Што да мецэната ў кантэксце культуры...

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Нагадаем, што слова “мецэнат” паходзіць ад імя рымскага багацея, паплечніка імператара Аўгуста — Мецэната (памёр у 8 годзе да н.э.), які падтрымліваў паэтаў ды мастакоў, у тым ліку Вяргілія і Гарацыя. Існуюць сінонімы мецэнацтва: дабрачыннасць, спонсарства, філантропія, спрыянне мастацтву. Але ж гэта трошкі розныя рэчы, хаця значэнні слоў падобныя.

Стан душы ці дабрачыннасць?

/i/content/pi/cult/513/11087/4-2.jpgНагадаю, што слова “мецэнат” паходзіць ад імя рымскага багацея, паплечніка імператара Аўгуста — Мецэната (памёр у 8 годзе да н.э.), які падтрымліваў паэтаў ды мастакоў, у тым ліку Вяргілія і Гарацыя. Існуюць сінонімы мецэнацтва: дабрачыннасць, спонсарства, філантропія, спрыянне мастацтву. Але ж гэта трошкі розныя рэчы, хаця значэнні слоў падобныя.

Мецэнацтва як маральны матыў (альтруізм, літасцівасць, грамадзянская пазіцыя, мода, асабістае задавальненне ад дабрачыннага ўчынку) больш вузкае паняцце. Раней існавалі два віды мецэнацтва. Першы — мецэнат-арганізатар, які даваў свае грошы на ўтрыманне дзеячаў культуры, мастацкіх калектываў, як гэта рабілі, скажам, Канстанцін Станіслаўскі ці Сава Марозаў. Другі — мецэнат-калекцыянер: ён купляў творы мастацтва, збіраў калекцыі і перадаваў іх грамадству, дзяржаве, як браты Траццяковы, Шчукіны ды Марозавы.

У наш час мецэнацтва трансфармавалася ў дзяржаўную і прыватную дзейнасць, як правіла, дабрачынную. Некаторыя лічаць, што гэта і ёсць мецэнацтва, толькі ў новых, нетрадыцыйных, формах, а той рэінкарнацыі мецэнацтва, якое існавала на працягу мінулых стагоддзяў, не існуе. З гэтым я магу пагадзіцца, калі гаворка ідзе пра беларускую выяўленчую творчасць, бо сапраўдных мецэнатаў, на жаль, у нас няма, таму, мабыць, не існуе і дзяржаўнага закону, умоўна кажучы, “Аб мецэнатах і мецэнацтве”. Здаецца, і ў Расіі яго няма, хаця размовы пра гэта ідуць даўно.

Нельга лічыць мецэнатам таго багатага чалавека, які па-сапраўднаму дапамагае мастаку зладзіць выстаўку, выпусціць альбом ці каталог, але за гэта атрымлівае і рэкламу, і своеасаблівы імідж інтэлектуала, і, канешне ж, абавязковы “падарунак” ад творцы ў выглядзе карціны, гравюры, скульптуры, габелена… Мецэнацтва, па вялікім рахунку, як гістарычная форма механізма падтрымкі культуры і мастацтва — гэта дзейнасць прыватных людзей, знаўцаў, якія бескарысліва падтрымліваюць мастакоў матэрыяльна альбо іншымі сродкамі, дазваляючы ім свабодна, не думаючы пра кавалак хлеба, тварыць, незалежна ад таго, чаго патрабуе ад яго мастацтва дабрадзей. Мецэнацтва — гэта стан душы, бескарыслівая каштоўнасць, якая не патрабуе нічога ўзамен. Дзе ж вы сёння знойдзеце такога чалавека? Канешне, багатыя людзі ў нас ёсць, і іх нямала. І яны купляюць карціны для сваіх кватэр, офісаў ды катэджаў, але, у асноўным, працуюць толькі на сябе, іх дзейнасць нават з вялікай нацяжкай нельга аднесці да мецэнацтва.

Я зараз не кажу пра некаторыя буйныя банкі ды іншыя структуры, дзякуючы якім ладзяцца музейныя айчынныя ды замежныя выстаўкі, вяртаюцца на радзіму шэдэўры напаўзабытых мастакоў — нашых землякоў, рэстаўруюцца класічныя творы і г.д. Гэтае своеасаблівае спонсарства — не столькі адплата за нейкую рэкламу, як хтосьці думае, колькі імідж, што прыносіць грамадскі ды сацыяльна-культурны аўтарытэт такім дабрачынцам, маральнае значэнне якога бывае даражэйшым за грошы. Іміджавая самаацэнка ў сучасным свеце, памножаная на грамадзянскую пазіцыю ды патрыятызм, мае вялікае значэнне. Хто будзе спрачацца?..

