ДШМ: як падтрымаць?

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Знакаміты музыкант, піяніст, прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Юрый РОЗУМ у час прыезду на канцэрт “Таленты Беларусі і Расіі” ў Белдзяржфілармоніі распавёў “К” пра яшчэ адзін свой від дзейнасці — дабрачыннасць.

— Фонд быў створаны з “мініяцюрнымі” мэтамі. Спачатку мы думалі, што падтрымаем адну музычную школу, якая літаральна памірала ў Падмаскоўі, тулячыся ў доміку былога дзіцячага садка. Я даваў там канцэрты. Пры гэтым з даху капала і настаўніца ўстановы, седзячы побач, працірала анучкай свабодныя ад ігры ўчасткі клавіятуры... Гэта адбывалася щ так званай “канцэртнай зале”.

Усё ж вырашыў зрабіць для іх нармальную музычную школу, таму сабраў сяброў. Першай адгукнулася Людміла Зыкіна — блізкі сябар нашай сям’і. Яна была сяброўкай мамы з першых дзён іх знаёмства. Мама, працуючы хормайстрам хору Рускай песні, узяла Зыкіну на працу. І калі ў мяне ўзнікла гэтая сітуацыя са школай, я паехаў па-сяброўску параіцца з цёткай Людай. Яна сказала: “Бярыся, я цябе падтрымаю. Наогул, гэта патрэбная справа. Ведай, што цябе чакае не толькі школа, — ты пачнеш займацца адразу ў многіх кірунках. Не спыняйся на гэтым: той, хто думае пра малое, малога і дасягае, а той, хто думае пра многае, мае зусім іншыя вынікі”.

З некалькімі стыпендыятамі першы ж дзень існавання фонду мы адзначылі яго фестывалем мастацтваў “Зорны”. Назвалі яго так таму, што ён стартаваў у Зорным гарадку, і цяпер традыцыйна праходзіць там. Гэта тэрыторыя Шчолкаўскага раёна, дзе і месціцца тая школа. З гэтай нагоды пайшло і сяброўства з касманаўтамі, а Валянціна Церашкова ўвайшла ў апякунскі савет фонду…

У тым раёне праз тры гады мы атрымалі шыкоўны будынак для школы — з добрай залай, прасторнымі класамі, новымі інструментамі. Фактычна ўстанова стала школай мастацтваў — кінематаграфіі і жывапісу, танцаў і харэаграфіі, вакалу і тэатра. Туды імкнуцца аддаць дзяцей. І можна было б спыніцца ў падтрымцы, але як тое зробіш, калі сотні дзяцей за гэтыя гады, атрымаўшы падтрымку ў розных кірунках, становяцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў, стыпендыятамі…

На сёння рэалізавана Праграма падтрымкі музычных школ у дзясятках гарадоў Расіі. Нават не падтрымкі, а, у нейкай ступені, — выратавання, паколькі лёс агульнай пачатковай музычнай адукацыі выклікае ў нашай краіне заклапочанасць. На жаль, гэта — з’ява часу. Наша праграма сфарміравана з дапамогай Міністэрства культуры Расіі. Сярод праектаў — конкурс музычных школ і школ мастацтваў “Дзе нараджаецца мастацтва”. Апошнія рыхтуюць прэзентацыі, прыязджае экспертны савет, выбірае лепшых па рэгіёне, узнагароджвае грашовымі прэміямі, затым ідзе абсталяванне тэхнікай, забеспячэнне інструментамі. А напрыканцы года разыгрываецца Гран-пры — канцэртны раяль. Праграма дапамагла выратаваць ад закрыцця некалькі школ, што я лічу вялікім дасягненнем, бо кожная школа — гэта дзясяткі выкладчыкаў, сотні вучняў. Каб не падтрымка дзяржавы і фонду, то дзеці вымушаны былі б хадзіць хіба ў нейкія гурткі пры клубах…

Неаднойчы думалася: ці варта прыкладаць такія намаганні? Бо ў маштабах краіны падобныя акцыі — кропля ў моры… Але калі ты бачыш вынікі, разумееш, што такая магчымасць дадзена нездарма. Уласна, дзве трэція маіх канцэртаў — для таго, каб паказаць дзяцей, каб знайсці новых партнёраў, таму што кожны месяц 70 — 80 чалавек атрымліваюць стыпендыю да пяці тысяч расійскіх рублёў.

Правяду паралель: Фонд Співакова вядомы, там — сотні стыпендыятаў, але яны не атрымліваюць стыпендыі, а даюць канцэрты. У нас стыпендыят — чалавек, які атрымлівае матэрыяльную падтрымку. Пры гэтым мы не робім акцэнт на тое, паходзіць дзіця з забяспечанай сям’і ці не...

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст