Псіхалагічна дакладна

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

“Палітыка вачамі мастака”. Пагадзіцеся, так назваць персанальную выстаўку можа толькі майстар сатырычнага жанру. І ён ёсць. Гэта Алег Карповіч, якога можна лічыць самым выстаўляемым мастаком, бо цягам пяці гадоў, кожны тыдзень, у газеце “СБ — Беларусь сегодня” выходзіць яго калонка на адну з самых актуальных палітычных тэм, аздобленая сатырычным малюнкам. І, у той жа час, не менш падстаў лічыць Алега Іванавіча адным з найбольш рэдка выстаўляемых творцаў. Прынамсі, за апошнія больш як дваццаць гадоў Светлагорская карцінная галерэя “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава ці не ўпершыню дэманструе экспазіцыю яго незвычайных карыкатур, шаржаў, гратэскных малюнкаў, якія не страцілі сваёй актуальнасці, бо вартасць іх не толькі грамадска-палітычная, але, бадай, перш за ўсё мастацкая.

/i/content/pi/cult/513/11069/9-1.jpg

Дзвюхзальная экспазіцыя неяк вельмі натуральна аб’яднала калейдаскоп увасабленняў такіх, здавалася б, розных сусветных падзей апошняга часу. Кожная з іх не толькі асабіста пазнавальная, але і метафарычна абагульненая. Далікатнасць мастака добра адчуваецца ў кожным малюнку, у кожным сюжэце, які таленавіта выяўляе не толькі характар партрэтуемых, але і сатырычную сутнасць той або іншай міжнароднай сітуацыі. І мастацкія, і моўныя акцэнты заўжды дакладна расстаўлены. Усё скіравана на стварэнне, на жаданне садзейнічаць лепшаму. Міжволі думалася аб тым, што талент карыкатурыста дазваляе Алегу Карповічу, не парушаючы агульнага ўспрымання, усё ж па-свойму асэнсаваць тую або іншую падзею, убачыць у ёй адзіна магчымы малюнак. А там ужо, як кажуць, справа таленавітага майстэрства, якога яму не займаць.

Актыўнасць жанру карыкатуры заўжды супадала з часам значных міжнародных канфліктаў. А хіба зараз не так?

— Чаму ў нас мала хто з мастакоў працуе ў жанры палітычнай карыкатуры? Усё вельмі проста: няма заказаў, — адказвае на маё пытанне Алег Іванавіч. — Як самастойная дзяржава Беларусь — вельмі маладая краіна. Многае спазнаваць і многаму вучыцца даводзіцца практычна з нуля. У тым ліку і разуменню таго, што без карыкатуры — і менавіта беларускай — нам не абысціся…

Нават па выстаўцы ў Светлагорску можна зразумець, што сам мастак засвоіў асаблівасці сатырычнага жанру не толькі ў маштабах навучальных праграм Акадэміі мастацтваў, якую ў свой час скончыў. Цікава было пагутарыць з ім пра шматтыражныя магчымасці графікі: ксілаграфіі, афорта, літаграфіі. А таксама — пра іронію і гратэск, пра графікаў-карыкатурыстаў сусветнага гучання. Пагаджаліся, што меркаванне аб тым, нібыта Інтэрнэт выціскае друкаваныя выданні, усё ж памылковае, бо 75 працэнтаў насельніцтва атрымлівае інфармацыю менавіта з апошніх. А ў нас, натуральна, — з беларускіх газет і часопісаў. Наша краіна мае свой погляд на падзеі, якія адбываюцца ў свеце, што часам не супадае з поглядамі бліжэйшых суседзяў і нават сяброў. Гэта нармальна. Між іншым, даўно вядома: карыкатура — адзін з самых дзейсных і, што вельмі важна, даходлівых жанраў. У СССР гэта разумелі і надавалі карыкатуры вялізнае значэнне. Папулярны “Крокодил” і рэспубліканскія сатырычныя часопісы былі органамі цэнтральных камітэтаў партыі. Невыпадкова Гітлер унёс у свой “чорны спіс” разам з прозвішчамі савецкіх генералаў, якіх трэба было знішчыць у першую чаргу, прозвішчы савецкіх карыкатурыстаў Яфімава, Кукрыніксаў… Гэта было прызнаннем сілы пяра і алоўка.

— Я яшчэ заспеў старую гвардыю “вожыкаўцаў”, — прыгадвае Алег Іванавіч. — Яны расказвалі, што калі ў 1950 — 60-х скіроўваліся кудысьці ў камандзіроўку, то ўвесь раён, дзе яны з’яўляліся, насцярожваўся. Асабліва гэта ўздзейнічала на мясцовае начальства. Іх баяліся не менш, чым сучасных праверак. Дый сам “Вожык” у тыя гады быў сапраўды народным часопісам. Наклад — вялізны, пошта прыносіла мяхі лістоў…

Сярод мноства сваіх твораў Алег Карповіч сціпла вылучае некалькі: “Анархія”, “Вайна і мір”, “Бабуля”, “Папа Рымскі”, “З Новым годам, “Саюз!”. Тым не менш літаральна ўсе прадстаўленыя на гэтай экспазіцыі работы вызначаюцца ўласцівым менавіта гэтаму мастаку ўзвышэннем сатырычнага стаўлення над рэаліямі. Наогул, галерэя партрэтных увасабленняў сусветна вядомых палітычных дзеячаў — разнастайная. Для кожнай сітуацыі мастак умее дакладна засяродзіць увагу на пэўнай псіхалагічнай падрабязнасці дэталі. А гэта — увасабленне, здавалася б, неўвасабляльнага…