У чыстым выглядзе… выяўленчае? Мастацтва?

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Татуіроўка: частка культуры ці штучна "наколатае да яе"?
Для гутаркі з Алесем ТАБОЛІЧАМ мы выбралі тэму, не звязаную з ягонай музычнай дзейнасцю ў гурце “Znich”, хоць тое, пра што мы казалі, мае дачыненне і да музыкі як часткі культурнай прасторы. Без малога дзесяць гадоў ён працуе майстрам у адным са сталічных салонаў па нанясенні на цела грамадзян неабходных ім надпісаў ды малюнкаў. І справу рук сваіх лічыць, безумоўна, відам мастацтва, а значыць, тым, што трапляе пад вызначэнне “культура”. Больш за тое: Таболіча называюць ці не заснавальнікам адной з канцэпцый татуіроўкі... Нагодай жа даследаваць дадзеную тэму падрабязна стаў Фестываль тату-культуры, які гэтымі днямі праходзіць у Мінску. Нават з акна рэдакцыі “К” бачны постар на рэкламнай канструкцыі з яго анонсам. Дый статус падзеі куды шырэйшы за клубныя канцэрты ў рэчышчы “рок за тату”. Да ўсяго, Алесь адназначна называе татуіроўку відам мастацтва. Як аказалася (што прадказальна), гэтая ягоная тэза — досыць спрэчная.

/i/content/pi/cult/497/10651/11-1.jpg— Навошта чалавек робіць татуіроўку?

— Калі ён пакутуе душой, калі хоча нешта ў сабе змяніць, скажам, у хвіліны асабістага крызісу, або з-за моды (а моладзь найперш ласая да таго). Пакаленне ж “тых, каму за пяцьдзясят”, калі вырашаецца на тату, то ў асноўным “перабівае” старыя, зробленыя ў юнацтве, у войску, у “месцах, не вельмі аддаленых”. Дый татуіроўку вірусам можна назваць: адна цягне за сабой іншую, а потым іх перарабляюць... Некаторым жа проста цікавыя новыя эмоцыі... Як многія ходзяць у “качалку”, так і тут. Што карыстаецца попытам? Японскія матывы і іерогліфы, “олд скул” — традыцыйная татуіроўка (важныя для чалавека даты і словы, малюнкі), партрэты…

— Ці дарагая такая “забава”?

— Па нашых мерках — так. Але танней, чым у Расіі, Украіне. У нас кошт залежыць ад памеру, а ў Еўропе ацэньваецца час, затрачаны на нанясенне. Гадзінны сеанс можа абысціся, дапусцім, у 100 долараў. А перманентны макіяж для еўрапейцаў — як аперацыю зрабіць: 700 еўра.

— Хто тыя людзі, якія робяць іншым татуіроўкі? Мастацкая адукацыя ў іх хаця б ёсць? Альбо і я магу — па шаблоне?..

— Можаш, вядома. А ў татуіроўцы працуюць і члены Беларускага саюза мастакоў. Але... Ты разумееш розніцу паміж словамі “рамеснік” і... “творца”? Дык вось, каб ты рабіў татуіроўкі па шаблоне, быў бы рамеснікам. Я лічу, што сапраўдны майстар у гэтай справе павінен мець дачыненне да выяўленчага мастацтва.

— І што за крызіс “накрыў” цябе, калі ты зрабіў сабе першае тату?

— Я ў 2003-м скончыў Акадэмію мастацтваў, кафедру графічнага дызайну. (А да яе — Парнат, школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.) Дык вось, гляджу я на “корачку” і думаю: а што далей рабіць? Ну так, ёсць гурт “Znich”, цяпер вось — вышэйшая адукацыя. Далей што?

— Пісаць карціны!

— Я іх і пісаў — у графіцы. І выстаўкі былі. Але... Каму гэта патрэбна? Вось я паступіў на эмоцыях у Акадэмію: думаў, скончу — горы звярну! Наперадзе — пленэры, выстаўкі, будуць прыходзіць людзі, цікавіцца, мяне заўважаць... І вельмі хутка зразумеў, што, прынамсі, у ВНУ нікому маё магчымае будучае “мастацтва” не патрэбна. Часам наш арт-свет называюць “міжсабойчыкам”. Дык мастакі адно да аднаго амаль не хадзілі на выстаўкі, не бачыў я нават жадання зразумець і прыняць нешта не акадэмічнае. Кажу не пустаслоўна: я ж сярод гэтага жыў. Тым больш, мае тата і мама — Рыгор Фядосавіч і Марыя Яўгенаўна — члены БСМ.

