Імёны ж герояў аўтар не заўжды пазначаў...

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Замалёўкі як “Мімалётныя ўяўленні”…
Хваляваць душу, выклікаць захапленне і пэўны інтарэс могуць не толькі завершаныя графічныя рэчы, але і нават маленькія чарнавыя накіды. Асабліва калі нас, сённяшніх, ад накідаў, зробленых мастаком, аддзяляюць гады. Хуткія замалёўкі з натуры могуць быць разнастайнымі і раскрываць прыхільнасці аўтара, але ў аснове сваёй яны — адно, бо захоўваюць сэрца і душу творцы і даносяць адбітак даўно мінулай эпохі...

/i/content/pi/cult/513/11074/15-1.jpg

Вось такімі мілымі і неверагодна блізкімі майму сэрцу аказаліся алоўкавыя накіды вядомага беларускага мастака Мікалая Чурабы, зробленыя ім на розных з’ездах ды пленумах Саюза мастакоў БССР, а таксама ў час, вольны ад працы над вялікімі карцінамі, пейзажамі і кампазіцыйнымі партрэтамі, калі выпадала магчымасць за хвіліну-другую ўвасобіць лік сябра-мастака, пісьменніка або іншага творчага дзеяча. Прычым не для нейкай выстаўкі, нават не для паказу камусьці паміж справай, а так, асабіста для сябе, бо Мікалай Дзмітрыевіч не мог ні хвіліны сядзець без “штрыха” ды слухаць маркотныя банальныя даклады ды выступленні “ў спрэчках” сваіх калег. Словам, рука сама цягнулася да алоўка, а аловак — да блакнота. І пры гэтым ён атрымліваў задавальненне. Прычым зразумела, што ніхто яму не пазіраваў, таму малюнкі атрымліваліся вельмі жывымі, непасрэднымі, часам — іранічна-забаўнымі. Хто б ні трапляў у поле зроку творцы — апынаўся у ягоным альбоме. Ён то прыглушаў лініі абрысаў твараў, то ўзмацняў цені, якія, здавалася, напаўняліся жыццём і набывалі колер, хаця і заставаліся чорна-белым адлюстраваннем, то прыносіў у ахвяру тую або іншую дэталь для таго, каб дамагчыся бачнасці руху і надаць партрэту нейкую ўнутраную энергію. Часам выкарыстоўваў растушоўку, каб лепш аб’ёмна мадэляваць твар або шматслойную тонкую штрыхоўку…

Калі я прыйшоў на выстаўку твораў Чурабы, прымеркаваную да 100-годдзя з дня яго нараджэння, што была разгорнута ў залах Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, акрамя яго “галоўных” жывапісных, акварэльных і графічных работ мяне асабліва зацікавілі менавіта два стэнды якраз з “чарнавымі” мімалётнымі накідамі творчых людзей, якіх ён пабачыў у жывой атмасферы творчых “трудов и дней”. На жаль, практычна ні адзінага імя “мадэлі” аўтар не зазначыў, і для сённяшніх маладых гледачоў выявы ўсіх гэтых персон нічога не скажуць. Але мне было асабліва цікава таму, што некаторых мастакоў я добра ведаў. Урэшце, як і самога Чурабу, з якім я пару разоў за савецкім часам сустракаўся ў ягонай родным Брэсце, у майстэрні на вуліцы Машэрава, 64. У гэтым доме ён жыў і працаваў амаль сорак гадоў. Амаль два месяцы таму, 31 кастрычніка, на фасадзе была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка з адлюстраваннем пагруднага барэльефа мастака з атрыбутамі ягонай дзейнасці — пэндзлямі і алоўкам. Гэта першая ў горадзе дошка, прысвечаная мастаку (аўтар — скульптар Павел Герасіменка). Хочацца думаць, не апошняя, бо горад над Бугам славуты выдатнымі майстрамі выяўленчай культуры, якія прынеслі славу не толькі яму, але і ўсёй рэспубліцы. І таму рашэнне гарвыканкама лічу вельмі своечасовым ды знакавым.

Дык вось, раней я ведаў Мікалая Дзмітрыевіча як цікавага майстра жывапісу і графікі, аўтара перш за ўсё шматлікіх твораў пра гераічную Брэсцкую крэпасць. Ён атрымаў даваенную цудоўную адукацыю ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў Івана Ахрэмчыка, Фёдара Фогта, Хрыстафора Даркевіча, Льва Лейтмана, Валянціна Дзежыца. Потым, у 1940-м годзе, — у Маскоўскім інстытуце выяўленчага мастацтва (пасля вайны — Мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава), дзе яго настаўнікамі былі Уладзімір Фаворскі, Павел Паўлінаў і Канстанцін Істомін. Словам, прафесійная школа была яшчэ тая! А яшчэ школа жыцця… Карэнны беларус, ён нарадзіўся ў Мінску і ўсё жыццё, не лічачы гадоў навучання ў Маскве, пражыў у Беларусі, якую бязмерна любіў, і цалкам прысвяціў ёй сваю творчасць ды педагагічную дзейнасць.

Аднак пра замалёўкі і накіды Мікалая Дзмітрыевіча я ніколі не ведаў, і для мяне яго мінская выстаўка ў гэтым сэнсе была маленькім святам душы. Сярод дзясяткаў мімалётных партрэтаў я адразу пазнаў Заіра Азгура, Івана Фяцісава, Пятра Данэлію, Івана Ахрэмчыка, Яўгена Зайцава, Аскара Марыкса, Антона Уса, Мікалая Аўчыннікава, Віктара Грамыку, Сяргея Селіханава, Алену Аладаву, Уладзіміра Стальмашонка (у асноўным — “мадэлі” з IX З’езда мастакоў БССР, студзень 1973 г.). Можна сказаць, персанажы — гістарычныя. Ёсць і Пётр Машэраў — у прэзідыуме З’езда. Але многіх я не пазнаў, і таму хацелася б, каб гэтыя партрэты пабачылі нашы ветэраны пэндзля, алоўка ды разца. Пабачылі і сказалі: хто гэта? Бо для беларускай гісторыі культуры гэта важна як каштоўны дакумент, як жывы мастацкі летапіс інтэлектуальнай краіны… А будучы ў Маскве, рысаваў Васіля Аксёнава ды іншых пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў.

Калі я разглядваў гэтыя чурабаўскія малюнкі, чамусьці ўспомніў аналагічныя мімалётныя рэчы, так бы мовіць, “лабараторную работу”, класікаў рускага мастацтва (Аляксандра Іванова, Ільі Рэпіна, Валянціна Сярова, Алясандра Лабаса, дарожныя альбомы Фёдара Васільева), замежных творцаў (Амадэа Мадзільяні, Анры Маціса, Пабла Пікаса), чароўныя экзерсісы нашых Леаніда Шчамялёва, Міхаіла Лісоўскага, Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Канстанціна Куксо. І яшчэ раз прыйшоў да высновы, што такое мастацтва мае права на прызнанне не толькі ў якасці “штудыі”, але і як самастойны від графікі, дзе першае ўражанне ад натуры мае значэнне першароднае ды непаўторнае, якое часта ў прадуманых і фармальна закончаных творах знікае, як “с белых яблонь дым”…

А праект, пабываўшы ў Мінску, пераехаў у Магілёў, а потым і ў Гродна.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"