Танцы з уласнай кішэні

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Раду ПАКЛІТАРУ, харэограф, лаўрэат міжнародных фестываляў, мастацкі кіраўнік тэатра “Кіеў мадэрн-балет”
— Сучасная харэаграфія, у адрозненне ад балетнага тэатра таго ж ХІХ стагоддзя, развіваецца сёння, на мой погляд, адначасова ва ўсе бакі. На змену адналінейнаму руху прыйшлі, як можа камусьці падацца, хаатычныя спробы выйсці за межы калісьці азначанага кола. Асабіста мне (падкрэслю: як гледачу, а не як харэографу) — бліжэй тэатр суперажывання. Нават калі гэта не якая-небудзь гісторыя, пераказаная мовай танца, а філасофскія развагі на тую ці іншую тэму, абагульненні — усё роўна, як мне здаецца, павінны прысутнічаць эмоцыі, а не адно чыстыя формы.

/i/content/pi/cult/509/10957/6-30.jpg

Увогуле ж, няма менш перспектыўных ці больш перспектыўных кірункаў — усё залежыць ад таго, наколькі таленавіта ці, наадварот, нецікава гэта зроблена. Складнікі, здавалася б, адныя і тыя ж: што менавіта пастаноўшчык і артысты хацелі сказаць — і як яны гэта зрабілі. Але варыянтаў іх спалучэння — безліч. І тут ужо ўсё залежыць ад творцы і яго магчымасцей.

Сярод гэтых самых магчымасцей — не толькі ўласна артысты. Якраз з гэтым сёння асаблівых праблем няма: добра падрыхтаваных танцоўшчыкаў, здольных здзейсніць самыя смелыя фантазіі пастаноўшчыка, літаральна з кожным днём становіцца ўсё больш. Ва Украіне такому танцавальнаму буму шмат у чым пасадзейнічала тэлебачанне. Ужо сёмы сезон там праходзіць тэлешоу “Танцуюць усе!”, у якім, дарэчы, сустракаліся і ўдзельнікі з Беларусі. Дзякуючы гэтаму шоу (а яно вельмі хутка набрала папулярнасць, бо і насамрэч зроблена на высокім узроўні) увага да пластычнага мастацтва, прычым ва ўсіх яго праявах, дасягнула апагея. На ўсіх балетах — аншлагі. Ва ўсіх Дамах і Палацах культуры — асаблівы попыт на танцавальныя гурткі: заняткі пластыкай вядуцца літаральна на кожным квадратным метры. Карацей, танец стаўся ледзь не павальным хобі. І гэта не магло не надаць новае дыханне прафесійнаму танцу!

А вось з грашыма — акурат наадварот: іх усё меней ды меней. Так, грашовыя пытанні даўно ўжо надакучылі, слухаць пра іх не надта хто і хоча, але ад гэтага яны не вырашаюцца. І справа не ў тым, што ў мастацтва колькі ні ўкладзі, усё будзе мала. Проста на гэтай сферы, як і на ўсім нашым жыцці, адбіваюцца глабальныя праблемы эканамічных крызісаў, палітычнай нестабільнасці — усё гэта зусім не спрыяе культурнаму росквіту грамадства.

На дзейнасць таго ж тэатра “Кіеў мадэрн-балет” моцна паўплывалі крызіс 2008 года, а пасля і смерць чалавека, які быў галоўным мецэнатам калектыву. Заработная плата артыстаў, якую вылучае муніцыпалітэт, вельмі нізкая, даплаты да яе ажыццяўляем за кошт спонсараў. Але грашовая дапамога, у асноўным, кропкавая. Зараз, да прыкладу, рыхтуем прэм’еру балета “Доўгі калядны абед” на музыку Антоніа Вівальдзі паводле аднайменнай п’есы амерыканскага драматурга Торнтана Уайлдара. Сцэнаграфія і касцюмы — з маёй уласнай кішэні. Бо іначай — прэм’ера папросту не адбудзецца. А пад Новы год так хочацца рабіць падарункі!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"