Гісторыя яго кіно

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Адной з асноўных падзей ўрачыстага вечара, прысвечанага 90-гадоваму юбілею беларускага кінамастацтва, стане прэзентацыя кнігі “Гісторыя майго кіно” кіназнаўцы Анатоля Красінскага. Ледзь паспеўшы выйсці з друкарні, кніга адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. І прычынай таму — нават не невялікі наклад, а ўнікальны аповед пра жыццё, калег, сустрэчы і мастацтва, які прапануе зацікаўленаму чытачу аўтар. Доктар мастацтвазнаўства, кіназнаўца Анатоль Віктаравіч Красінскі — сведка і актыўны ўдзельнік самых значных падзей у нацыянальным і савецкім кінематографе другой паловы ХХ стагоддзя. Ураджэнец Расонаў, у 1950 годзе ён паступае ва ВГИК і з сярэдзіны 1950-х прыступае да актыўнай працы ў беларускім кіно: рэдактар Красінскі ўдзельнічаў у стварэнні мноства вядомых кінакарцін нашай студыі, а таксама займаўся важнай арганізацыйнай працай — быў сустаршынёй, а потым і старшынёй Беларускага саюза кінематаграфістаў. У апошні час Анатоль Віктаравіч актыўна займаецца навуковай дзейнасцю, але па-ранейшаму вельмі зацікаўлена сочыць за становішчам спраў у нашым кіно. Магчыма, адказы на шматлікія праблемы і пытанні, якія стаяць перад нашым кінематографам сёння, можна знайсці менавіта ў яго кнізе, фрагменты з якой “К” прапануе сваім чытачам.

/i/content/pi/cult/507/10992/15-1.jpg

Тарыч — Корш

<…> Мы, гісторыкі кіно, займаючыся даследаваннем развіцця кінамастацтва, амаль ніколі не кранаем міжасобасных адносін кінематаграфістаў, якія часам аказваюць вельмі сур’ёзны ўплыў, і не заўсёды станоўчы, не толькі на асобныя лёсы, але, бывае, і на кінапрацэс у цэлым. У беларускім кіно ў перыяд яго станаўлення найбольш выразна гучалі два рэжысёрскіх імя прадстаўнікоў розных пакаленняў — Юрый Тарыч і Уладзімір Корш-Саблін. Два рускіх інтэлігента па волі абставін апынуліся ў ліку тых, хто фармаваў аблічча беларускага нацыянальнага кінематографа ў першыя дзесяцігоддзі яго існавання. <…>

“Далёкія сваякі”, яны апынуліся цалкам не роднаснымі у тым, што мае дачыненне да культуры, традыцый, духу творчасці. Менавіта тут крыецца прычына глыбіннай драматычнай сітуацыі ў гісторыі беларускага кіно, сітуацыі, абумоўленай раннім сыходам Тарыча з нашага кінематографа. Моцны настаўнік быў вымушаны саступіць месца слабаму вучню, умела ўлічваць рэаліі часу. Каб не здарылася тое, што адбылося, мастацкі кінематограф рэспублікі мог бы мець некалькі іншую лінію лёсу. Умоўны лад адкрывае яго карыстальнікам толькі прастору для шкадаванняў аб калісьці страчаных магчымасцях. <…>

Пра Тарыча

<…> Я, які вывучаў дакументы гісторыі Курсанцкага тэатра ў Крамлі, у якім Тарыч ставіў спектаклі, ведаў, што сярод акцёраў была і Вольга Герц. Сярод пастановак быў спектакль пра Леніна, дзе Тарыч упершыню ў гісторыі савецкага тэатра выступіў у ролі правадыра, які звяртаўся да мас з балкона палаца Кшэсінскай. У глядзельнай зале сядзелі сёстры Леніна і ўсе бліжэйшыя сваякі, якія ўхвалілі Тарыча: ён вельмі быў падобны да Уладзіміра Ільіча. У Герц апынуліся лісты Тарыча. Гэтую асабістую перапіску пазней яна на час аддала журналістцы. Мне — на адзін дзень. <…>

