Інсталяцыя "Шлях паэта" ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. / Фота Юрыя ІВАНОВА
Дзверы гатэльнага нумара, люстра, паркетная падлога, шпалеры, крэсла, валізка, гадзіннік... Аснову інсталяцыі складаюць рэчы, якія атачалі Купалу ў апошнія імгненні ягонага зямнога шляху, — альбо “тыя самыя”, альбо, прынамсі, з той эпохі.
— Тут няма ніякай антрапаморфнасці: чалавека замяняюць прадметы, з якімі можна сувымерыць яго жыццё, — распавядае Павел Вайніцкі.
Аўтарам удалося не толькі арганічна “ўпісаць” твор сучаснага мастацтва ў апрыёры кансерватыўную музейную прастору, але і ўлічыць няпростую спецыфіку апошняй. З аднаго боку, інсталяцыя стварае пэўны эмацыйны настрой, з іншага — знаёміць гледача з арыгінальнымі артэфактамі, дбайна сабранымі супрацоўнікамі музея. Аднак экспануюцца яны зусім не ў звыклых стэлажах за шклом. Дакладней, шкло тут прысутнічае, але выконвае хіба мастацкую функцыю. Па-над аўтэнтычнымі прыступкамі гатэля “Масква” — сімвалічныя сходы.
— Наша інсталяцыя адлюстроўвае гэтае загадкавае і трагічнае падзенне, аднак многія гледачы сцвярджаюць, што ім бачыцца, наадварот, узлёт, — распавядае Павел Вайніцкі. — І гэтая трактоўка, вядома ж, прымаецца. Для нас увогуле было вельмі важна, каб твор быў адкрыты для інтэрпрэтацый…
На думку дырэктара музея Алены Ляшковіч, эксперымент атрымаўся ўдалым, і аўтарскія інтэнцыі ўдала спалучыліся з агульнай канцэпцыяй экспазіцыі:
— Яе скразны мастацкі вобраз — жыццёвы шлях Песняра, і філасофка-паэтычная інсталяцыя лагічна яго завяршае. Гэта падзенне ўніз, якое становіцца ўзлётам у неба…
Для Беларусі выкарыстанне ў музейнай прасторы набыткаў сучаснага мастацтва пакуль у навінку, але за мяжой інсталяцыі ды аб’екты актыўна ўводзяцца ў экспазіцыю, акцэнтуючы ўвагу наведвальнікаў. Варта прыгадаць хаця б вялізныя — памерам з пакой — стэлажы з чалавечымі валасамі і пратэзамі ў польскім музейным комплексе “Аўшвіц”, якія дазваляюць гледачу ўсвядоміць маштабы трагедыі куды больш пераканаўча, чым проста статыстычныя даныя. Менавіта такі эмацыйны водгук і павінна спараджаць наведванне музея.