"Песняры" і Чэслаў Нэмэн

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка — Чэслава Нэмэна, ураджэнца Старых Васілішак, што на Шчучыншчыне, — працягваем даследаванне кантактаў артыстаў ансамбля “Песняры”, найперш яго “залатога складу”, з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком. Месцам першай сустрэчы ў 1971-м, нагадаем, стаў польскі горад Сопат, дзе і ладзіцца славуты фестываль песні. Але сёння працягваем друкаваць успаміны ўжо не ўдзельнікаў той сустрэчы. Так, “Песняры” розных скліканняў таксама мелі, хай часцяком і выпадковыя, стасункі з Нэмэнам.

/i/content/pi/cult/492/10514/14-1.jpg

Леанід Тышко і Уладзімір Ткачэнка (справа). / Фота з альбома Леаніда Тышко, перазнятае Іванам Капсамунам і апублікаване на сайце pesnyary.com

/i/content/pi/cult/492/10514/14-3.jpg

Нэмэн і яго артысты прыязджалі ў Мінск у гэткім іміджы. / Фота, якое друкуецца ўпершыню, прадаставіў Ігар Чарняўскі

Што сказаў Ткачэнка?

Яшчэ адзін штрых да беларускай немэнаграфіі атрымаў, пагутарыўшы з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь, гітарыстам ансамбля “Песняры” ў 1978 — 1985 гг. Уладзімірам Ткачэнкам. Дарэчы, гледачом мінскага канцэрта нашага земляка ў 1976-м… Пад час сустрэчы Уладзімір Мікалаевіч паказвае дыск з запісам трыб’юта Чэславу Нэмэну гродзенскага аркестра “Капрыз”, што выйшаў у некалькіх асобніках для ўдзельнікаў праекта. “Каб лягчэй згадвалася”, — усміхаецца ён. Пасля суразмоўца адшуквае альбом на сваім камп’ютары. Трапляем на нумар “Jednego serca” ў выкананні Валерыя Дайнэкі.

— Ну класна ж пяе! — кажа Ткачэнка і дадае: — Усе аранжыроўкі імкнуўся зрабіць як мага бліжэйшымі да арыгінала, але практычна ў кожны твор дадаў сольную партыю гітары, без якой проста не ўяўляю сапраўднай рок-музыкі… Прызнаюся, мне заўжды падавалася, што ў Нэмэна на запісах заўжды не стае добрага гітарыста. (Усміхаецца.)

І вось калі Уладзімір Мікалаевіч быў гатовы распавесці пра трыб’ют, я… прапанаваў яму прыгадаць часы больш далёкія — дапесняроўскія.

— Пра сустрэчу “Песняроў” з Чэславам Нэмэнам у 1979-м у Сочы (другі год маёй працы ў ансамблі) я нічога не памятаю, хаця, падавалася б, падзея яркая… А вось на мінскім канцэрце Нэмэна ў Палацы спорту я пабываў яшчэ студэнтам кансерваторыі. Меў вялізнае жаданне трапіць на выступленне, прычым было адчуванне, што больш падобная магчымасць не прадставіцца. Так і здарылася…

Не памятаю, каб я нейкім асаблівым чынам шукаў білет, хаця ён мог быць і не самым танным для мяне — тагачаснага студэнта. Я, у 1972-м прыехаўшы з Віцебска, па сутнасці, не паспеў пабываць ні на якіх буйных канцэртах. Урэшце, Нэмэн быў адным з першых выдатных музыкантаў, якія тут гастралявалі. З пэўнай часткай ягонай творчасці, што даходзіла да нас, я быў знаёмы. У Інтэрнэце пазней прачытаў, што песня “Dziwny jest ten swiat” была напісана ў 1967-м: “Песняры” яшчэ не ўтварыліся, а Нэмэн напісаў і выканаў такі шэдэўр!

Не магу дакладна сказаць, быў той канцэрт сольным выступленнем польскага артыста альбо — “салянкай” з зоркамі савецкай эстрады. Мабыць, з той прычыны, што мне запомніўся выключна сам Чэслаў Нэмэн. Да ўсяго, менавіта на тым канцэрце ледзь не ўпершыню пачуў Moog — рэдкі па тых часах інструмент, амаль сінтэзатар: ён мог узнавіць, скажам, такі тэмбр флейты, калі чалавек літаральна дыхае паветрам, што тады было неверагоднай навінкай! Цяпер жа такое дадаецца ў камп’ютарных рэдактарах гуку элементарна! Я да таго, што ўражанне ад канцэрта было папраўдзе магутнае! Але пад час выступлення візуальны вобраз Нэмэна ў мяне не склаўся: сядзеў далёка, бінокля не меў… Але адчуванне, знітаванае з музыкай, засталося.