Сярод лістоў Вольгі Герц былі і пасланні вельмі інтымнага характару, і я, знаходзячыся ў ролі даследчыка цікавых фактаў, якія характарызуюць Тарыча як асобу творчую, воляй-няволяй пры чытанні не прапускаў і “забароненых” тэм, бо ў рэшце рэшт яны ж не маглі не ўносіць дадатковыя фарбы ў маё ўспрыняцце характару Тарыча — чалавека і мастака. Лісты Тарыча носяць захапляльны характар, і гэтая захопленаць бязмежна шчырая, бо ў ёй прачытваецца час, калі ўсім, здаецца, без выключэння, было ў радасць нараджэнне свайго кінамастацтва ў Беларусі. <…>

Корш-Саблін

<…> Корш быў чалавекам канкрэтным. Размоў агульнага характару не любіў. І пару разоў, калі я пачынаў якую-небудзь бяседу аб нявыкарыстаных магчымасцях драматургіі, скажам, фільма “Першыя выпрабаванні", рэалізаваць якія ўжо было позна (усе мае шчырыя парады добрыя былі б першапачаткова — на этапе стварэння сцэнарыя), ён злаваўся і рэагаваў так: “Я вашы вгікі-шмікі не канчаў... Ты лепш скажы, што ў гэтым эпізодзе трэба паправіць”. Калі Корш прыступаў да пастаноўкі новага фільма, здымачная група фармавалася з самых вопытных работнікаў студыі. У гэтым працэсе самы актыўны ўдзел прымала жонка рэжысёра — Надзея Уладзіміраўна Брыліянтшчыкава. Цікава, калі пра яе заходзіла гаворка з людзьмі новымі, студыйцы абавязкова рэкамендавалі яе як былую жонку пісьменніка Зошчанкі. Рэкамендацелям, верагодна, здавалася, што яны падобнымі звесткамі надаюць гэтай уладнай жанчыне вялікую значнасць, як, не выключаю, і кінастудыі таксама, хоць яна (Надзея Уладзіміраўна) у гэтым абсалютна не мела патрэбы, а на “Беларусьфільме” адчувала сябе паўнаўладнай гаспадыняй, мела паслужлівых прыхільніц.

Памятаю, аднойчы шкрабанула мяне фраза Корша наконт аператара Аляксандра Ільіча Гінцбурга, з якім ён некалькі гадоў да гэтага здымаў “Канстанціна Заслонава”, а затым проста пераносіць не мог, ды і аператар свайму нядаўняму рэжысёру не спускаў. “Не такім хрыбты ламалі!”, — прахрыпеў Корш. Як цяпер памятаю гэты сіплы, ужо хворы голас і страшную фразу пра “хрыбты”... Бязлітасныя трыццатыя гады яшчэ не зніклі за гарызонтам, хоць і засталіся па-за самай цяжкай з войнаў. <…>

Барыс Сцяпанаў і “Альпійская балада”

<…> Калі б мяне раптам папрасілі даць максімальна кароткую характарыстыку Барысу Сцяпанаву, я перанёс бы на паперу наступныя словы: Барыс Сцяпанаў — чалавек павольны, але надзейны. Умеў сабе не здраджваць, не паддавацца на дробныя спакусы. Ніколі не прымыкаў да ўсялякага роду груповак, такіх звыклых у творчым асяроддзі. Веды, атрыманыя ва ВГИКе, рэалізоўваў досыць эфектыўна, з розумам, уласцівым чалавеку спакойнаму, ураўнаважанаму...

