Вялікую іх колькасць наведвальнік убачыць упершыню, і такіх збораў няма нават у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Большасць экспанатаў прадстаўлена мясцовым краязнаўцам Аляксандрам Сівенкам, які распачаў збор з гісторыі пра сваіх прадзедаў:
— Яны ваявалі на франтах Першай сусветнай вайны ў складзе расійскага войска. У сям’і заўсёды захоўваліся іхнія фатаграфіі і з пакалення ў пакаленне перадаваліся ўспаміны пра іх. Адзін з прадзедаў — ураджэнец Гродзенскага павета Сцяпан Трафімавіч Сівенка — бараніў Айчыну з 249-м Дунайскім пяхотным палком, быў мужным воінам, выдатным стралком і атрымаў званне малодшага унтэр-афіцэра. А яго траюрадны брат — жыхар Гродна Мікалай Міхайлавіч Сівенка — скончыў лётныя курсы пры Петраградскім політэхнічным інстытуце. Пазней стаў лётчыкам расійскага авіяцыйнага корпуса ў Вялікабрытаніі. Прадзед трапіў на астравы Туманнага Альбіёна на знакамітым крэйсеры “Вараг”. Пасля заканчэння руска-японскай вайны гэты карабель быў падняты японцамі і пазней прададзены Расіі…
На пачатку 1917 года карабель адпраўляўся на рамонт у англійскі порт Ліверпуль з Раманава-на-Мурмане (сучасны Мурманск). На сваім борце ён вёз сотню расійскіх вайскоўцаў, што былі адабраны для навучання ў лётных школах. Са сваімі таварышамі Мікалай Сівенка нёс вахту разам са звычайнымі матросамі гэтага вядомага карабля… Для дадзенай экспазіцыі Аляксандр Сівенка прадаставіў здымак і сертыфікат аб заканчэнні лётнай школы яго прадзедам, а таксама копіі ягоных узнагарод. Яшчэ адзін прадзед аўтара экспазіцыі зведаў усе жахі вайны ды цяжкасці нямецкага палону… Збіральнік ганарыцца дакументамі з сямейнага архіва і фотаздымкамі прадзедаў у гэтай экспазіцыі: менавіта з іх і распачалося калекцыянаванне…
Пра выстаўку ды яе асаблівасці выказаўся таксама вядомы гродзенскі гісторык і калекцыянер Ян Лялевіч:
— Мяркую, што ў разрэзе вывучэння гісторыі дадзеная выстаўка з’яўляецца яшчэ адным каменьчыкам, цаглінкай у падмурак даследавання айчыннай мінуўшчыны. Безумоўна, гэтая вайна была імперыялістычнай, дзе беларусы ды іншыя народы аказаліся фактычна пешкамі ў гульнях уладароў пазней фактычна зніклых Расійскай, Аўстра-Венгерскай, Асманскай і Германскай імперый. Экспазіцыя зроблена даволі прафесійна. Да ўсяго, падзеі той вайны закранулі Гродна непасрэдным чынам...
Дарэчы, асобная паліца распавядае пра гродзенскія гарнізон і крэпасць ды абарону апошняй у 1915-м, калі немцы наступалі праз Гродна. Прадстаўлены таксама і замежныя выданні, што распавядаюць пра падзеі стогадовай даўніны…
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна