— Паміж Ігарам і Ягорам суладдзе цяпер поўнае?
— Думаю, так. Фольк-праектам заняўся даволі асэнсавана. Канешне, спачатку не надта разумеў, у што канкрэтна пераўтворацца намаганні. Аднак не бяды: неяк усё ўладкавалася. Я ўвогуле чалавек гнуткі: калі абставіны вымушаюць змяняцца, я рухаюся, бо гэта — рух наперад.
— Ведаю, што вы — прадпрымальнік, і з нотамі ніколі не сябравалі. У юнацтве ці не кожны з нас засвоіў некалькі гітарных акордаў. Але ўрэшце — ці ж падстава гэта для сённяшніх сур’ёзных заняткаў музыкай?
— Далей пяці акордаў тады сапраўды не пайшоў... Але вось штосьці здарылася са мной. Пачаў займацца жывапісам, вітражамі, захапіўся фальклорам… Я настройваю ўласную музыку, аранжыроўкі па ўласных пачуццях. Балазе ў юнацтве быў меламанам, пісаў вершы і музыка дзесьці ў душы гучала пастаянна…
— А як гэта патлумачыць: чалавек з веданнем пяці акордаў робіць прафесійныя аранжыроўкі? Летам мы змясцілі ваша перастварэнне народнай песні “На моры вутка купалася” на сайце “К” — гучанне вельмі прыстойнае. Ды хто вас абудзіў?
— Я сябрам тлумачу, што патэнцыял у кожным чалавеку — невычэрпны… А абудзіўся, калі пачуў беларускую песню ў выкананні Наталлі Дуброва. Душа, як кажуць, затрымцела ў адказ. Раней гэта хоць і было дзесьці побач, але неяк не заўважалася… Цяпер Наталля — салістка нашай фольк-фармацыі…
— Дык мо гаворка — пра жаданне хоць і ў другой палове жыцця, але самаідэнтыфікавацца?
— Ды плюс юнацкія гітарныя практыкаванні: некалькі песень на рускай мове тады напісаў… У такім узросце цяжка штосьці змяняць, але вельмі хочацца. Ёсць для гэтага падставы: многае асэнсавана, таму ёсць прага далейшай самарэалізацыі. Творчасць — гэта яшчэ адно жыццё ўнутры мяне. Вельмі захапляльны цікавы працэс. Не той узрост, каб камусьці штосьці даводзіць. Даводжу сабе. І да пенсіі не рыхтуюся, як многія мае равеснікі. Кожнаму, урэшце, — сваё.
— Не магу не падтрымаць такую філасофію… А ў дачыненні да самаідэнтыфікацыі зазначу: напэўна, і беларускую генетычную памяць з рахункаў скідваць нельга. Князь Вітаўт у кожным жыве, ды толькі не ў кожным прачынаецца…
— Безумоўна! Пасля знаёмства з прадстаўнікамі гомельскай маладзёжнай суполкі “Талака”, з супрацоўнікамі Гомельскага філіяла Веткаўскага музея пачаў ездзіць з імі ў фальклорныя экспедыцыі. Гэта былі цаглінкі ў падмурак “Ягоравай Гары”.
— Адкуль такая назва?
— Хацеў пазбегнуць тут банальнасцей. Згадаў, што хтосьці калісьці назваў мяне Ягорам. Падалося: трансфармацыя ў беларускі бок вельмі дарэчная. Адсюль — творчы псеўданім чалавека, што нарадзіўся на Палессі, у Гомелі…
— А гару дзе адшукалі?
— У экспедыцыі, калі ездзілі на капішча пад Веткай.
— Куды канкрэтна?
— Ля вёскі Нямкі — Чамярня.
— Ведаю! Там курганоў шмат.
— Вось адтуль і гара… Дарэчы, паездка містычнай была. Адчуванне, што дахаты прыехаў, да продкаў. Нават з часам нешта здарылася. Дзень, як хвіля, праляцеў… Мае дзядуля і бабуля па бацькавай лініі — стараверы. Хоць і жылі ў горадзе, але вялі вясковы лад жыцця: мелі гаспадарку, хатнюю жывёлу… Натуральна, мне, які, праўда, на асфальце вырас, штосьці і ад іх перадалося. Але гэта яшчэ і мая гара... Маё дасягненне. Вяршыня рэалізацыі майго творчага патэнцыялу. Сёння я вельмі адчуваю дух сваіх продкаў і духоўную дапамогу. Толькі так чалавек рэалізуецца па поўнай.