Экранізацыя “Альпійскай балады” вельмі многае абяцала маладому рэжысёру. Рамантычная гісторыя, уключаная ў вельмі жорсткія ўмовы вайны. Два героі, ён і яна, абодва шукаюць шляхі выратавання ў сітуацыі амаль безнадзейнай. Апаэтызаванае пачуццё кахання ва ўмовах абсалютна яму супрацьлеглых — каго з мастакоў не захоплівала веліч гэтай ідэі. Сціплы малады рэжысёр разважаў прыкладна ў такім духу, калі ішла гаворка аб прынцыпах экранізацыі твора пісьменніка, які імкліва набірае сілу.

Васіль Быкаў, па маіх назіраннях, іранічна ставіўся да кінематографа, з якім меў справу. Калі ішла гаворка аб рабочым матэрыяле фільмаў, знятых па ягоных творах, ці пра завершаную карціну, ён з тужлівай паўусмешкай, амаль неахвотна, нешматслоўна ацэньваў убачанае з пазіцый бытавой праўды вайны і дэталяў ваенных дзеянняў. Відаць, ім, былым франтавіком, экранныя падзеі ўспрымаліся з цяжкасцю, у адрозненне ад многіх іншых, такіх жа бывалых, яму было няёмка прыстасоўвацца да ўмоўнасцяў кіно, якія разбураюць праўду. На жаль, не магу судзіць аб яго рэакцыі на карціну Ларысы Шапіцькі “Узыходжанне”. Тут усё ж іншы ўзровень асэнсавання ваеннага мінулага, узровень філасофскі. Тут павінны ўзнікаць іншыя пачуцці. Я ж успамінаю выраз твару пісьменніка ў іншыя моманты — спалучэнне іроніі і скепсісу. <…>

Складаны лёс

<…> Лёс таленавітага чалавека, які ўжо атрымаў прызнанне, часам складваецца і трагічна. Сумны прыклад з нашай кінапрактыкі — Уладзімір Бычкоў. Рэжысёр-казачнік, стваральнік такога класічнага кінатвора, як “Горад майстроў”, і іншых таленавітых работ. Тое, што адбылося з ім, выпадак не адзінкавы, і гэта не зніжае, не змяншае градус трагізму ягонай біяграфіі. Пасля катастрафічнай няўдачы з гістарычнай карцінай “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, якая падвяргалася шматлікім пераробкам, у безпаспяховых пошуках яе тэмы, жанру Бычкоў знайшоў прытулак у Маскве, на кінастудыі імя Горкага, а потым, з цягам часу, зноў апынуўся там, дзе так паспяхова пачынаўся яго творчы шлях...

У фільме “Сын за бацьку”, дзе здымаліся Яроменка-старэйшы і Яроменка-малодшы, ёсць сцэна, дзе бацька і сын, папіваючы з куфляў на шумным гарадскім скрыжаванні каля піўной, разважаюць пра свае справы, спачатку не звяртаючы ўвагі на прыблудзіўшага да іх століка чалавека са згубленым выглядам, практычна бездапаможнага, беспрытульнага бамжа, які чакаў падачкі. Гэтую маленечкую, амаль бязмоўную ролю сыграў былы вядомы рэжысёр беларускага кіно Уладзімір Бычкоў. Слова “сыграў” у дадзеным выпадку не зусім дакладна адлюстроўвае сітуацыю. Ён не іграў тут кагосьці, у дадзеным выпадку бамжа, а іграў самога сябе, Валодзю Бычкова, які, як кажуць, змог дайсці да жыцця такога. Такі вось жыццёвы, — не творчы, не! — фінал калісьці адоранага, але потым страціўшага сябе чалавека. <…>

