Цэнтр Полацка. Рэгенерацыя?

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Каб механізмы вырашэння пытанняў не былі местачковымі
У 2012-м група энтузіястаў завяршыла эскізны план рэгенерацыі Верхняга замка ў цэнтры Полацка. Згодна з праектам тэрыторыю Верхняга замка плануецца пераўтварыць у паркава-архітэктурны і музейны комплекс, насычаны фрагментарна адноўленай гістарычнай забудовай гэтага месца. Прычым аўтары даволі смела “спалучылі эпохі”: на іх рэндарах — драўляныя вежы часоў зараджэння Полацка суседнічаюць з фартыфікацыйнымі ўмацаваннямі XVI стагоддзя, а тыя, у сваю чаргу, — з будынкамі ўжо ХІХ-га... Планы ёсць і на іншыя раёны старадаўняга горада. У “круглым стале”, зладжаным рэдакцыямі газеты “Культура” і “Краязнаўчай газеты”, які быў прысвечаны аднаўленню гістарычных дамінант найстаражытнага беларускага горада, узялі ўдзел старшыня Беларускага фонду культуры, старшыня Беларускага камітэта Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір ГІЛЕП, галоўны дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь”, паэт, Ганаровы грамадзянін горада Полацка Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Віктар ПОЛУШКІН, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара ДЖУМАНТАЕВА, гісторык і археолаг Сяргей ТАРАСАЎ, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ, а таксама рэдактар аддзела газеты “Культура” Ілья СВІРЫН.

/i/content/pi/cult/492/10558/5-5.jpg

/i/content/pi/cult/492/10558/5-6.jpg

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ: — Не буду вызначаць месца нашай першай сталіцы ў рэйтынгу беларускіх адметнасцей: кожны пагодзіцца з тым, што Полацк — у самым версе іх пераліку. І мы, палачане (хай сабе і з мінскай прапіскай), робім усе магчымыя захады для развіцця свайго любімага горада. Так, гэта кроплі, але менавіта з іх і складаюцца рэкі ды моры. Прыкладам, не так даўно быў ініцыяваны збор сродкаў на аднаўленне фрэсак у Спаса-Ефрасіннеўскім саборы. І справа нават не толькі ў сабраных грошах — перадусім мы ставілі за мэту прыцягнуць грамадскую ўвагу. Сёння перад намі — падобная задача: наданне галоснасці тым задумам па рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Полацка, якія з’явіліся ў апантаных патрыётаў свайго роднага горада і сваёй краіны.

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — Пра ролю Полацка ў беларускай гісторыі нагадваць будзе нават залішне, і я перакананы, што першая наша сталіца павінна выконваць вельмі важную ідэалагічную функцыю, спрыяючы адзінству нацыі. Але... Што мы маем у выніку? Турыста, які прыязджае ў горад, можна заняць усяго на пару гадзін. Ёсць асобныя аб’екты, не спалучаныя ў адзіную зону. А падыход павінен быць прынцыпова іншым: Полацк належыць разглядаць як адзінае цэлае. І менавіта такую спробу мы пачалі рабіць тры гады таму разам з навукоўцам Сяргеем Тарасавым і мастаком Сяргеем Цімохавым (вечная яму памяць).

Сяргей ТАРАСАЎ: — Вядома, у Полацку зроблена ўжо багата — той жа першы на Беларусі музей-запаведнік... Тут ёсць на што паглядзець. Аднак турысту важна не толькі наведаць асобныя цікавосткі, але і адчуць атмасферу горада. Прыязджаеш у Рыгу ці ў Талін — і адразу апынаешся ва ўнікальным культурным асяроддзі, прасякнутым даўніной. Наша задача — аднавіць яго і ў Полацку. Задача, трэба адзначыць, не з простых: значна лягчэй адрэстаўраваць асобны помнік спадчыны (хай сабе і такі маштабны, як ансамблі ў Міры і Нясвіжы), чым змяніць горадабудаўнічую сітуацыю.

Але ўсё адно гэтым неабходна займацца. Бо сёння, па сутнасці, Полацк трымаецца на сваёй міфалагеме. Людзі з усяго свету прыязджаюць, каб дакрануцца да мінуўшчыны…

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — І атрымліваюць расчараванне… Лепшая частка таго, што мы сёння маем, была зроблена яшчэ гадоў трыццаць таму, пры легендарным дырэктары Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Таццяне Рудавай: гэта і рэстаўрацыя Сафіі, і ўдала вырашаны помнік Скарыну, і тыя музеі, якія сёння з’яўляюцца гонарам Полацка, — уключна з карціннай галерэяй. (Дарэчы, з 1994 да 2006 гады дырэктарам быў Мікалай Ільніцкі. Музей ткацтва адкрыўся ў 1998-м, як і экспазіцыя “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай". Галерэя была адкрыта ў 2002 годзе, Дзіцячы музей — у 2004-м, Прыродна-экалагічны — у 2005-м. — Рэд.) Важна, што ўжо тады горад разглядаўся як адзіны комплекс.