А што да ўласна сённяшняга жывога, так бы мовіць, мецэната ў кантэксце беларускага выяўленчага мастацтва, то пытанне гэтае застаецца адкрытым. Беларуская культура, як і раней, існуе на дзяржаўныя датацыі, праўда, не такія вялікія, як раней, калі мастакі жылі ды тварылі на сродкі ад дагавораў, закупак, заказаў ад буйных арганізацый, прадпрыемстваў ды іншых структур, для якіх выяўленчая культура штосьці значыла. І што будзе далей, я не ведаю. Для даведкі: прыкладна 40 мільярдаў долараў у год у ЗША сёння траціцца на мастацтва, але ўсе гэтыя грошы — ад мецэнатаў…

Барыс КРЭПАК


Безмецэнацкая, кажаце?

/i/content/pi/cult/513/11087/4-22 (1).jpgМабыць, сёння яшчэ можна казаць пра тое, што сфера культуры выжыве і без дабрадзея-мецэната, і без спонсарскіх грошай, і без грантаў… Бо выдаткі на сферу закладаюцца ў шматлікія раённыя ды абласныя бюджэты, а таксама фінансуюцца дзякуючы некаторым рэспубліканскім ды міжгаліновым праграмам…

Але гэта сёння. Заўтра ўсё будзе іначай. Заўтра безмецэнацкай культура, на мой погляд, быць проста не зможа. Бо, што ні кажы, а дзяржаўнае фінансаванне — гэта той мінімум, які дазваляе шматлікім установам культуры краіны выжываць, а не дыхаць на поўныя грудзі, ладзячы маштабныя імпрэзы. А як кіраўніку РДК ажыццявіць новы буйны праект ці як запланаваць абнаўленне матэрыяльнай базы або экспазіцый у музеі, калі грошай, як кажуць, кот наплакаў?

Вось тут і павінна прыходзіць на дапамогу дзяржаўнаму фінансаванню спонсарская, мецэнацкая ці грантаўская падтрымка. Але каб яе займець, трэба быць крэатыўным, думаць на перспектыву, ствараць канкурэнтаздольны прадукт… Ці ў кожнага так атрымаецца? Сумняваюся. Што ж, тады такому чалавеку — ці ў горадзе, ці на сяле — застаецца толькі наракаць на лёс, чакаючы, як манны нябеснай, бюджэтных грошай…

Акрамя таго, варта сказаць і вось пра што. Развіццё мецэнацтва ды спонсарства ў Беларусі, на маю думку, залежыць ад развіцця ініцыятыўнасці ў рэгіёнах, раённых цэнтрах, сельскіх паселішчах. І я кажу не толькі пра ініцыятыўнасць культработнікаў. Калі ў краіне будзе менш перашкод на заканадаўчым узроўні для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, калі ў сельскай мясцовасці ці ў малых гарадах будуць адкрывацца прыватныя крамы, майстэрні, невялічкія прадпрыемствы, тады і справа мецэнацтва ды спонсарства ў сферы культуры будзе толькі пашырацца. Бо менавіта мясцовы бізнесмен, а не сталічны ці замежны прадпрымальнік найбольш зацікаўлены ў рэгіянальных або раённых праектах. Ды, вядома ж, у рэкламе свайго — хай сабе і малога ды пакуль што недастаткова вядомага — прадпрыемства. І гэта той шлях, па якім, зрэшты, мы паступова і ідзём…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ


Квас як рухавік культуры

/i/content/pi/cult/513/11087/4-3 (1).jpgПабываўшы за год у розных кутках краіны, сустракаючыся з работнікамі ўстаноў культуры, якія з’яўляюцца “візітоўкамі” гарадоў, і, як той казаў, радавых, спачатку цікавіўся, ці аказваюць ім якую-небудзь фінансавую/матэрыяльную дапамогу спонсары альбо мецэнаты са структур дзяржаўных ці прыватных. І высветліў, што хоць неяк у гэтым пытанні шанцуе ўстановам менавіта буйным. Як правіла, дапамога гэтая ўяўляе з сябе не грашовыя ўліванні на пастаяннай аснове або пад нейкае пачынанне, а прадукцыю, якая вырабляецца або дыстрыб’ютуецца канкрэтным прадпрыемствам. Абутак, адзенне, тэкстыль, драўніна, канцылярскія прылады, кандытарскія вырабы, квас — нешта з гэтага пераліку спатрэбіцца і непасрэдна ў працы, і ў якасці прызоў на мерапрыемствах.

