Справа ў паспешлівасці? Была. А цяпер?

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Рэцэнзія пяцігадовай даўніны. Дубль-2
У 2009 годзе выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” была выпушчана кніга “Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского”. Гэтае выданне ўтрымлівала значную колькасць памылак ды недакладнасцей і наўрад ці магло прэтэндаваць на статус энцыклапедыі ці нават звычайнага даведніка. Рэцэнзія кандыдата гістарычных навук Максіма Макарава на дадзеную кнігу “Магчыма, справа ў паспешлівасці?” была апублікавана ў “К” № 29 за 18 ліпеня 2009 г. Мы спадзяваліся, што ў выдавецтве з водгукам, прынамсі, азнаёміліся. Але нядаўна Максім Макараў паведаміў "К", што ў кнігарні “Акадэмкніга” яму давялося пагартаць другое выданне “Городов, местечек і замков…” 2013 года. На вялікі жаль, выказаныя заўвагі не былі ўлічаны. Падаецца, пры наяўнасці слушных крытычных водгукаў выдавецтвы прымаюць парады ці заўвагі да ўвагі, каб выпусціць пасля “дапрацаванае і выпраўленае выданне” ці, прынамсі, зрабіць адмысловы раздзел з карэктнай факталогіяй. Але такога не адбылося ў выпадку з дадзеным выданнем. Чаму? Мо водгук проста не дайшоў да адрасата? Мы вырашылі паўтарыць з некаторымі скарачэннямі фактаграфічную частку рэцэнзіі гісторыка Максіма Макарава: справа ці не беспрэцэдэнтная, але…

/i/content/pi/cult/497/10653/4-7.jpg“[…] Кніга складаецца з аглядавых нарысаў па гісторыі гарадоў, мястэчак і замкаў Вялікага Княства Літоўскага і алфавітнай часткі, дзе змешчаны артыкулы пра асобныя населеныя пункты. Нарысы, аўтарамі якіх з’яўляюцца доктар гістарычных навук Ю.М. Бохан і кандыдат гістарычных навук А.Б. Доўнар, напісаны на высокім навуковым узроўні, і іх змест не выклікае нараканняў. Аднак некаторыя асаблівасці перакладу тэкстаў Ю.М. Бохана з беларускай на рускую мову, выкананага рэдакцыяй выдавецтва, выклікаюць здзіўленне.

Сапраўдны “перл” знаходзім у нарысе “Развитие фортификации ВКЛ в 14 — 16 вв.”. Аўтарскую назву раздзела “Гарадскія (мескія) умацаванні” рэдакцыя пераклала на рускую мову як “Городские (местечковые) укрепления”! У выніку такога непісьменнага перакладу ў самім раздзеле з’явілася інфармацыя пра “строительство местечковых укреплений” у сталіцы дзяржавы — Вільні! Для спецыялізаванага выдання гэта занадта грубая памылка. […]

Здзіўленне выклікае мова шэрагу цытат з гістарычных дакументаў […]. Наогул, крыніцы можна цытаваць ці на мове арыгінала, ці ў перакладзе на мову выдання (у дадзеным выпадку — рускую). Цяжка сказаць, якімі прынцыпамі кіравалася ў гэтым пытанні рэдакцыя. Некаторыя вытрымкі з дакументаў XVI — XVIII стагоддзяў у кнізе гучаць на сучаснай беларускай мове. А фрагмент пастановы Варшаўскага сейма 1764 г. (мова арыгінала — польская) увогуле падпаў пад беспрэцэдэнтную апрацоўку. У тэксце нарыса, напісанага Ю.М. Боханам на беларускай мове, гэтая цытата гучала па-беларуску, што цалкам лагічна. Пры перакладзе рэдакцыя энцыклапедыі транслітарыравала тэкст цытаты рускімі літарамі і апублікавала наступнае: “...Порушэння юрысдикций городских судов, распорядженнев по тэстаментах городских владаннев и обтяжарванней гэтых владаннев долговыми обовязательствами”. Застаецца толькі ўпэўніць чытача, што ўжытая “трасянка” не мае ніякіх адносін да мовы арыгінала дакумента.