Наколькі ведаю, савецкі час быў раем для мастакоў. Яны атрымлівалі дзяржзаказы, “бадзяліся” па ўсёй краіне на пленэры, выстаўляліся (сёння — у Мінску, паслязаўтра — на Далёкім Усходзе), сталыя зносіны захоўвалі паміж сабой, існавалі вытворчыя камбінаты… А ў дарэвалюцыйны час? Таленавітых мастакоў падтрымлівалі і цары, і царква, і мецэнаты. А мы як з пачатку 1990-х аказаліся кінутымі ў ваду, так, па вялікім рахунку, ці шмат “выплыла”?..

— Ну дык падтрымлівалі таленавітых...

— Вырашыць, мастак гэта альбо не, ці таленавіты ён, можа толькі адукаваны чалавек. А названыя мной цары, святары, мецэнаты былі людзьмі ў сваёй масе адукаванымі. Самую ж бесстароннюю ацэнку твору мастацтва, на мой погляд, можа даць толькі асоба з той жа прафесіі.

— А народ?

— У нас шмат тых, каму мастацтва не патрэбна, для каго галоўная імпрэза — “пагалівудзіць” у цэнтры. Вось ты ў мінскім Палацы мастацтва даўно быў? На выстаўцы?

— На Кірмашы мёду быў...

— ...І на выстаўцы котак... Пра што мы гаворым тады?

— Супрацоўнікі ўстановы не пагодзяцца: выстаўкі, перформансы, канцэрты там праходзяць...

— Мяне іх колькасць не задавальняе. Дый хто на іх ходзіць? Мастакі, музыканты і пяць журналістаў.

— Гэта ўжо пытанне рэкламы.

— З рэкламай беларускай культуры наогул “засада”! Што ў нас рэкламуюць, пра што напісана на расцяжках? Там “выступіць Стас Міхайлаў”, у нейкім буціку зніжаны цэны на брыльянты, а ў прэстыжным мікрараёне прадаюць кватэры ў еўрадоме!.. Мне арганізатары беларускіх фестываляў кажуць, што расцэнкі на падобную рэкламу вельмі высокія. Дык чаму не зрабіць зніжку роднаму мастацтву?!.

— Зразумела... Увогуле, трапіўшы ў крызіс, ты набіў...

— Молат Тора. А Тор у германа-скандынаўскай міфалогіі — гэта Бог грому і буры. І ў 2007 годзе з друкарні, дзе займаўся дызайнам, прыйшоў працаваць у салон. Прайшоў сумоўе, месяц далі на трэніроўку…

— Да татуіроўкі ты ставішся вельмі сур’ёзна...

— І я нават перакананы, што татуіроўку як прадмет трэба ўводзіць для выкладання ў Акадэміі мастацтваў. Вывучаюць жа графіку на камені, на лістах жалеза. Татуіроўка, лічу, — таксама мастацтва. А яе майстар — прафесія. Хоць у Адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведніку яе няма. У маёй жа працоўнай кніжцы напісана, што я — мастак-мадэльер.

— Дабраліся да галоўнага! Такім чынам, паўтары, калі ласка, татуіроўка — гэта...

— ...Від мастацтва. Гэта ў чыстым выглядзе выяўленчае мастацтва — проста, палатном, паперай, каменем у ім служыць цела чалавека. І, як любое мастацтва, татуіроўка можа быць дрэннай або добрай, таленавітай або бяздарнай, прыгожай ці жудаснай…

— Я ўжо прадчуваю, як у рэдакцыю “К” могуць патэлефанаваць прадстаўнікі “грамадскасці”, перакананыя, што ўсё звязанае з татуіроўкай мае дачыненне да крымінальнага свету… А ты мала таго, што татуіроўку называеш мастацтвам, дык яшчэ і ўважаеш яе часткай культуры. Дакладна?

— Абсалютна. Дый тая субкультура, пра якую ты згадаў, таксама існуе: згадаем “турэмную літаратуру” (Салжаніцын, Шаламаў і нават Якуб Колас) ў школьных праграмах. Таму давай супакоім чытачоў і аднясём татуіроўку да субкультуры...

— Добра, а штосьці звязанае з мясцінамі Беларусі набіваюць? У Маскве на адным пузе я бачыў выяву сабора Васілія Блажэннага...

— Мірскі замак я ўласнаручна набіваў. Вельмі прыгожа атрымалася. Ёсць такое, што людзі (іх сярод кліентаў нямала) і такім чынам хочуць прадэманстраваць сваё стаўленне да радзімы, да яе культуры.