А як ён спяваў! Калі, дарэчы, параўноўваць голас Чэслава Нэмэна з чыімсьці яшчэ, то адзіны, каго можна паставіць з ім побач, — Уладзімір Мулявін. У іх абодвух рэдкі на эстрадзе драматычны тэнар — магутны, звонкі, высокі. Я дык і не прыгадаю такога выпадку, каб Мулявін калісьці хварэў, быў “не ў голасе”. Гэта было проста "луджанае горла". Астатнія ж салісты — спрэс лірычныя тэнары: салодкія, прыгожыя. Наогул, мяркую, што Нэмэн і Мулявін былі двума цэнтральнымі постацямі таго часу на славянскай музычнай прасторы. Нэмэн узняў на неверагодны ўзровень польскую музыку, а “Песняры” — беларускую. Калі я слухаў Нэмэна, мне заўжды было цікава, што па-польску гэтыя творы гучаць сапраўднымі. А мо так падавалася, паколькі на той час нічога не было ў нас сапраўднага…

Зраблю паўзу ва ўспамінах, каб выказаць наступную думку: з усіх славянскіх музыкантаў, спевакоў, на маю думку, Чэслаў Нэмэн — велічыня нумар адзін сярод тых, хто ўвабраў рок-музыку, якая з’явілася ў 1960-я. Як спявак, як кампазітар ён зрабіў так, што польская мова слухаецца ў ягоных творах як родная. Ён знайшоў той сінтэз англійскага року і славянскай мовы. У “Песняроў” было нешта ад згаданага мной сінтэзу, але — у меншай ступені, чым у Нэмэна: для беларускага ансамбля на першым месцы заставаліся вакал, мелодыі. Наогул, сама сутнасць рок-музыкі чым далей ад Англіі, тым больш сціралася. І зрабіць сапраўдны славянскі рок удалося першаму — і найбольш паўнаважна — менавіта Чэславу Нэмэну. Ён ішоў далёка наперадзе ўсіх. “Песняры” — за ім, не кажучы пра тых, хто даганяў іх. І ўсе вынікі падобнага адставання добра бачныя і цяпер. Музыказнаўцы падлічылі: у 1960 — 1970-я мы адставалі ад заходняй музыкі гадоў на дзесяць, а цяпер, як мне падаецца, канчаткова страцілі хуткасць руху і канкрэтны кірунак. Рушым убок…

Але вярнуся да асноўнай тэмы. Пасля канцэрта 1976-га сустрэч з нэмэнаўскай творчасцю ў мяне не было ажно да супрацы з “Капрызам”. Сярод песень, што трапілі на трыб’ют-дыск праз шмат гадоў, мусіць, і не аказалася твораў з таго канцэрта. Я адбіраў па памяці знаёмыя мне творы, верагодна, яшчэ па Віцебску, калі мы лавілі польскае радыё. Не даводзілася раней знаёміцца толькі з адной песняй з пераствораных на CD: “Nim przyjdzie wiosna”. Аднойчы слухаў яе ў версіі таго перыяду, калі Нэмэн стаў актыўна выкарыстоўваць электроніку: там гучала шмат разнастайных шумоў, дадатковых гукаў, сінтэзатараў. І не змог адразу ацаніць гэтую песню, паколькі адцягвалі ўвагу названыя эфекты. Калі пачуў некалькі іншых версій — зусім іншая справа. На маю думку, Пётр Ялфімаў са сваім лірычным голасам выканаў яе для альбома ці не лепш за “Dziwny jest ten swiat”, што прынесла яму Гран-пры “Славянскага базару ў Віцебску” ў 2004-м. Наогул, у нашай з “Капрызам” інтэрпрэтацыі атрымаўся ў гэтым творы практычна сімфа-рок. Флейты, габоі. А мо і Вівальдзі настроем нагадвае. Карацей, твор гэты падабаецца і па сёння. Мне за аранжыроўку не сорамна!