Цяпер звернемся да артыкулаў алфавітнай часткі энцыклапедыі. На вялікі жаль, крытэрыі іх падбору не зусім зразумелыя. Паведамлена, што ў выданні “предпринята попытка описать все известные в указанный период относительно крупные населенные пункты — города, местечки, большие села, где находились замки, и сами замковые комплексы”. Аднак значнай колькасці сапраўды важных для ВКЛ гарадоў і мястэчак не знайшлося месца на старонках кнігі. Нават пры беглым праглядзе энцыклапедыі кідаецца ў вочы адсутнасць артыкулаў пра Астроўна, Баркулабаў, Варонічы, Ейшышкі, Ішкальдзь, Косава, Крошын, Лынтупы, Нізгалава, Обальцы, Поразава, Ракаў, Свянцяны, Скідзель, Сноў, Усвяты, Чарсцвяты. Спіс забытых мястэчак можа быць значна пашыраны.

На гэтым фоне асаблівую ўвагу прыцягваюць артыкулы пра “современные крупные города Беларуси, которые в период ВКЛ существовали как деревни”. Да гэтай катэгорыі адносяцца Баранавічы, Ганцавічы, Добруш, Дрыбін, Жабінка, Жыткавічы, Калінкавічы, Асіповічы, Светлагорск. Мэты такой “рэтраспекцыі” зразумець вельмі цяжка. Якое значэнне мелі, напрыклад, Баранавічы ці Дрыбін у разглядаемую эпоху? Аднак і гэты прынцып вытрымліваецца далёка не заўсёды.

Незразумела, на якой падставе ў кнігу ўключаны артыкулы пра Бакшты, Гудагай і Арэхаўна. Няўжо яны з’яўляюцца “современными крупными городами”? Можа быць, у эпоху ВКЛ гэтыя вёскі былі мястэчкамі ці ў іх існавалі замкі? Па меншай меры, у алфавітных артыкулах адпаведная інфармацыя адсутнічае. Як вынікае з табліцы, мястэчка Сіроцін (Шумілінскі раён) атрымала Магдэбургскае права ў 1767 г. Для населеных пунктаў Беларусі гэта далёка не шараговая падзея. Тым не менш, артыкула пра Сіроцін у кнізе няма. Здавалася б, пытанні храналогіі надання гарадам і мястэчкам ВКЛ Магдэбургскага права павінны мець прынцыповае значэнне для рэдакцыі гэтага спецыялізаванага выдання. Аднак прыведзеныя ў кнізе даныя пра канкрэтныя населеныя пункты нярэдка маюць узаемавыключальны характар.

На вялікі жаль, рэдакцыя не патурбавалася пра ўзгадненне дат зводнай табліцы “Привилегии на Магдебургское право городам на территории Беларуси”, складзенай А.Б. Доўнарам, з датамі асобных артыкулаў энцыклапедыі. Чытачу застаецца толькі здагадвацца, у якім годзе атрымалі Магдэбургскае права Магілёў (1577 ці 1561), Радашковічы (1792 ці 1569), Віцебск (паўторна, 1641 ці 1644), Бешанковічы (1634 ці 1635), Ула (1648 ці 1577). Адзначым, што ва ўсіх спрэчных выпадках дакладную інфармацыю змяшчае табліца А.Б. Доўнара. Першапачаткова яна рыхтавалася для энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” і ўключала даныя пра гарады ВКЛ, якія ў наш час знаходзяцца на тэрыторыі Літвы, Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. У дадзеным жа выданні, дзе прысутнічаюць артыкулы пра гарады ўсіх земляў ВКЛ, прыведзена толькі частка табліцы, якая адносіцца да тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Неабходна таксама звярнуць увагу на тое, што Веліж, насуперак прадстаўленай у адпаведным артыкуле інфармацыі, ніколі не атрымліваў Магдэбургскага права. Шэраг артыкулаў алфавітнай часткі кнігі ўтрымлівае дадаткі ў выглядзе дакументаў і матэрыялаў, крытэрыі падбору якіх таксама малазразумелыя. Так, пасля артыкула “Мстиславль” змешчана грамата Вялікага Князя Літоўскага Аляксандра князю Міхаілу Жаслаўскаму на валоданне гарадамі Мсціслаў і Мглін (1499 г.). У той жа час, у самім артыкуле інфармацыя пра наданне адсутнічае. Калі гэтая падзея не мае гістарычнага значэння, то навошта перадрукоўваць дакумент? У адваротным выпадку, лагічна было б згадаць гэты факт у тэксце артыкула. Такім жа чынам суадносяцца са сваімі дадаткамі артыкулы “Пинск”, “Чернигов”, “Щучин”.

