Опера можа... і “даўгабуд” зрушыць

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Чаму формула “мінімум сродкаў — мінімум мастацтва” не пасуе
Цікавы і эрудыраваны суразмоўца Рыгор САРОКА, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Музыкант, дырыжор, выкладчык, кіраўнік — да яго можна прымяніць хадзячую фразу “чалавек, апантаны сваёй працай”. А прадметам гутаркі сталі тыя тэндэнцыі, што хвалююць бадай кожнага работніка культуры. Урэшце, некаторыя моманты мы закранулі хіба пункцірам.

/i/content/pi/cult/517/11161/6-1.jpg

Рыгор Сарока за дырыжорскім пультам. / Фота Юрыя ІВАНОВА

— Рыгор Сямёнавіч, ваша дзяцінства прыпала на пасляваенныя гады. Што паўплывала на выбар прафесіі — з улікам таго, што вёска Турэц-Баяры, дзе вы нарадзіліся, знаходзіцца далекавата ад культурных цэнтраў?..

— Дзяцінства згадваю з цеплынёй. Яно запомнілася атмасферай сяброўскасці, калі вёска жыла як адна сям’я. Між іншым, тады ў ёй размаўлялі па-беларуску, што і я раблю як найчасцей і цяпер. А яшчэ тады ніхто не піў. Не толькі дзеці, але і дарослыя гулялі ў спартыўныя гульні, у лапту, пікер, чыжыка… На Вялікдзень хадзілі па вуліцах з Віфлеемскай зоркай, а ў школе дзейнічалі аматарскі тэатр ды хор хлопчыкаў, у якіх і я браў удзел. Калі ў роднай хаце, першай з усёй вёскі, дзякуючы бацьку з’явілася радыё, вяскоўцы збіраліся ў нас, каб паслухаць навіны. Я ж гадзінамі праседжваў ля радыёкропкі, слухаючы тэатральныя пастаноўкі, у прыватнасці — “Паўлінку”, а таксама казачныя спектаклі і, вядома ж, музычныя трансляцыі. Прыкмеціўшы маё захапленне музыкай, бацька падарыў гармонік, а потым — і першы баян. Я граў на ім пад час танцавальных вечарынак для моладзі, а разам з татам мы прымалі ўдзел у конкурсах мастацкай самадзейнасці. Так і прыйшло трывалае жаданне стаць музыкантам. Праўда, у маладзечанскую музычную школу з першага раза мяне не прынялі. Чаму? Відаць, там не змаглі ўявіць, як я буду амаль кожны дзень ездзіць на заняткі за дваццаць кіламетраў… І тады, каб я мог нармальна вучыцца, бацька пабудаваў у самім Маладзечне дом, куды мы пераехалі ўсёй сям’ёй. За два гады давялося экстэрнам прайсці ўсю праграму музычнай школы і паступіць у музычнае вычылішча, а потым — у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю...

— Што падштурхнула да музыкі, вы распавялі, а хто стаў, так бы мовіць, навігатарам у яе свеце? Каго з педагогаў згадваеце і сёння?

— Усе! І не толькi педагогі Кансерваторыі. Яшчэ я хлапчуком ездзіў у вёску Лебедзева, каб браць першыя ўрокі ў баяніста-самавука Мікалая Корсака. У музвучылішчы працавалі выдатныя настаўнікі па класе баяна — Уладзімір Скляроў і Ульян Шпадарук, а ў Кансерваторыі я займаўся ў Валянціна Пісарчыка, носьбіта моцнай маскоўскай школы. Любоў да дырыжыравання — заслуга Аляксандра Майзлера. Прафесар Міхаіл Солапаў не вучыў мяне як выкладчык, але заўжды важна атрымаць ад яго параду, заўвагу або слова падтрымкі…

— Вы кіруеце Маладзечанскім музычным каледжам 35 гадоў. Ці лічыце сябе ідэальным дырэктарам? І — мяркую, пытанне па адрасе — вось што цікава: якімі якасцямі мусіць валодаць кіраўнік у сферы культуры?

