Гэта мы, беларусы!

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Работнік культуры — я проста перакананы! — павінен быць амбіцыйным. Горда ўзнятая галава — доказ таго, што яе шчаслівы ўладальнік ведае сабе цану. А вымяраецца яна прыдуманымі творчымі ідэямі, якія пасля рэалізацыі становяцца брэндамі горада, раёна, вобласці, краіны. Пра адну такую ідэю (пакуль толькі ідэю) і хацелася б сёння распавесці.

/i/content/pi/cult/513/11075/4-1.JPGВядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Таццяна Мірановіч паведаміла “К”, што яе ўстанова ў кантэксце развіцця і пашырэння міжнародных стасункаў мае намер стварыць сёлета перасоўную выстаўку, якая тэзісна адлюстроўвала б гісторыю і культуру нашай краіны. Задача, словам, дзяржаўнай важнасці: прэзентаваць беларускую нацыю як арганічную частку сусветнай супольнасці. Для гэтага варта прадэманстраваць працэсы фарміравання і развіцця беларускага этнасу, нацыі, дзяржаўнасці, адлюстраваць асаблівасці духоўных, культурных працэсаў ва ўзаемасувязі з сусветнай гісторыяй ды культурай, азнаёміць замежжа з нашымі гісторыка-культурнымі помнікамі.

Праект мае ўмоўную назву “Беларусь і беларусы”. Аснову выстаўкі складуць выявы іканаграфічных і картаграфічных матэрыялаў ды прадметаў, фотаздымкі і пісьмовыя крыніцы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея. Не выключана, што выставачны праект будзе рэалізаваны і за кошт матэрыялаў іншых музеяў, а таксама бібліятэк ды архіваў. Выявы будуць суправаджацца анатацыямі на беларускай мове, што дасць магчымасць азнаёміцца з асаблівасцямі нашага пісьменства. Паралельны пераклад мяркуецца зрабіць на англійскай мове.

Экспазіцыя, працягвае расповед Таццяна Мірановіч, займее чатыры тэматычныя комплексы. Спачатку будуць прэзентавацца прыродна-геаграфічныя ўмовы і гістарычны агляд. Потым  — архетып беларуса і самабытнасць ягонай культуры.

Цяпер — пра тэхнічны бок праекта. Падаецца, нават раённыя музеі Беларусі маюць цяпер пэўныя прыстасаванні для наладжвання выязных экспазіцый. Але, як паказвае практыка, далей не надта скрупулёзна распрацаванай канцэпцыі і не вельмі дасканалых разборных планшэтаў, дзе месцяцца не заўжды якасныя выявы прадметаў, справа пакуль не ідзе: ці то грошай не стае, ці то жадання бракуе... Выстаўка ж Нацыянальнага гістарычнага музея складзецца з максімальна зручных у выкарыстанні мабільных канструкцый ці стэндаў-трансформераў. На іх і размесцяцца высакаякасныя выявы прадметаў ды дакументаў, а таксама — тлумачальныя тэксты. Для больш выразнага раскрыцця тэмы плануецца шырокае выкарыстанне сучасных тэхналогій візуалізацыі, мультымедыйных сродкаў, аўдыя- і відэазабеспячэння.

Пагадзіцеся, праект з тэмай “Беларусь і беларусы”, ды яшчэ разлічаны на замежнага спажыўца, патрабуе ў рэалізацыі аб’яднаных намаганняў. Менавіта таму Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь цяпер шукае партнёраў: дызайнераў, мастакоў, зацікаўленых асоб і арганізацый, якія жадалі б паспрабаваць свае творчыя сілы ў рэалізацыі праекта.

Абвешчаны адпаведны адкрыты конкурс. Больш падрабязна пра яго, канцэпцыю выстаўкі можна даведацца ў Сеціве. Заяўкі прымаюцца да пачатку лютага.

За мяжой нас кепска ведаюць, часта атаясамліваючы з Расіяй. Каму, як не нам, беларусам, паклапаціцца, каб карэнным чынам змяніць сітуацыю? Суверэнная Беларусь з тысячагадовай гісторыяй таго вартая. Дык якой быць выстаўцы “Беларусь і беларусы”? Давайце разам адкажам на гэтае пытанне!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"