Нехта дапамагае пуцёўкамі для дзяцей у летнікі, купляе пад заказ інструменты, набывае творы мастацтваў. Гэта значыць, нельга сказаць, што мецэнацтва ў сферы культуры адсутнічае ў нас “як клас”. Іншая справа, што партнёрства такое носіць, на мой погляд, характар збольшага спарадычны і не надта маштабны: сёння фабрыка выконвае і перавыконвае план, значыць, падтрымка будзе, заўтра паўсталі праблемы — прабачце. Ну а калі спусціцца на ўзровень устаноў культуры звычайных, то там аб дабрачыннасці амаль і не мараць. Таму з нейкага моманту я і перастаў цікавіцца глупствамі, накшталт: а хто ў вас лічыцца ў філантропах?..

Мяркуючы па тэлебачанні і газетах, рэкламных расцяжках ды стэндах, прадпрыемстваў і кампаній, гатовых ахвяраваць, субсідаваць, інвеставаць, у краіне навалам. Вось толькі мае прыяцелі, якія займаюцца музычнай інтэрнэт-журналістыкай ды ўзначальваюць вядомыя і масава наведвальныя беларускія парталы, кожны раз з цяжкасцю знаходзяць мецэнатаў пад любыя праекты ў галіне сучаснай музыкі. Вось і ў дадзены момант вядуцца пошукі такіх добраахвотаў для прэстыжнай прэміі, арганізаванай прафесіяналамі. А ў мінулым годзе аналагічная аўтарытэтная ўзнагарода і зусім спачыла…

Ау, спонсары-мецэнаты (ці як там звярнуцца?)!..

Алег КЛІМАЎ


Мецэнаты яшчэ ў школу ходзяць

/i/content/pi/cult/513/11087/4-1.JPGКалі наша культура дачакаецца высакароднага фундатара? Пытанне яшчэ тое. Давайце спачатку з дапамогай слоўніка ў тэрмінах разбяромся. Мецэнат дапамагае творцам добраахвотна і з асабістых сродкаў. Апошнія словы — ключавыя. Таму гаворка — не пра недасканалую прававую базу, што замінае развіццю айчыннага мецэнацтва, а пра маральны кодэкс, да якога яшчэ дарасці трэба.

Так што нашы мецэнаты, у лепшым выпадку, яшчэ ў школе вучацца. Мо я памыляюся і дзесьці ёсць заможны чалавек, які без душэўнага болю ахвяруе паціху на аднаўленне зруйнаваных замкаў, стварэнне мастацкіх галерэй (не для сябе, а для кагосьці) і падтрымку вясковай культуры? Калі ёсць такі, прывядзіце мяне да яго, я жадаю бачыць гэтага чалавека!

Больш акрэслена выглядае сітуацыя са спонсарамі, інакш кажучы, з фізічнымі ці юрыдычнымі асобамі, якія фінансуюць культуру і мастацтва дзеля асабістага піяру ці рэкламы свайго прадпрыемства. Думаю, не памылюся, калі ў ліку галоўных спонсараў назаву кіраўніка аднаго з банкаў Віктара Бабарыку. Праўда, пра піяр і рэкламу ён амаль не згадвае, бо на першае месца вылучае тое, што ягоны бізнес — сацыяльна арыентаваны. Па мне, дык другое непарыўна звязана з першым. Але не гэта галоўнае. Справа ў тым, што вось якраз спонсарству не надта спрыяе заканадаўства.

Застаюцца спонсары, так бы мовіць, дробнага гатунку. Кіраўнікі раённых сельгаспрадпрыемстваў, напрыклад. Штогод яны выдаткоўваюць пэўную суму, скажам, на навагоднія падарункі для клубных ранішнікаў з той простай прычыны, што хто ж дзецям адмовіць? Раз-пораз той-сёй з такіх кіраўнікоў прадаставіць самадзейным артыстам транспарт для гастролей ці закупіць фарбы для абнаўлення бібліятэчнага фасада. Такое фундатарства, як правіла, не рэкламуецца, бо, на добры лад, павінна стаць не выключэннем, а нормай. Але ж для нормы прыбыткаў бракуе. А рэкламаваць нішчымніцу — сорамна. Самае галоўнае тут — не маральны закон, а папяровы. Пры адсутнасці апошняга спонсарам быць нявыгадна…

Яўген РАГІН

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"