Турніры былі і… па модзе

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

26 — 27 ліпеня ў старажытным Мсціславе прайшло Свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2014”.

/i/content/pi/cult/492/10527/12-6.jpg

/i/content/pi/cult/492/10527/12-5.jpg

Свята, арганізаванае Цэнтралізаванай клубнай сістэмай Мсціслаўскага раёна, праводзіцца ў мэтах адраджэння старадаўніх традыцый, стварэння ўмоў для культурнага супрацоўніцтва, наладжвання сувязей і абмену досведам у жанры рэканструкцыі сярэднявечных мастацтваў, далучэння да лепшых узораў сярэднявечнай музыкі.

Адкрыццю фэста папярэднічала ўрачыстае пахаванне астанкаў рыцара, знойдзеных у рэчцы Віхры. Таксама ў рамках свята прайшла навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы з Беларусі, Расіі, Украіны і Балгарыі. Таксама арганізатары “Рыцарскага фэсту…” прапанавалі ахвотным прыняць удзел у экскурсіях па гістарычных мясцінах Мсціслаўшчыны, убачыць прадстаўленні батлеек і лялечных мініяцюр “Сярэднявечныя містэрыі”, набыць сувеніры ды падарункі ў “Горадзе майстроў”, наведаць выстаўкі... Але, безумоўна, галоўнай падзеяй традыцыйна застаюцца турніры, на якія сёлета прыехалі клубы гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Полацка, Барысава, Салігорска, Гродна, Магілёва, расійскага Смаленска.

У першы дзень фэсту конна-гістарычны клуб “Залатая шпора” прадставіў конны турнір, спаборнічалі ў трапнасці лучнікі і мечнікі, а пасля быў праведзены “турнір пяцёрак”. Адбыліся штурм замка і “бітва дзвюх армій”. Адважных рыцараў падтрымлівалі іх прыгожыя дамы, між якімі разгарнуўся негалосны чэмпіянат па сярэднявечнай модзе, што захапіў гледачоў не менш, чым даспехі ваяроў.

Гасцям і ўдзельнікам фэсту свае творчыя праграмы прадставілі калектывы “Млын Сонца”, “Фламея”, “Pawa”, “Irdorath”, “Фрам”, “Форд Вейт”, “Літы талер”. Таксама гледачоў, якія завіталі на фэст, чакалі майстар-клас па сярэднявечных танцах і фаер-шоу.

Ёсць пажаданні да арганізатараў фэсту. Так, вельмі добра свой тавар прэзентавалі рамеснікі, якія ахвотна распавядалі пра тэхналогію і прызначэнне вырабаў. Што да культурнай праграмы, то, пры ўсёй відовішчнасці, інфарматыўнасць, на жаль, аказалася недастатковай: пад час турніраў і творчых выступленняў амаль не гучала ніякіх тлумачэнняў ды гістарычных даведак, а калі яны і былі, дык вельмі сціслыя. Не хапала менавіта сярэднявечных забаў і атракцыёнаў, на якіх самі гледачы маглі б паспаборнічаць у моцы, спрытнасці і кемлівасці.

Але ўсё гэта — знакі таго, што фэсту яшчэ ёсць куды расці і чым здзіўляць гасцей.

Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

Фота аўтара

 

У працяг тэмы

Акурат пасля фэсту ў рэдакцыі раздалося адразу некалькі тэлефанаванняў аднаго зместу. Чытачы скардзіліся, што непрыемная неспадзяванка чакала тых наведвальнікаў фэсту, якія не мелі на мэце заставацца ў Мсціславе на ноч, але прыехалі ў горад не на ўласным транспарце. Справа ў тым, што выехаць з Мсціслава ўвечары было вельмі складана. Так, апошні афіцыйны рэйс, якім можна было дабрацца да Магілёва, адышоў ад аўтастанцыі ў 17.40 — амаль у той час, калі на Замкавай гары толькі распачыналіся выступленні музычных гуртоў. Перад ім ішоў рэйс “Мсціслаў — Мінск” на 16.30. “Магчыма, каб не накладкі з транспартам, на фэсце было б значна больш гасцей”, — казалі крыху засмучаныя гледачы. “Таксама хацелася б убачыць больш арыгінальнай сувенірнай прадукцыі з лагатыпамі свята”, — дадавалі яны.

Спадзяёмся, у наступных нумарах адказы на гэтыя ды іншыя пытанні зможам пачуць ад арганізатараў свята, гутарку з якімі рэдакцыя мае ў сваіх планах.