятаннем падышлі да рамонту і афармлення прасторы. Многія дэталі глядзяцца як дызайнерскія рашэнні, хаця насамрэч яны выконваюць пэўныя функцыі.
Шчыра кажучы, каманда гэтая аказалася лепшай з тых, з якімі даводзілася працаваць: вельмі зладжаная ды таленавітая. Нашай перавагай было валоданне кожным з нас рознымі ведамі і здольнасцямі.
А вось досвед прамысловага горада Лодзь. Некалькі чалавек з дзяржаўнай дапамогай (у першым выпадку гаворка ішла пра цалкам прыватны праект) сабраліся і стварылі муніцыпальную ўстанову — таксама на аснове заводскага будынка. Такія велізарныя памяшканні трэба было тэрмінова ўключаць у якія-небудзь маштабныя праекты. Так, мы правялі ў Лодзі самы папулярны на сёння ў Польшчы Фестываль дызайнераў, а ў яго рамках — і Тыдзень моды. Гэта паспрыяла раскрутцы месца і павелічэнню пазнавальнасці горада.
Мы заўважылі, што людзі лёгка дзеляць сябе на творчыя групы ды займаюцца сваімі распрацоўкамі, далучаючы да працэсу і мясцовых жыхароў. Колькі гадоў таму ўзнімалася нават пытанне аб азеляненні некаторых тэрыторый горада, чым мы ўсе ахвотна і заняліся. Жыхары, у сваю чаргу, часта дапамагаюць нам з размяшчэннем прыезджых гасцей: уявіце, як эканомяцца сродкі, калі не трэба карыстацца гатэлем!
Усё гэта выдатна, але мы ўвесь час мелі патрэбу ў грошах, таму было вырашана здаваць частку памяшканняў для офісаў, а таксама для маладых творцаў і бізнесменаў: дызайнераў, швачак, праграмістаў, рамеснікаў... Такім чынам і быў створаны “арт-інкубатар” у адным з карпусоў вялізнага завода.
Фота Школы супергерояў