“Хадзілі чуткі, вам увесь Парыж апладзіраваў!”

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Генадзь ГАРБУК: гісторыі ад народнага артыста
Юбілейны вечар народнага артыста Беларусі Генадзя ГАРБУКА, якому споўнілася 80 гадоў, пройдзе ў Купалаўскім тэатры ў верасні пад назвай “Песні майго жыцця”. Але некаторыя сакрэты і тых песень, і свайго жыцця Генадзь Міхайлавіч адкрыў у час нашай з ім гутаркі.

/i/content/pi/cult/495/10633/6-1.jpg

Фота Юрыя ІВАНОВА

— Вы неяк ужо спявалі са сцэны — на сваё 75-годдзе. Няўжо гэта будзе паўтор?

— Хіба ў жыцці бываюць паўторы? А ў тэатры, нават калі ідзе той жа спектакль? Не, усё будзе іначай, хаця сама ідэя падобная. Калі мінулым разам было каля пятнаццаці песень, дык цяпер — удвая менш. Але абавязкова будзе штосьці з майго ўлюбёнага Аляксандра Вярцінскага. Безумоўна, праспяваю і нешта жартоўнае. Усё — у суправаджэнні нашага тэатральнага аркестра (дакладней, ансамбля). А другая частка — тэатральны капуснік.

— Такая форма вечара, пэўна, невыпадковая: спяваеце вы з дзяцінства…

— Мае школьныя гады прайшлі ва Ушачах. Наша настаўніца любіла арганізоўваць да святаў канцэрты. А я быў паслухмяны вучань — вось яна прыцягнула і мяне. Танцавалі “Крыжачок”, “Лявоніху” — усё парамі. Але хлопчык быў адзіны — я, замест астатніх пераапраналіся дзяўчаты. З другога класа пачаў ужо не толькі танчыць, але і вершы чытаць. А з пятага — спяваць. Пад акампанемент акардэона, на якім грала яшчэ адна настаўніца — Галіна Сямёнаўна Жукава. Ну а з сёмага — у “начальнікі” выбіўся: кіраваў усёй самадзейнасцю школы. З хорам, салістамі песні развучваў, ладзіў невялічкія пастаноўкі…

— А ў сям’і спявалі?

— Старадаўнія фальклорныя (накшталт тых, што выконвае Таццяна Мархель) — не. Усё больш былі песні грамадзянскай вайны, савецкая класіка.

— Можа, яшчэ і таму іншых не памятаеце, што ваша дзяцінства прыпала на ваенныя гады?

— Добра памятаю пачатак вайны. Мы тады жылі ў Браславе: туды бацьку працаваць накіравалі. Мой ложак стаяў ля акна, насупраць — рэпрадуктар на тэлефонным слупе. У той дзень я прачнуўся ад таго, што па радыё нешта абвяшчалі, а побач стаяў натоўп — і ўсе, пахмурныя, слухалі. Гэта было выступленне Молатава. Нам далі калёсы з канём, маці закінула туды якія рэчы, пасадзіла нас з братам, і мы рушылі дадому — у вёску Глыбачка, што на Ушаччыне. Толькі пад’ехалі да лесу — наляцелі самалёты, і нашы салдаты стралялі па іх з палявой пушкі… Яшчэ ўрэзалася ў памяць машына — трохтонка з прычэпам, цалкам загружаная “соннымі”, як мне здалося, чырвонаармейцамі. Толькі потым ужо зразумеў, што гэта былі забітыя… У вёсцы пасяліліся ў былым будынку сельсавета — наша сям’я і сястра бацькі з дзецьмі. Так і жылі, камунай. Пазней пераехалі ў вёску Горы, на матчыну радзіму. Адтуль бацька пайшоў у партызаны…

