Кадры нашага кіно

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Дзмітрый ПУСЦІЛЬНІК, акцёр, тэлевядучы:
— Яшчэ адна рэч, пра якую хачу сказаць у працяг свайго маналога “Дзе ты, Шэрлак.by-2?” у “К” № 29 за 2014 год.

/i/content/pi/cult/492/10557/7-1.jpg“Беларусьфільм” — вядома ж, выдатная студыя са сваёй доўгай, слаўнай гісторыяй, дзе яшчэ працуюць тыя людзі, што мелі дачыненне да самых лепшых яе карцін: грымёры, касцюмеры, рэквізітары, мастакі-пастаноўшчыкі і гэтак далей. Але стаўленне да іх з боку працадаўцаў, у тым ліку і замежнікаў, якія здымаюць у нашай краіне, мякка кажучы, не самае лепшае. Складваецца часам уражанне, што ў іх паслугах наогул не маюць патрэбы, што ніхто не зацікаўлены ў тым, каб захоўваць кадры, забяспечваць іх натуральную пераемнасць, песціць іх, кшталтаваць сапраўдных прафесіяналаў, якія гадамі напрацавалі каласальны вопыт і высокае майстэрства. Іх трэба шанаваць: гэта ж школа, наша нацыянальнае багацце ў кінасферы! А з некаторымі з іх у пэўных сітуацыях размаўляюць на ўзроўні “не падабаецца нешта — звальняйся...”, сведкам чаго быў неаднойчы. Шчыра скажу, сэрца крывёю абліваецца, калі я бачу, як ставяцца да гэтых людзей... Яны ж, упэўнены на сто з лішнім працэнтаў, і могуць зняць выдатны айчынны серыял хоць на нацыянальную, хоць на замежную тэматыку, перспектывы якіх і абмяркоўваюцца на палосах газеты!

І што? Сыйдзе гэтая эпоха, і тады ўсім у адзін момант стане лепш ды лягчэй, чым было? Я ў гэтым, мякка кажучы, зусім не ўпэўнены. Замест чалавека, які ўсё вырашыў бы за пяць хвілін, прыйдзе юнак, што паўгода будзе толькі ўнікаць у спецыфіку працы. Усё ж больш беражліва трэба ставіцца да таго пакалення Прафесіяналаў з вялікай літары. Тым больш, колькі іх засталося…

Або ўзяць сам складаны механізм кінастудыі, з якім сутыкаюцца творцы і які замаруджвае цікавыя ідэі і парыванні мастакоў. Неабходна змяняць рычагі і механізмы кінавытворчасці, перабудоўваць эканоміку. Патрэбны добрыя менеджары, эканамісты, а для гэтага — новыя прававыя акты ў названай сферы.