У цэнтральнай частцы Полацка сёе-тое рабілася і пазней — асабліва ў той час, калі мэрам горада быў Уладзімір Тачыла. Але ж тады асаблівая ўвага надавалася адлюстраванню перыяду Расійскай імперыі. Не маю нічога супраць, але адзначу, што Полацк найперш цікавы сваёй мінуўшчынай IX —XVI стагоддзяў. А для таго, каб больш выразна яе “праявіць”, за апошні час не зроблена бадай нічога. Выключэнні — зусім няўдалы, на маю думку, помнік Ефрасінні Полацкай і, наадварот, цудоўны помнік Усяславу Чарадзею, які быў сапсаваны дрэннай пастаноўкай.

Ва ўсялякім выпадку, усё гэта — асобныя несістэмныя і лакальныя рашэнні, якім бракуе сістэмнага падыходу. Вось свежы прыклад. Пра тое, што з тэрыторыі Верхняга замка трэба прыбраць бальнічны комплекс, казалі ўжо даўно. Прыбралі. І цяпер не ведаюць, што з гэтым усім рабіць. Бюджэтныя грошы ідуць на ўтрыманне “чырвонай бальніцы” — проста, каб не развалілася. Адсюль і выснова: калі няма канкрэтыкі адносна функцыянальнага прызначэння, вельмі складана ўбачыць мэту ды перспектыву развіцця.

Уладзімір ГІЛЕП: — А што трэба, каб адзінае бачанне з’явілася?

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — На мой погляд, для пачатку патрэбна вызначыцца з генпланам гістарычнай часткі Полацка — з абавязковай канкрэтызацыяй прызначэння кожнага аб’екта — і няўхільна яго прытрымлівацца.

Тамара ДЖУМАНТАЕВА: — Але ж генплан Полацка ўжо зацверджаны — перарабляць яго будзе і дорага, і складана…

Уладзімір ГІЛЕП: — Наўрад ці гэта прынцыпова невырашальная праблема. І калі трэба ўносіць у генплан карэктывы (а па ўсім відаць, што без іх не абыдзецца), значыць, тыя грошы належыць выдаткаваць. Дый не думаю, што гаворка ідзе пра нейкія касмічныя сумы.

Віктар ПОЛУШКІН: — Для нас вельмі важна, што мы сёння абмяркоўваем тут гэтую тэму — магчыма, з вялікім спазненнем. Я згодны з тым, што генплан належыць перагледзець, і галоўная мэта на сёння — аб’яднанне лакальных праектаў у адну цэласную сістэму. Калі гэтага не дасягнем цяпер, далей зрабіць тое будзе нашмат больш складана. Каб мы не наламалі дроў, павінна існаваць цэласнае бачанне канцэпцыі развіцця Полацка.

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — Мяне непакоіць пасіўная пазіцыя горада: цалкам “за”, але толькі на словах. Як быццам павінен нехта прыйсці, усё зрабіць, а мы будзем толькі згодна ківаць галавой. Мы, палачане з розных куткоў свету, дапаможам чым можам. Але ж сама ініцыятыва мусіць зыходзіць менавіта ад муніцыпальных улад.

Ілья СВІРЫН: — Мушу засведчыць, што кіраўніцтва райвыканкама паставілася да нашай сённяшняй сустрэчы з вялікай увагай. І перш чым папракаць яго ў браку ініцыятывы, трэба ўзяць пад увагу відавочнае: у Полацку ёсць процьма надзённых і злабадзённых праблем, якія чакаюць свайго вырашэння. Скажам, той жа стан устаноў культуры… Вунь кінатэатр ужо колькі гадоў рамантуюць!

Віктар ПОЛУШКІН: — Песімізм тут недарэчны: мы рухаемся наперад, хай сабе і маленькімі крокамі. Завяршаем школу мастацтваў, хочам давесці да ладу Гарадскі дом культуры, затым і за кінатэатр возьмемся ўсур’ёз. Для заканчэння работ патрэбна 14 — 15 мільярдаў рублёў. Такіх грошай пакуль няма, але мы ўжо набылі 3D-абсталяванне, каб частку гэтых сродкаў установа магла зарабіць сама.

Уладзімір ГІЛЕП: — Ніхто і не разлічвае на тое, што маштабныя праекты будуць ажыццяўляцца толькі сіламі мясцовых улад. Але гэта ніяк не змяняе галоўнага: ініцыятыва ўся адно павінна зыходзіць ад Полацка. І менавіта мясцовыя ўлады мусяць стукаць у тыя дзверы, за якімі ім могуць дапамагчы.

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — Я хацеў бы звярнуць увагу яшчэ і на такі момант: Полацкі музей-запаведнік мае сціплы абласны статус.

Тамара ДЖУМАНТАЕВА: — Статус у нас — рэспубліканскі, але падпарадкаванне — абласное.

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ: — Як паказвае практыка, прамежкавае звяно — вобласць — пачынае спаборнічаць з Полацкам, і ў Віцебску грошай асвойваецца значна больш. Хаця дзяржаўнае мысленне павінна дыктаваць акурат адваротныя прыярытэты. Нездарма яшчэ пры савецкай уладзе такія аб’екты, як Полацк, мелі самы высокі статус.

Ілья СВІРЫН: — Дарэчы, а ці разглядаўся пры стварэнні плана рэгенерацыі эканамічны аспект? Колькі гэта будзе каштаваць, якія перспектывы?..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

(Працяг гутаркі — у папяровай версіі № 31 за 2014 год.)