Немцы да нас не лезлі, баяліся, бо гэта была партызанская зона. Але, як хто данясе, выразалі сем’і партызан… Пасля першага такога выпадку ў вёсцы вырашылі арганізаваць грамадзянскую абарону: з’ядналіся па дзве сям’і і па чарзе дзяжурылі, абыходзілі ўночы вёску і, калі што, званілі. Сапраўдных царкоўных званоў, канешне, не было, але выкарыстоўвалі старую бомбу: білі па ёй чымсьці металічным. Аднойчы ўночы ўсіх паднялі: убачылі пажар у суседняй вёсцы. Але, як аказалася, нічога страшнага: лён у лазні загарэўся. Усё хутка патушылі, на хаты не перакінулася…

Жудасна было, калі пачалася блакада: увесну 44-га немцы імкнуліся канчаткова ліквідаваць партызан. Мы адыходзілі з атрадам бацькі, згубілі яго, калі разбягаліся па лесе. Доўга хаваліся, а потым, калі немцы выганялі ўсіх з лесу, выйшлі. Там усіх сарціравалі: тых, каму гадоў па 16, адпраўлялі ў Германію. Астатніх пагналі калонай ва Ушачы, на бальнічны двор. Там ізноў пачалі сарціраваць, рабіла гэта нейкая дама з кульбай у руках. Загнутым канцом, бы крукам, яна чапляла хлопца ці дзяўчыну за шыю і цягнула ўбок. Ухапіла і майго старэйшага брата. Маці кінулася ў лямант, але ж хіба такую расчуліш? І тады немец, што стаяў на ахове за спінай той мадам, ціхенька, каб яна не ўбачыла, “перакінуў” брата да нас… Два месяцы мы былі ў лагеры. А потым усё ж падкапалі агароджу — і збеглі. Вярнуліся ў вёску Горы, але хата наша згарэла, жылі па сваяках, хаваліся ў зямлянцы. Немцаў пазнавалі па гуках: “ляп-ляп-ляп”. Калі салдаты проста ішлі, у іх нічога не грукала. А калі пры адступленні беглі, “ляпалі” іх процівагазы. І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў зямлянцы, надта гучна ўжо “ляпала”. Я не ўтрымаўся, прыадкрыў радзюгу — бачу, двое ідуць у іншай, не фашысцкай форме. Прыгледзеўся — чырвоныя пагоны! Тыя двое падышлі да поля, выпусцілі па ім чаргу з аўтамата — і крочылі праз жніво. А ўжо як пару танкаў праехала, а за імі машыны, артылерыя (яе коні цягнулі) — усё, вызваленне!..

— А ў тэатры вам фашыстаў не даводзілася іграць? Надта ж у вас знешнасць славянская — ну проста вобраз-сімвал беларускага селяніна…

— Гэты “імідж” мне пасля Васіля ў “Людзях на балоце” прыклеілі. Спачатку я іграў гэтую ролю ў тэлеспектаклі, потым — у пастаноўцы на Купалаўскай сцэне. Так і пайшло. А калі вучыўся, дык і “немцам” давялося пабываць, і “французам”. Тады будынка цяперашняй Акадэміі мастацтваў не было, заняткі праходзілі ў Вялікім тэатры (уваход — праз шосты пад’езд). Мы хадзілі на ўсе оперныя і балетныя спектаклі, дый самі ўдзельнічалі ў многіх пастаноўках — у масоўцы, артыстамі міманса. У балеце “Палымяныя сэрцы” Васіля Залатарова ўвасаблялі ваяроў Князя (з гэтым спектаклем мы ездзілі ў 1955 годзе на Другую Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскве). А ў оперы Яўгена Цікоцкага “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”) мы былі немцамі — самая няўдалая, скажу вам, мая роля. Столькі ў яе ўклаў — і ўсё дарма! Я стаяў у ахове, з аўтаматам. Зброя ў нас была — сапраўдная, толькі што не страляла. Навошта муляжы вырабляць, калі пасля вайны гэтага дабра і так хапала! Знакаміты тэнар Ісідар Балоцін спяваў здрадніка Сёмку. Яго забівалі — і некалькі нашых хлопцаў, пераапранутых гітлераўцамі, выносілі “труп”. А аднойчы мне сказалі: “Будзеш таксама выносіць. Бярэш яго пад плечы, падымаеш — нічога складанага”. Я закінуў аўтамат за спіну, нахіліўся — і рукаятка аўтамата як дзеўбане ўлюбёнцу публікі па галаве! На тым месцы, бачу, шышак адразу лезе, а “забіты” шыпіць: “С-с-скаціна! Заб’ю! Скалечу!” Я ўсё ж зацягнуў яго неяк за кулісы, кінуў там — і ён, бедалага, ізноў пацярпеў: “пацалаваў” патыліцай падлогу. Ну што тут зробіш? Але да наступнага спектакля я цвёрда вырашыў выправіцца. Прыйшоў за паўтары гадзіны да пачатку, адрэпеціраваў, каб аўтамат не перакульваўся. А на спектаклі, на тую халеру, ізноў — трэсь!.. Балоцін разышоўся не на жарт, крычыць, кідаецца на мяне, хлопцы яго трымаюць, каб і сапраўды, барані божа, не забіў. Спрабуюць мяне “апраўдаць”: маўляў, ён паўтары гадзіны рэпеціраваў! Балоцін перапытвае: “Што, сапраўды паўтары?” І потым, ужо больш спакойна: “Добра, дарую”.

— З ролямі “французаў”, наколькі мне вядома, усё было больш мірна?

— Студэнтам я ўвасабляў Армана Дзюваля ў “Даме з камеліямі” Аляксандра Дзюма-сына — па-французску. Дзмітрый Арлоў ацаніў гэтую ролю на “пяцёрку з бясконцымі плюсамі”. Ён быў не толькі цудоўным артыстам, але і геніяльным выкладчыкам. Я цалкам яму давяраў, імкнуўся жыць так, як ён навучаў. Пасля заняткаў — адразу ў бібліятэку, таго гарадскога жыцця, пра якое мараць многія вяскоўцы, не заўважаў…

— А ў Парыжы, дзе ў 1987-м вы здымаліся ў фільме Тамары Лісіцыян “Загадкавы спадчыннік”, хаця паспелі штосьці заўважыць?

— Памятаю, здымалі сцэны на Манмартры. Мяне загрыміравалі “пад бамжа”. Чакаючы свайго выкліку, адышоў крыху ўбок, прысеў на прыступкі сабора. Раптам нейкая францужанка кладзе мне ў руку манету. Я — хутчэй да перакладчыка: “Растлумачце ёй, я ж не жабрак, я артыст!” А той смяецца: “Яна вам за працу заплаціла”. — “За якую?” — “Яна вас сфатаграфавала”. Яшчэ адну сцэну, дзе я іграў з Уладзімірам Ільіным, здымалі ў рэстаране. Нам далі час толькі да паўдня, бо пасля туды завітваюць пастаянныя кліенты, рэстаран не хацеў ім перашкаджаць. Знялі з першага дубля, і афіцыянты, што сабраліся “на кіно”, ажно запляскалі ў далоні. У гатэлі Інакенцій Смактуноўскі пажартаваў: “Хадзілі чуткі, вам сёння ўвесь Парыж апладзіраваў”.

— А вы — Парыжу?

— Яшчэ калі ехаў туды, сказаў самому сабе, што спаць буду не больш як чатыры гадзіны на суткі, каб паспець больш пабачыць. Парыж, як і ўсялякі горад, трэба спазнаваць знутры, а не праз экскурсіі. Хадзіў, глядзеў, дзівіўся. Але ж каб цалкам зразумець сам “характар” горада, ягоны ўнутраны, а не знешні “вобраз”, трэба яшчэ і з яго жыхарамі гутарыць — вось як мы з вамі…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"