Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці:
— Радуе любая магчымасць сустрэцца са спецыялістамі, якія працуюць у галіне народнай творчасці не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, абмеркаваць набалелыя пытанні, абмяняцца досведам… Бо сёння перад намі, дырэктарамі і супрацоўнікамі цэнтраў і дамоў народнай творчасці, стаіць адна праблема: захаваць тое, што засталося нам ад бацькоў, дзядоў ды прадзедаў...
На Міншчыне ў плане захавання традыцыйнай культуры робіцца шмат… Як вядома, у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі ўнесены 11 аб’ектаў з нашай вобласці (сёлета, дарэчы, мы падалі дакументы на прысваенне такога ж статуса яшчэ 10 аб’ектам), а абрад “Цары” з вёскі Семежава заняў пачэснае месца ў Спісе сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESСO. Не магу не згадаць і тое, што, згодна з Абласной праграмай “Традыцыйная культура і дзеці” на 2006 — 2010 гады, мы змаглі прыцягнуць да ўдзелу ў адраджэнні народных традыцый малодшае пакаленне жыхароў Міншчыны. Напрыклад, дзякуючы гэтаму ў Клецку цяпер ладзіцца Абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”… Дарэчы, такую ж абласную праграму мы плануем і на 2015 — 2020 гады: усе неабходныя дакументы пад гэта падрыхтаваны…
Яшчэ адной адметнасцю Міншчыны на сёння з’яўляецца тое, што традыцыйныя беларускія паясы ў нас ткуць у кожным раёне. Дзякуючы гэтаму мы змаглі зладзіць абласное свята-конкурс майстроў ткацтва і пляцення паясоў “Беларускі пояс” ва Уздзе (там, дарэчы, самым бліжэйшым часам будзе арганізаваны Музей пояса — унікальная ўстанова культуры не толькі для Міншчыны, а і для ўсёй Беларусі). А яшчэ ў нас распачата традыцыя правядзення Абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы” ў Слуцку. Першая такая імпрэза адбылася летась. З наступнага года, згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады, гэтую акцыю будзем ладзіць штогод…
Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:
— Адна з праблем у галіне народнай творчасці, на мой погляд, — кадравая. Нам не хапае спецыялістаў, якія працавалі б у раёнах менавіта ў сферы традыцыйнай культуры. Натуральна, мы і самі ладзім у сваім Цэнтры курсы па павышэнні кваліфікацыі, дзе вучым культработнікаў таму або іншаму віду рамёстваў, даём агульныя ўяўленні аб народных традыцыях… Але ўсё адно такіх спецыялістаў не хапае…
Яшчэ адна праблема: на сяле зараз не так ужо і шмат, як раней, застаецца моладзі, не так шмат там і дзяцей… А засвоіць народныя традыцыі можа, пагадзіцеся, хутчэй той, хто жыве ў сельскай мясцовасці — менавіта там, дзе бытавалі і бытуюць абрады, танцы, песні...
Але ж, як вядома, малады чалавек, нават і жывучы ў вёсцы, можа не мець цікавасці да традыцыйнай культуры. Як яго прыцягнуць, як яго зацікавіць, каб забяспечыць пераемнасць традыцый у тым або іншым паселішчы? Пытанняў у гэтым аспекце сёння больш, чым адказаў… Але я гляджу на будучыню традыцыйнай культуры ў Беларусі з аптымізмам. Напрыклад, на сёння мы ўнеслі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі восем аб’ектаў, і гэтая праца працягнецца ў перспектыве… У тым ліку — з дапамогай маладых людзей, зацікаўленых у захаванні, адраджэнні ды папулярызацыі народных беларускіх традыцый…
Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы:
— Галоўная наша задача, задача ўсіх метадычных цэнтраў — гэта захаваць, зберагчы ўсё тое, што мы адрадзілі: абрады, танцы, спевы… Справа ў тым, што сённяшняя сітуацыя, калі многія арыентаваны на мадэрн, на шоу-бізнес, на атрыманне прыбыткаў, нясе пагрозу для існавання традыцыйнай беларускай культуры. Адна з такіх праблем — гэта распаўсюджанне ў грамадстве пэўнага попыту на замежныя традыцыі: нехта вучыцца танцаваць ламбаду, іншы ходзіць на заняткі, дзе навучаюць танцу жывата, і гэтак далей… Але ж не завітвае туды, дзе навучаюць беларускім народным танцам... Падобны “мадэрн”, як мне падаецца, сёння выглядае сапраўднай пагрозай існаванню аўтэнтыкі...
Між тым, сёння нікога не трэба пераконваць у тым, што беларуская традыцыйная культура вельмі багатая і разнастайная. Але гэтую культуру абавязкова трэба дэманстраваць у сродках масавай інфармацыі, на тэлебачанні, у Інтэрнэце. Напрыклад, мы здаўна супрацоўнічаем з мясцовым, Магілёўскім абласным тэлебачаннем, робім разам тэлеперадачы, выязджаючы ў той або іншы раён вобласці ды запісваючы носьбітаў традыцый. Што да газет, дык публікацыі пра фестывалі і імпрэзы, звязаныя з традыцыйнай культурай, пастаянна з’яўляюцца на старонках рэгіянальных СМІ… Падобную практыку, на мой погляд, варта было б пераняць і ў іншых абласцях, балазе мясцовае тэлебачанне і СМІ сёння існуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны…
Кацярына ЛАБУКА, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:
— Традыцыйная культура — гэта, можна сказаць, аблічча нацыі, ад яе ўсё ідзе, з яе ўсё пачынаецца. І мы, маю на ўвазе абласныя метадычныя цэнтры, павінны сёння рабіць усё магчымае, каб захаваць гэтую культуру, каб не страціць сваё аблічча сярод іншых народаў. І хоць час зараз складаны, бо носьбіты аўтэнтыкі паступова ад нас сыходзяць, усё адно, мяркую, у нас ёсць магчымасць захаваць багацце традыцыйнай культуры ды перадаць яго нашчадкам. І ў першую чаргу, лічу, гэта варта рабіць, абапіраючыся на раённыя дамы рамёстваў, на фальклорныя калектывы. Дый сённяшняя аптымізацыя, калі ў раёнах адбываецца аб’яднанне розных устаноў у культурна-дасугавыя цэнтры, на мой погляд, таксама можа паспрыяць захаванню і адраджэнню аўтэнтыкі.
