Асірацелыя "ўспаміны...": не стала апошняга жыхара вёскі Стойлы

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Дух народа неўміручы. Але яго носьбіты, на жаль, смяротныя. 14 студзеня сышоў у іншы свет легендарны Мікалай Тарасюк. За свае восем з гакам дзясяткаў гадоў ён дасягнуў многага. Народны майстар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, удзельнік незлічоных прэстыжных выставак, стваральнік уласнага музея "Успаміны Бацькаўшчыны"... Рэгаліі можна пералічваць доўга, але самы галоўны жыццёвы даробак разбяра, падаецца, яшчэ толькі чакае асэнсавання і падзякі сучаснікаў…

/i/content/pi/cult/513/11073/1-1.jpg

На адным з апошніх здымкаў Мікалай Тарасюк — у створаным ім музеі. / Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/513/11073/1-2.jpg

Народны скульптар вырабіў не толькі сотні драўляных фігурак, якія ўтвараюць мудрагелістыя сюжэты ды кампазіцыі, — ён стаў аўтарам уласнага свету, дзе лялькі такія самыя жывыя, як людзі. І гэты свет называецца вельмі проста: вёска Стойлы. Тая звычайная вёска, якую сёння не знойдзеш на геаграфічных картах. Некалькі дзесяцігоддзяў яна працягвала жыць толькі дзякуючы “апошняму з магікан” — знакамітаму далёка за межамі Беларусі творцу, які меў мноства магчымасцей змяніць прапіску, але ніводнай з іх прынцыпова не скарыстаўся. Ні выгоды, ні нягоды не прымусілі яго перапусціць гэты свой патрыятызм.

Не толькі творчасць, але і ўсё жыццё разбяра было досведам служэння Радзіме. Радзіме — у тым вузкім, і менавіта таму канкрэтным сэнсе слова, дзякуючы якому пафасныя ідэі становяцца чыёсьці надзённай рэальнасцю. І таму наша задача — захаваць памяць пра гэтага сапраўднага героя Беларусі. Гутарка нават не пра помнік або мемарыяльную шыльду, але перадусім — пра зберажэнне саматужнага музея, створанага геніем інсітнага мастацтва на вясковым падворку. Бо толькі так мы можам прадоўжыць справу яго жыцця ды зберагчы вёску Стойлы. Няма сумневу, што ад яе лёсу залежыць гісторыя і соцень іншых беларускіх вёсак, якія сёння таксама апынуліся на мяжы паміж быццём і нябытам…