Творцы і поспехі

<…> Успамінаю адну маленькую беларускую мультстужку Ігара Волчака “Капрычыо”, якая адкрывае асаблівасці спасціжэння свету ў дзяцінстве. Гэты фільм пазней даў мне падставу на пленуме нашага Саюза ўнесці прапанову запрашаць на пастаноўку ігравых фільмаў кінарэжысёраў з роднасных спецыяльнасцей. Кінакіраўніцтва пагадзілася з маёй ідэяй, і аніматар Волчак атрымаў пастаноўку паўнаметражнага ігравога фільма “Мёд асы”. На “Беларусьфільме” тых гадоў выпадак унікальны. Рэжысура кінастудыі такога роду эксперымент успрыняла вельмі прахалодна, нават, з боку некаторых кінамайстроў, насцярожана. Працягу ідэя кіназнаўцы, здаецца, не мела. Больш чым стрымана, мякка кажучы, была сустрэта яшчэ адна мая ініцыятыва: прадставіць фільм Нікіфарава “Бацькі і дзеці”, экранізацыю твораў Тургенева, на Дзяржаўную прэмію СССР. Карціна мне спадабалася надзвычай. Гэтай прэміяй была ўзнагароджана група стваральнікаў фільма. Я ж за свой учынак быў уганараваны выразам крайняй незадаволенасці з боку некаторых, здаецца, іх была большасць, рэжысёраў, якія цяжка маўчалі пры сустрэчах. Што тут скажаш, творцы не любяць чужых поспехаў, і пачуццё рэўнасці, а часам і істэрычнай, ім зусім не чужое. <…>

Як пачынаўся “Лістапад”

<…> Варта развеяць некаторыя чуткі пра ўсялякага роду прэтэндэнтаў на ролі бацькоў-заснавальнікаў нашага магутнага кінафестывалю “Лістапад”. Яго нараджэнню мы цалкам абавязаны кінарэжысёру Сяргею Арцімовічу. Слова “магутны” бяру ў двукоссе, бо ён не такі значны, як яго часам імкнуцца прадставіць. “Лістапад” — гэта ўсё ж такі фестываль, ён абапіраецца на фільмы, ужо адзначаныя на кінааглядах рангам вышэй, што, натуральна, не прыніжае яго карысць як інфарматара аб творчых павевах у сучасным кінамастацтве.

Малады чалавек з медыцынскай адукацыяй, лекар, Арцімовіч захапіўся кінематографам, скончыў рэжысёрскі факультэт ВГИКа, зняў невялікі фільм, а ў кінасправе стаў праяўляць незвычайныя прадзюсарскія здольнасці. У памяшканні Праўлення нашага Саюза яму быў выдзелены маленькі пакойчык, у які ён аднойчы запрасіў мяне, старшыню СК, зайсці і паглядзець, як ён здолеў утульна ўладкавацца. Калі мы сядзелі “за кубкам гарбаты”, ён сказаў, што хоча параіцца з нагоды сваёй задумы арганізаваць у Мінску кінафестываль. Пярэчанняў з нагоды такой прапановы ў вірлівыя часы дзевяностых, натуральна, быць не магло. Ён дадаў, што добра б такі фэст праводзіць восенню, у лістападзе, і назву яму даць адпаведную. Я падтрымаў яго ідэю. Але Сярожа працягваў: “Трэба, маўляў, у нашым Саюзе падумаць пра прэзідэнта беларускага кінаагляду. У Сочы, — дадаў ён, прэзідэнтам кінафестывалю выбралі Алега Янкоўскага. Яго падтрымка спатрэбіцца, магчыма, і нам, таму ёсць сэнс запрасіць на гэты ганаровы пост нашага вядомага артыста Расціслава Янкоўскага, роднага брата Алега.” Прапанова таксама не была пазбаўлена сэнсу. Мой суразмоўца разважаў яшчэ аб тым, што з яго ідэяй нядрэнна б азнаёміць кіраўніка “вялікага” СК Мікіту Міхалкова, скарыстаўшыся блізкімі адносінамі з ім Уладзіміра Гасцюхіна, які гэтак удала адыграў у міхалкоўскай “Урге”. Зразумела, імя Міхалкова ў гэтай сітуацыі прагучала — “на ўсялякі выпадак”. Але яго, “выпадку”, наколькі мне вядома, не было… <…>