— Год праект “нарошчваў мускулы”: вы ездзілі ў экспедыцыі, збіралі песні, апрацоўвалі іх, вучыліся граць на гітары... Чаму для “экспедыцыйнай лабараторыі” абралі менавіта Веткаўшчыну?
— Музейшчыкі веткаўскія ехалі ў Пералёўку — узялі мяне… Не раз ужо пераконваўся, што калі чалавек сур’ёзна чымсьці займаецца, яму Бог спрыяе: з’яўляюцца аднадумцы, знікаюць перашкоды. Так, калі вырашыў набыць гуслі, пазнаёміўся з Алесем Чумаковым — музыкантам гурта “Стары Ольса”. Набываю ў яго гуслі — першы народны інструмент нашага праекта. Алесь і першыя ўрокі ігры на іх мне даваў. Калі я набыў гуслі, зразумеў, што трэба збіраць ды асвойваць іншыя беларускія традыцыйныя народныя інструменты. На сёння набыў амаль усе жаданыя, чым ганаруся.
— На сёння камфортна сябе пачуваеце ў беларускай культурнай прасторы? Другі год існавання фармацыі быў досыць актыўным у плане канцэртнай дзейнасці…
— Так, сёлета ўдзельнічалі ва ўсіх буйных фальклорных фестывалях рэспубліканскага ўзроўню.
— Усе песні вашага рэпертуару — першародныя?
— Вельмі стараемся гэта рабіць. Адна песня ў розных вёсках гучыць па-рознаму, нават пяць-дзесяць варыянтаў ёсць. Імкнемся знайсці найбольш архаічны.
— Колькі ў праекце ўдзельнікаў? І як вы здолелі іх павесці за сабой?
— Вельмі ўдзячны ім за гэта! Як пайшлі за мной? Сам не разумею. Даверыліся. Відаць, ёсць у мяне здольнасць пераконваць… На сёння ў “Ягоравай Гары” — чатыры ўдзельнікі (асноўны склад): Ягор Паляшук, Наталля Дуброва, Ірына Глушэц і мая жонка Зося, якая мяне вельмі падтрымлівае. Спачатку толькі падпявала, потым пайшла ў школу мастацтваў, знайшла выкладчыка і занялася флейтай, цяпер асвойвае скрыпку. Сабраліся вельмі таленавітыя людзі.
— І тут у вас гармонія… Ведаю, што вы запісваеце дыск. У якім стане праца?
— Яшчэ шмат працы па звядзенні, па гуку. Гэта мае абавязкі, для хуткага і якаснага выканання якіх пакуль не хапае прафесіяналізму. Вучуся. Ёсць некалькі рабочых назваў альбома. Да прыкладу, “На моры вутка купалася”.
— Дарэчы, песня нас прыемна здзівіла…
— Яна і мяне здзіўляе. Гаворка — і пра качку, і пра ткацкі ўток, што завіхаецца ў ніцяным моры… Песня атрымалася празрыстай, паветранай…
— Вы назвалі “Ягораву Гару” фольк-фармацыяй. Як яна ў перспектыве будзе развівацца? Гаворка ж, напэўна, — не толькі пра ансамблі, не толькі пра дапамогу запрошаных музыкантаў?
— Адзін з кірункаў — экспедыцыйная дзейнасць. Хочацца стварыць школу традыцыйных палескіх спеваў.
— База для гэтага ёсць? Дзе рэпеціруеце, запісваецеся?
— “Ягоравай Гары” пашанцавала: памяшканне нам даў Гомельскі цэнтр культуры.
— На кар’еры бізнесмена не давядзецца паставіць крыж?
— Ды не. Проста, вольнага часу больш няма. А творчасць бізнесу толькі дапамагае. Нездарма ж продкі нашы працавалі ды спявалі адначасова...