Многія дакументы — напрыклад, размешчаныя пасля артыкулаў “Ивенец” і “Ивье”, — ніяк не звязаны з вынесенымі ў загаловак кнігі паняццямі “горад”, “мястэчка” і “замак”. Што ілюструюць такія дадаткі? І чаму ў рускамоўным выданні значная частка дакументаў прадстаўлена ў перакладзе на сучасную беларускую мову? Таксама не зразумела, навошта спатрэбілася перадрукоўваць “Сведения о древнем Случеске” з дарэвалюцыйнай “Живописной России” ў дадатку да артыкула “Слуцк”. Няўжо, на думку рэдакцыі, сам артыкул настолькі слабы, што неабходна дубліраваць яго аб’ёмным нарысам неэнцыклапедычнага характару?!. Да таго ж, у “Живописной России” змешчаны звесткі пра многія населеныя пункты ВКЛ... Такое ж дзіўнае ўражанне пакідае фрагмент “Истории Российского государства” С.М. Салаўёва, размешчаны пасля артыкула “Чашники”.

Даволі арыгінальным чынам выданне знаёміць чытача “с развитием градостроительства и фортификации”. Мне некалькі разоў давялося пабываць на Вялікай Кітайскай сцяне, і я заўсёды лічыў яе самым грандыёзным фартыфікацыйным аб’ектам у гісторыі чалавецтва. Аднак, […] паводле энцыклапедыі, драўляны замак у Вінніцы (Украіна) займаў плошчу 3 тысячы км2. Гэта ў паўтара раза больш за плошчу Мінскага раёна! Па недаглядзе рэдакцыі “грандыёзнае” фартыфікацыйнае збудаванне з’явілася таксама ў горадзе Астрог (Украіна). У кнізе адзначана, што мураваная вежа Луцкая брама, узведзеная ў першай палове XV ст., у плане мела памеры 132х8 м. Вельмі цікава, што для ўзвядзення вала Ніжняга замка ў Полацку (даўжыня — 600 м, вышыня — 10 м, шырыня падэшвы — да 30 м) нібыта спатрэбілася ўсяго 230 м3 грунту. Паспрабуйце ўявіць сабе маштаб аб’ектаў, пра якія ідзе размова! Значны інтарэс уяўляе таксама храналогія некаторых падзей. Выяўляецца, што пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654 — 1667) Быхаў быў захоплены рускімі войскамі яшчэ ў 1567 годзе. На думку рэдакцыі, Мяшчанская слабада ў Маскве была заснавана ў верасні 1772 года, а знікла пасля пажару 1712 года.

Напрыканцы хочацца спыніцца на артыкуле “Сураж”. Ён быў напісаны мной для энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” на падставе вынікаў уласных даследаванняў. Пры гэтым рэдактары, якія працавалі над кнігай, узгаднілі са мной (зрэшты, як і з іншымі аўтарамі) канчатковы варыянт артыкула. Рэдакцыя “Городов, местечек и замков” перадрукавала артыкул у перакладзе на рускую мову, не ўказаўшы мяне ў спісе аўтараў. Але справа нават не ў грубым парушэнні аўтарскіх правоў. Пры “перакладзе” па незразумелых прычынах дата пабудовы Суражскага замка была зменена з 1560 на 1563 год. У сваім артыкуле я грунтаваўся на інфармацыі прывілея Жыгімонта Аўгуста суражскім мяшчанам 1560 года. Дакумент адназначна сведчыць пра тое, што ў лістападзе 1560 года замак і мястэчка ўжо існавалі. […]

Максім МАКАРАЎ, кандыдат гістарычных навук“

Ад рэдакцыі

Гады, што мінулі з моманту выхаду ў свет першага выдання кнігі, на жаль, так і не сталі часам выпраўлення факталагічных памылак, пераклік якіх займае асноўную частку водгуку Максіма Макарава. Каб завяршыць, спадзяёмся, тэму, згадаем наступны выпадак. У свой час мы надрукавалі рэцэнзію на 12-ы том са Збору твораў Максіма Танка, дзе ўказалі на газетным развароце вялікі (і няпоўны нават) спіс памылак ды каментарыяў у выданні. Радуе, што, прынамсі, большасць заўваг была прынята і ў спецыяльным раздзеле наступнага, 13-га, тома выпраўлена. Урэшце, тое не адзіны выпадак, калі артыкул у "К" паўплываў на карэктывы ў кнігах. Гэтак жа станецца і ў апісанай вышэй сітуацыі, ці не так?..

Фота вокладкі bel-en.by

Арыгінал артыкула тут.