— (Усміхаецца.) У каледжы кажуць так: “З ім цяжка, але — не сумна”. У нашай сферы кіраўнік павінен быць спецыялістам і прафесіяналам. Ён павінен ставіцца з павагай ды любоўю да людзей, таму што ва ўстановах культуры ў кожнага супрацоўніка — свой талент. Нармальны кіраўнік яго знойдзе і выхавае. Нельга закрэсліваць асобу і таптаць за недахопы. Чалавек сцерпіць жорсткасць, але не пацерпіць знявагі. На пасадзе не трэба акружаць сябе вузкім колам сяброў і ствараць для іх “аазіс”. А вось самакрытыка ніколі не пашкодзіць, бо яна, да ўсяго, спыняе запальчывасць. Вось праз апошняе я штораз пасля нейкіх вострых сітуацый заўжды перажываю. Што яшчэ? Не люблю ліслівасці. Са студэнтамі вяду сябе дэмакратычна, з гумарам, бо для моладзі неабходна ствараць такую атмасферу, каб яны хацелі з праўдзівым задавальненнем, скажам, граць у аркестры. Менавіта такі настрой я і культывую.

— А кім сябе больш адчуваеце: дырэктарам ці музыкантам?

— Пасада — рэч часовая. А прафесія — адна на ўсё жыццё.

— Магчыма, дылетанцкае пытанне: якое месца ў рэйтынгу профільных устаноў нашай краіны займае Маладзечанскі музычны каледж?

— Слабых устаноў нашага профілю ў нас наогул няма. Усюды маюцца свае асаблівасці, і прадуктыўная праца залежыць ад таго, наколькі кіраўнік створыць спрыяльныя ўмовы. Мы такія ўмовы, думаецца, стварылі. Каледж сваёй канцэртна-асветніцкай дзейнасцю замяніў філармонію, якой доўгі час бракавала Маладзечну і Мінскай вобласці наогул. Толькі сёлета з сімфанічным аркестрам каледжа падрыхтавалі праграмму “Веліч раманса”, у якой спяваў наш выпускнік — бас-барытон Уладзімір Александровіч, прынялі ўдзел у Днях беларускага пісьменства ў Заслаўі. Калі браць шырэй, дык ганарымся выпускнікамі-вакалістамі, якія працуюць у нас і ў замежжы опернымі спевакамі, адзначу таксама оперныя спектаклі пад брэндам установы. А яшчэ такая цікавостка: пры каледжы дзейнічае аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лічу, што спалучэнне выяўленчай творчасці і музыкі дае ўзбагачэнне!

— Ці ўсе выпускнікі знаходзяць працу пасля заканчэння каледжа?

— На ўсе сто. Мы нават не задавальняем наяўныя прапановы і заяўкі. У Мінскай вобласці дзейнічае 95 музычных школ з рознай колькасцю навучэнцаў і, адпаведна, штатам выкладчыкаў. Скажам, у адной Маладзечанскай дзіцячай музычнай школе вучыцца каля шасці соцень дзяцей. Попыт на спецыялістаў ёсць заўседы. І маё меркаванне: вельмі добра, што дзяржава нават у самыя складаныя гады захавала пачатковую музычную адукацыю вы ўсе правераныя дзесяцігоддзямі элементы творчай адукацыі. Культура нацыі — гэта не жарты.

— А як ставіцеся да спроб перавесці культуру на самафінансаванне?

— Культура, мастацтва не выжывуць без дастаковага фінансавання з боку дзяржавы. Гэта не варта і абмяркоўваць. Але ў Еўропе той жа аркестр невялікага горада, акрамя дзяржаўнай падтрымкі, атрымлівае дапамогу ад спонсараў. І музыкант, апроч сталай заработнай платы, мае і даплату ад партнёраў творчага калектыву. Формула тут такая: мінімум сродкаў — мінімум мастацтва. А спевы “пад фанеру” — ці ж гэта мастацтва?