Якім чынам? Напрыклад, калі аб’ядноўваюцца цэнтры і дамы рамёстваў, як у некаторых раёнах у нас на Віцебшчыне, дык гэта дазваляе больш шырока прапагандаваць той жа фальклор, тыя ж народныя традыцыі, ладзіць этнадыскатэкі і гэтак далей. Але гэта трэба рабіць паступова, без націску, без гвалту, уводзячы пэўныя элементы з народных танцаў, спеваў, гульняў пад час розных мерапрыемстваў... Тады моладзь будзе адгукацца на падобныя этнаімпрэзы, бачыць у спрадвечных традыцыях нешта цікавае і нават моднае ды прэстыжнае…
Святлана КАРЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:
— Нам пашанцавала: шмат аўтэнтычных народных традыцый на Брэстчыне бытуюць да сёння. Іх нават не трэба адраджаць, а трэба падтрымліваць і перадаваць назапашаны досвед маладым пакаленням. Можна сказаць, што ў нас традыцыйная культура — жывая. Гэта не толькі радасць, але і вялікая адказнасць. Напрыклад, той жа ганчарны промысел у вёсцы Гарадная Столінскага раёна дасюль мае жывых носьбітаў традыцый, а з дапамогай мясцовага Цэнтра рамёстваў мы зацікаўліваем ім і мясцовых дзяцей ды падлеткаў. Тое ж самае можна сказаць і пра бондарства, якое паспяхова адраджаецца на Іванаўшчыне і ў іншых раёнах Брэстчыны. Маем 230 фальклорных калектываў, 33 з іх маюць найменні “народны” і “ўзорны”, ладзім фестывалі традыцыйнай культуры, так што ў гэтым плане ў нас ёсць чым пахваліцца.
Адна з асноўных праблем у традыцыйнай культуры на сёння, на мой погляд, — кадравая. Бо спецыялістам па фальклоры трэба не толькі запісваць песні, расповеды, але і фіксаваць усё гэта на паперы, з дапамогай аўдыя- і відэатэхнікі. Значыць, патрэбны людзі, якія ўсё гэта могуць рабіць без асаблівых цяжкасцей. Другое пытанне — наяўнасць тых жа тэхнічных сродкаў, прычым якасных, тых, што адпавядаюць сённяшняму дню. Натуральна, на касеты запісы рабіць сёння не варта, а на лічбавую тэхніку ў мясцовых раённых цэнтрах часам, на жаль, не стае фінансавых сродкаў.
Яшчэ адзін кірунак для дзейнасці — дзіцячыя фальклорныя калектывы. Выхаваць іх — вялікая праца, для якой таксама патрэбны высакакласныя спецыялісты. Шмат у гэтым плане нам дапамагае Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, дзякуючы якому мы і самі вучымся, і бяром вельмі шмат метадычных матэрыялаў, і дэманструем свае здабыткі… Але хоць падобныя калектывы на Брэстчыне ёсць, іх трэба сёння абавязкова падтрымліваць, працаваць з імі, бо з цягам часу менавіта яны будуць прадстаўляць традыцыйную культуру нашага рэгіёна...
Мікалай ШАМШЭНЯ, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці:
— Калі глядзець на сённяшнюю сітуацыю, дык, на мой погляд, казаць пра пагрозу існавання традыцыйнай культуры на Беларусі не выпадае. Натуральна, аўтэнтыку трэба захоўваць, прапагандаваць, зберагаць, што робім і мы, і іншыя цэнтры народнай творчасці. Бо, натуральна, носьбіты традыцый паступова сыходзяць, і таму трэба клапаціцца пра тое, каб зафіксаваць усю ўнікальную культуру свайго рэгіёна, каб данесці яе да будучых пакаленняў.
Але сёння можна ўбачыць і тое, як элементы традыцыйнай культуру ўваходзяць у паўсядзённасць беларусаў. Напрыклад, вяселле ўжо нельга ўявіць без аўтэнтычнага ручніка, спечанага каравая... Больш за тое, у некаторых раёнах вяртаецца традыцыя ўпрыгожваць коней і ехаць на вяселле на вазах — так, як гэта было даўней… Той жа аграэкатурызм, які сёння паспяхова развіваецца ў Беларусі, не можа абысціся без звароту да традыцый: гэта і выступленні аўтэнтычных ансамбляў, і нацыянальная кухня, і прылады працы, і дэкор памяшканняў пры дапамозе кавальскіх ды драўляных вырабаў, і многае іншае…
Зважаючы на ўсё, пералічанае мною, магу сказаць, што традыцыямі сёння цікавяцца, у тым ліку, моладзь ды дзеці — праз гурткі, праз выступленні на розных этнафестывалях, згадайма хаця б тую ж “Берагіню”... А гэта значыць, што аўтэнтыка будзе жыць і ў XXI стагоддзі!..
Фота Юрыя ІВАНОВА і Сяргея ТРАФІЛАВА