Што можна выявіць у кераміцы?

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Валерый КАЛТЫГІН, мастак, кераміст, кіраўнік Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль” у Бабруйску
Калі ў інтэрнэт-пошукавіку набраць словазлучэнне “беларуская кераміка”, дык на экране з’явяцца выявы збаноў, глечыкаў, гладышоў ды місак, зробленых народнымі майстрамі або прафесійнымі мастакамі, але, ізноў жа, паводле традыцыйных узораў. А далей будзе інфармацыя пра бабруйскі Міжнародны пленэр “Арт-Жыжаль”. Гэта тое, што згадваецца найперш.

/i/content/pi/cult/513/11048/5-1.jpgЗразумела, дадзенымі чыннікамі мастацтва керамікі ў Беларусі не абмяжоўваецца. У гэтым няцяжка пераканацца, калі канкрэтна ведаць, што шукаць, калі прайсціся па персаналіях мастакоў, сярод якіх нямала арыгінальных творцаў, па сайтах прадпрыемстваў, дзе робяць з гліны сувеніры, сайтах мастацкіх навучальных устаноў, дзе, сярод іншага, навучаюць і майстэрству керамікі. Але тую акалічнасць, што ў нацыянальным інфармацыйным полі гэтага віду мастацтва на вочы найперш трапляюць народная традыцыя і “Арт-Жыжаль”, нельга лічыць выпадковай. І шырокая грамада, і спецыялісты вылучаюць у нашай кераміцы менавіта згаданыя чыннікі нездарма.

Уласна кажучы, усё дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва — ткацтва, шкло, кераміка — нарадзілася з патрэбы рацыянальнай арганізацыі побыту. Эстэтычная функцыя, не звязаная з нейкімі практычнымі мэтамі, з’явілася пазней. Дык вось, мне падаецца, што наша кераміка, у адрозненне ад блізкага ёй паводле побытавага прызначэння шкла, развіваецца менш дынамічна. Яна ў пэўны час нібыта застыла на чыста практычнай стадыі. Гэта не трагедыя, а проста факт, з якога трэба зыходзіць. Да думкі, што з гліны можна зрабіць не толькі збан ці міску, але і рэч выключна мастацкага прызначэння, наша культурная грамада даспела адносна нядаўна. Прытым што яшчэ ў 1980-х у Беларусі ўжо былі мастакі, здольныя вывесці мастацкую кераміку на новы ўзровень. А тым часам у суседніх з намі краінах кераміка разглядалася ў кантэксце мастацтва — не толькі дэкаратыўнага з ухілам у практыцызм, але і канцэптуальнага.

Я дазволю сабе назваць “Арт-Жыжаль” прарывам у будучыню. Кантакты з навакольным светам у беларускіх керамістаў былі і раней, але звычайна яны насілі прыватны характар. А тут — сумесная творчасць: некалькі дзясяткаў майстроў працуюць як адзіная каманда. Іншы маштаб, іншыя творчыя і чалавечыя стасункі. За тыя дванаццаць пленэраў, што прайшлі ў Бабруйску, мы, беларускія керамісты, засвоілі досвед нашых калег з постсавецкай ды еўрапейскай прасторы і паспрыялі станаўленню ўласнай школы, фарміраванню адпаведнай сённяшняму дню эстэтыкі.

На леташні “Арт-Жыжаль” мастакі, паводле завядзёнкі, прыязджалі з уласнымі напрацоўцамі. Скажу так: працавалі разам, але кожны рабіў сваё. І толькі выніковыя аб’екты — “Кветка, якая пылае” і “Бабёр, што спявае” — ствараліся агульнымі высілкамі. Гэта быў такі сімвалічны акт творчага паяднання. Цяпер жа я думаю, што можна паспрабаваць загадзя замаўляць тэму чарговага пленэру. Каб, як і раней, кожны рабіў сваё, але — у агульным рэчышчы. На сёння, бадай, самая актуальная тэма — і ў нацыянальным, і ў сусветным маштабе — экалогія. Тэма глабальная, але кожнай краіне яна баліць па-свойму. На ёй лёгка паразумецца творцам розных нацыянальнасцей.

Адзін мой калега, з якім я падзяліўся гэтай ідэяй, падказаў мне, як падаецца, цікавы сэнсавы ход. Ён параіў паглядзець на такія паняцці, як “смецце” і “сметнік”, з пазіцыі сацыялогіі, культуралогіі, эстэтыкі, спаслаўшыся як на ўзор на фільм Таркоўскага “Сталкер”, дзе засмечаная “зона” паўстае адначасова як небяспечная для чалавечай псіхікі анамалія і як месца, дзе чуйная натура здольная перажыць катарсіс.

Мой прыяцель расказаў, што яму даводзілася кантактаваць з хрысціянамі-пратэстантамі, якія часта наведваліся на гарадскі сметнік, каб ратаваць душы тамтэйшых бамжоў, для каго гэтая непрывабная прастора — родны дом. “Ты не паверыш, — казаў ён, — але насельнікі сметніка — шчаслівыя людзі! Іхняе жыццё не абцяжарана ўмоўнасцямі цывілізацыі, на якія мы вымушаны ўвесь час азірацца. Яны дзесяцігоддзямі жывуць сярод гэтага бруду і не заўважаюць яго. Сем’і заводзяць. Пры падкрэсленай роўнасці, у іх выбудавана сістэма, дзе кожны ведае сваё месца, і выпрацавана толькі ім зразумелая мараль. І калі хтосьці пакідае сметнік дзеля нармальнага, з нашага гледзішча, жыцця, яны лічаць яго здраднікам. Многія, перажыўшы халодную зіму ў камфортных умовах рэабілітацыйных цэнтраў пры рэлігійных абшчынах ці сацыяльных установах, па вясне вяртаюцца “на радзіму”. Сметнік прыцягвае, сметнік не адпускае…” Напрыканцы ён дадаў, што, магчыма, у кожнага чалавека ў душы ёсць свой сметнік, да якога ён, тым не менш, мае такі ж сантымент, як згаданыя бамжы — да свайго натуральнага асяроддзя.

Гэты парадокс мяне зачапіў. Бо я і сам пра нешта падобнае думаў. Для пленэру падобная сацыялогія, відаць, занадта брутальная, а вось на сваёй чарговай персанальнай выстаўцы я паспрабую паразважаць наконт прывабнасці зла і сантыменту да сметніка ў душы. Ці вы думаеце, што ў кераміцы такое выявіць немагчыма?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"