— А каледж закрануў працэс аптымізацыі сферы культуры?

— Гаворка пра гэта, прынамсі, вялася. Але мы прывялі свае аргументы — і з намі пагадзіліся. У першую чаргу, каледж — адукацыйная ўстанова, дзе ёсць зацвержаны навучальны план. Пад заяўленыя ў ім прадметы — колькасць гадзін і неабходны штат выкладчыкаў. Але, скажаце, маецца ж і тэхнічны персанал, да прыкладу. Так, маецца. Напрыклад, прыбіральшчыца. Але ў яе — свае нормы па прыборцы памяшканняў. Скараці штатную адзінку — хто будзе замест яе тыя квадратныя метры прыбіраць? А пагатоў нельга змяняць праграму. Малады спецыяліст павінен выйсці з навучальнай установы адукаваным.

— Прапаную вярнуцца да творчых спраў. Па вашай ініцыятыве ўзнік Маладзёжны музычны народны тэатр. Ім пастаўлены пяць опер. Што вамі рухала?

— Гэта была мара дзяцінства, калі хлопчыкам слухаў пласцінкі з запісамі опер Пятра Чайкоўскага. А потым, калі ўжо пачаў кіраваць аркестрам каледжа і ў рукі ўзяў партытуру “Алека”, ізноў “захварэў” такой ідэяй. Тут, у канцэртнай зале ўстановы, паставіць оперу было немагчыма, бо няма аркестровай ямы. Таму я як ніхто іншы быў зацікаўлены, каб “даўгабуд” — гмах Палаца культуры Маладзечна — нарэшце быў завершаны. Са сваімі прапановамі звярнуўся да тагачаснага старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалая Дамашкевіча. У выніку вобласць і горад атрымалі прыгожы культурны цэнтр, а я — пляцоўку для рэалізацыі ўласнай мары. Рызыкаваў? Так! Опера ж — гэта яшчэ тая махіна! Калісьці глядзеў на оперных дырыжораў, як на багоў. У сэнсе дырыжорскай тэхналогіі іх справа — найвышэйшы пілатаж. Паспрабаваўшы, і я атрымаў каласальны досвед. Гэта школа і для вакалістаў з ліку навучэнцаў, і вопыт музіцыравання для аркестра. Адна справа — граць сольна, іншая — у “камандзе”. Яшчэ сваім досведам даказаў, што оперу можна стварыць у любым горадзе, нягледзячы на яго адміністратыўнае падпарадкаванне. Вось, да прыкладу, маленькая Эстонія мае тры оперныя тэатры! Чым мы горшыя? Гэтак узбагацілі і праславілі наш горад, так могуць зрабіць і ў іншых кропках краіны…

— Перспектывы Маладзёжнага музычнага тэатра…

— Думаю вярнуцца на новым узроўні да “Яўгенія Анегіна” ды “Іаланты”. А апошняй з пастаўленых на сёння операй “Невядомы партрэт” — пра жыццё Міхала Клеафаса Агінскага — мне хацелася б даць штуршок і стымуляваць айчынных кампазітараў у справе стварэння менавіта нацыянальных опер.

— Спадар Рыгор, якую прафесію вы выбралі б для сябе, каб не сталі музыкантам?

— Памятаю дзіцячыя мары пагодкаў: усе марылі стаць лётчыкамі… Я ў гэтым сэнсе шчаслівы: музыка ўзяла мяне ў палон!

— Каб у вас была старонка ў сацыяльных сетках, які статус агучылі б на ёй сёння?

— Я вучу ўсіх быць пазітыўнымі. Ты прачнуўся, і тое, якім будзе гэты дзень, — залежыць толькі ад цябе. Я не чакаю цудаў, а буду іх рабіць сам. Дзякуй, што жыву, працую, што захаваў свой знешні выгляд, фізічную форму (жонка мяне за гэта, між іншым, раўнуе). Дзякуй, што ў мяне ёсць любімая праца, Радзіма, якую я не пакіну, аркестр, дзеткі, унукі!..

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр