Адзінота даўжынёй у жыццё

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Ізраіль Басаў: вечны шлях, які не мае канца...
Яркай каметай уварваўся гэты мастак у другой палове ХХ стагоддзя ў беларускі жывапіс. З кім яго параўнаць? Няма з кім. Так і стаіць ён асобна — не падобны ні на кога, самабытны, незалежны ад чужых меркаванняў, палка адданы сваім ідэалам, якія вызнаваў усё жыццё… Акурат 20 гадоў таму, 4 жніўня 1994-га, пайшоў з жыцця гэты жывапісец, чый талент і да сённяшняга дня яшчэ не атрымаў той вартай ацэнкі, якую па праве заслужыў сваім незвычайным мастацтвам.

/i/content/pi/cult/494/10586/15-2.jpg

Ізраіль Басаў. "Каханне".

/i/content/pi/cult/494/10586/15-1.jpgГаворка — пра Ізраіля Басава. Праўда, напрыканцы 1990-х — на пачатку 2000-х лёд нібыта крануўся: былі выдадзены два сціплыя альбомы пра творчасць мастака, на жаль, невялічкім тыражом, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. У напісанні тэкстаў прымалі ўдзел мастацтвазнаўцы Мікола Паграноўскі, Вольга Капёнкіна, Нінэль Зітарава (Талін) і Ларыса Фінкельштэйн. Што і казаць, гэтыя спецыялісты, сур’ёзныя, думаючыя, адданыя мастацтву, зрабілі важны крок ва ўвекавечанні памяці слыннага жывапісца, дый пасмяротныя выстаўкі яго твораў (у Нацыянальным мастацкім музеі ў 1996-м, а потым — яшчэ праз два гады) прымусілі інтэлектуальнае грамадства адкрыць вочы на такую, як аказалася, мала вядомую шырокай грамадскасці з’яву, як “дзіўны жывапіс” Ізраіля Басава.

Але ўсё гэта было пасля смерці жывапісца. Пры жыцці яму так і не ўдалося хоць трошкі зведаць славу мастака-наватара, які, насуперак тагачаснаму негатыўнаму стаўленню да яго з боку большасці калег, рабіў сваю справу сумленна, практычна, у поўнай адзіноце, не думаючы пра нейкія матэрыяльныя выгоды, узнагароды, дагаворы, закупкі карцін, самарэкламу і г.д. Лёс быў трагічна бязлітасны да яго. Пры жыцці Басаў не паспеў зладзіць ніводнай сваёй персанальнай выстаўкі з прычыны абсалютнай індыферэнтнасці як з боку афіцыйных структур, так і нашага мастацтвазнаўства. Нават у шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва” Леанід Дробаў, разважаючы пра жанры беларускага пейзажа і партрэта, ніводнага разу не згадаў ягонае імя!..

Памятаю, як радаваўся Басаў, калі ў 1968 годзе ў адным з артыкулаў у “ЛіМе” я прысвяціў ягонай карціне “Успаміны” вялікі фрагмент!.. І хто б мог падумаць, што ў такога неабароненага чалавека, якім быў Басаў, знойдуцца сілы для папраўдзе мужнага змагання супраць незразумелага стаўлення людзей! Я нібыта сёння чую ягоны крыху глухаваты голас, бачу мяккую збянтэжаную ўсмешку, задуменны твар, у якім унутраная чалавечая сціпласць і незалежнасць мастакоўскіх поглядаў спалучаліся з дзіўнай прастадушнасцю…

Амаль штодня, раніцай, Басаў падымаўся да сябе ў майстэрню і станавіўся да мальберта. Я тады — у 1960-я — часта заходзіў да яго і гадзінамі разглядаў ягоныя, непадобныя не на чые, творы. А бывала, і назіраў чароўны працэс работы над такімі палотнамі, як “Акно”, “Рытм горада”, “Спатканне”. І “Аўтапартрэт” ён пісаў таксама на маіх вачах. У асноўным творы былі прысвечаны Мінску ды яго самотным жыхарам, якія бачыліся мастаку нібы праз прызму сумнай мелодыі. А карціны “Успамін”, “Гарадская ўскраіна”, “Рытм горада” і “Вуліца Чырвонаармейская” падаліся мне тады шэдэўрамі. Яны і зараз — шэдэўры беларускага, а можа, і еўрапейскага жывапісу, поўныя глыбокага філасофскага роздуму пра хуткаплыннасць часу…

Мне здавалася, што Басаў заўсёды жыў у свеце таямнічых мар, якія ён нікому не расшыфроўваў. І душа ў мастака была на дзіва далікатная, хаця і наглуха закрытая для тых, хто быў для яго чужым. Усе сілы ён скіроўваў у адно рэчышча, туды ж выпраменьваліся ўсе токі яго сэрца — у творчасць. Гэта галіна, дзе не выдаюць узнагарод за подзвіг штодзённай працы. Дый не чакаў Басаў гэтых узнагарод, не праяўляючы намаганняў ці запалу для таго, каб вызначыцца, праславіцца, паўстаць не тым, кім быў насамрэч. Ён заставаўся сціплым, чуйным, негаваркім рабацягам, і у той жа час — балюча-чуллівым. Хітраваць, цямніць, скарыстоўваць абходны манеўр — усё гэта ў зносінах з ім было марнымі высілкамі. Гаварыць трэба было проста, шчыра і па магчымасці — з максімальным трапляннем у цэль. І тады вочы жывапісца ўспыхвалі, калі мне ўдавалася дакладна вытлумачыць сэнс карціны, адкрыць у ёй тое патаемнае, схаванае, самабытнае, што ён уклаў у палатно…

Басаў лічыў, што мастаком ён стаў ужо ў сталым узросце, калі “сфарміраваўся як чалавек”, — тое, што маляваў пасля вучылішча і пазней, калі нейкі перыяд працаваў на мастацка-вытворчым камбінаце Мастацкага фонду БССР (было і такое), — не лічыцца. “Тыя ранішнія творы, намаляваныя, галоўным чынам, з натуры, — казаў ён, — я нават не падпісваў, бо не верыў у тое, што пішу. А калі зразумеў, што, уласна кажучы, “на натуры” наперад рушыць не змагу, справа пайшла, як трэба… І ніколі не думаў пра нейкі “авангардызм”, “андэграўнд”, “кубістычны экспрэсіянізм” і г.д., куды мяне не раз упісвалі крытыкі ды розныя “дабрадзеі”…”

Аднак, па праўдзе кажучы, у кулуарах (на жаль, толькі ў кулуарах) і тады пра Басава казалі шмат добрага, лічачы яго сапраўды таленавітым ды своеасаблівым жывапісцам. Асабіста я чуў такое меркаванне ад ягоных былых аднакурснікаў па Мінскім мастацкім вучылішчы Леаніда Шчамялёва, Мая Данцыга, Міхаіла Чэпіка, а таксама Аляксандра Кішчанкі і Уладзіміра Стальмашонка. Кішчанка, напрыклад, лічыў Басава адным з адкрывальнікаў у беларускім жывапісе так званага закону элементаў...

Заканчэнне аповеду пра Ізраіля Басава — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"