— Значыць, можна казаць аб беларускай татуіроўцы?

— Вядома. І не толькі таму, што хтосьці набівае якую-небудзь беларускую славутасць. Можна казаць менавіта пра айчынную татуіроўку як такую, што нясе нацыянальныя рысы. Гэта ўжо брэнд, часам нараджэння якога я назваў бы канец 
1980-х — пачатак 1990-х.

— Дык у чым яе асаблівасці?

— Гэта можа быць фраза на беларускай мове. Нашы геральдыка, арнамент. Нешта, звязанае са старажытнымі славянскімі матывамі. Нейкія стылізаваныя шаўроны, звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім, статутамi. Людзі, якія набіваюць такое, як правіла, вельмі начытаныя, яны разумеюць, што хочуць, у іх вельмі развіта нацыянальная свядомасць. Нават спрэчкі з імі часам узнікаюць: яны спасылаюцца на нейкія гістарычныя артэфакты, папраўляюць мяне. Набіваюць і партрэты...

— Некаторыя называюць цябе “айцом беларускай татуіроўкі”...

— Смешна гучыць. Я б сябе назваў яе ідэйным натхняльнікам, адным з аўтараў канцэпцыі. Мяркую, мы з жонкай былі першымі, хто набіў сабе беларускі арнамент. Дарэчы, я ўжо амаль скончыў збіраць матэрыял для кнігі, дзе распавяду аб нашай татуіроўцы — з усімі гістарычнымі “зноскамі”, перадумовамі…

 

А мастакі мяркуюць...

Мы папрасілі пракаментаваць людзей, чыёй кампетэнтнасці можна давяраць — усе члены Беларускага саюза мастакоў, — пасажы з інтэрв’ю.

Уладзімір КОЖУХ, жывапісец:

— Катэгарычна не згодзен з тым, што татуіроўка мае дачыненне да мастацтва, а значыць, і да культуры. Калісьці татуіроўка з’яўлялася складнікам культу. Вось гэты корань — “культ”, і ёсць тым агульным паміж словамі “культура” і “культ”. Паміж словамі, а не паняццямі. І пазней татуіроўка насіла характар пакланення. Нават у крымінальнікаў. Сённяшняя ж татуіроўка — глянец і гламур. Не будзем жа мы вокладку яркага часопіса прылічваць да культуры? Да псеўдакультуры, да арт-дзейства — калі ласка…

Рыгор СIТНIЦА, графік, старшыня БСМ:

— Можаце мяне запісаць у рэтраграды, але я супраць татуіровак. Гасподзь стварыў чалавека, яго цела па сваім вобразе і падабенстве. І штучна змяняць сябе — пластычнай хірургіяй (калі гэта не вымушаная мера), размалёўваннем — я лічу ненатуральным, ненармальным. Тых, хто займаецца нанясеннем татуіровак, я б вызначыў майстрамі спецыфічнымі, своеасаблівымі рамеснікамі. Але да мастацтва, тым больш да культуры, іх дзейнасць дачынення не мае…

Уладзімір ГАНЧАРУК, жывапісец:

— У Азіі, на Усходзе татуiроўка да гэтага часу з’яўляецца культам, яна нясе ў сабе магічны сэнс. Але і ў іншых частках свету чалавек заўсёды імкнуўся змяніць сябе — і ўнутрана, і знешне, стараўся наблізіцца да нейкага ідэалу. На мой погляд, у Еўропе, і ў Беларусі ў прыватнасці, масавае татуiраванне ўяўляе з сябе проста чарговае моднае захапленне. Хаця, калі татуіроўка выканана “з высокім пілатажам”, аднесці яе да незалежнага мастацтва можна, як і бодзі-арт. Права на існаванне яна мае, аднак з хрысціянскага пункта гледжання — гэта грэх…

Ганна СІЛІВОНЧЫК, жывапісец:

— Я не вялікі спецыяліст у тым, каб спрабаваць ацэньваць татуіроўку праз прызму выяўленчага мастацтва і навешваць нейкія ярлыкі. Калі раптам выпадкова звяртаю ўвагу на татуіроўку ў часопісе, па тэлевізары, значыць, яна мяне чымсьці зачапіла. Пытанне не стаіць такім чынам: падабаецца яна мне ці не, — але ж штосьці мяне прымусіла некалькі секунд сузіраць малюнак? Таму, хутчэй, я магла б назваць вось такія неардынарныя, адзінкавыя татуіроўкі творамі мастацтва…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"