Выпуск трыб’юта — ініцыятыва Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Кіраўнік праекта — Раіса Левіна, якая ачольвае эстрадны аркестр “Капрыз”. А я з названым калектывам супрацоўнічаў амаль дзесяць гадоў у якасці кампазітара, аўтара музычных інтэрпрэтацый і аранжыровак. Прызнацца, калі аркестр прапанаваў паўдзельнічаць у праграме, у мяне былі сумневы, скажам, адносна жаночага вакалу ў творах Нэмэна. Я не ведаў, што ў іх ёсць спявачка Святлана Дзякун, якая вельмі прыстойна выканала большую частку нумароў. Яе выкананне высока ацанілі і палякі пад час прэзентацыі ў бібліятэцы Беластоцкага ўніверсітэта. У чым палягалі мае сумненні? Скажам, у Польшчы я чуў у жаночым выкананні толькі ўжо загаданую лірычную “Nim przyjdzie wiosna”, а вось больш мужчынскія нумары… Пакуль не пачуў Святлану, думаў, што гэта немагчыма, а яе голас сапраўды вельмі пасуе нэмэнаўскаму рэпертуару.

Што да аркестра, дык па досведзе супрацоўніцтва мне падавалася, што ў іх найлепш атрымліваўся традыцыйны джаз 1930 — 1940-х: не надта складаны, але даволі музычны. У некаторых дэталях дзяўчаты-ўдзельніцы праз сябе “пераскочылі” і дасягнулі выдатнага гучання. У такім выглядзе адраджэнне саўнду 1960 — 1970-х вельмі пасуе менавіта студэнцкаму аркестру. Спытаеце: а як жа рок-музыка? На тых запісах, якімі я кіраваўся, былі амаль нячутныя барабаны і бас. Музычны малюнак складаўся з агульнай сярэдняй інструментальнай лініі і голасу Чэслава Нэмэна. Месцамі было наогул не зусім зразумела, што ж за інструмент там грае. Таму мне хацелася рытм-групу зрабіць такой, каб мы з пункту погляду сучаснасці спрабавалі паказаць тагачасны гук. Скажам, у гады, калі рабіліся запісы Нэмэна, часцяком не ўяўлялі, якія элементы і якім чынам павінна выконваць бас-гітара. Цяпер жа маем прадстаўленне пра тое, якія існуюць стылі ігры, што з іх найбольш пасуе пэўнаму твору.

Cвой унёсак у гучанне зрабілі салісты-мужчыны — Пётр Ялфімаў і Валерый Дайнэка. Атрымаўся добры, прыгожы і якасны праект, зроблены з вялікай павагай да Нэмэна. Больш складана было дамовіцца, знайсці вольны час. Але я рад, што і Пётр, і Валерый бліскуча выканалі свае нумары. Наогул, з ліку айчынных вакалістаў асабліва не мелі з каго выбіраць. Таго ж Мулявіна ніхто пакуль не змог паўтарыць, а Чэслаў Нэмэн — гэта і ўвогуле выканаўца, кампазітар сусветнага ўзроўню…

Шмат часу пайшло на запіс, паколькі выконвалі і фіксавалі творы ўжывую. Было складана спалучыць у адным пункце аркестрантак, салістаў і гукарэжысёра. Праўда, за гэты час мы паспелі сыграць некалькі разоў у Польшчы, у Гродне. Дарэчы, пасля канцэрта ў Беластоцкім універсітэце да нас падышоў бас-гітарыст Ежы Дэмскі, які ў 1976-м прыязджаў у Мінск разам з Нэмэнам. Яму за семдзесят. Падышоў да мяне, пахваліў і сказаў, што яму ўсё спадабалася. Усё гучала душэўна, без “заумностей”. Была ідэя выступіць у Старых Васілішках, але — не атрымалася. Калі б дзяўчаты туды трапілі, то і дыск быў бы ў экспазіцыі Клуба-музея. Мелася ідэя паказаць работу ў Мінску, ды так і не ўдалося. Прафесійнага відэазапісу выступленняў не рабілі. Галоўнае, што ёсць ноты, людзі, якія выконвалі, як і жаданне нешта яшчэ прадставіць з нэмэнаўскай спадчыны.

Мне цяжка сказаць, беларуская ці польская плынь музыкі адчуваецца ў некаторых творах Чэслава Нэмэна. Але тое, што гэта славянскае, блізкае і нам, — несумненна. Яно не ўласціва ні англійскай, ні амерыканскай музыцы — нашых краёў гучанне. Скажам, інтэрпрэтацыі Нэмэнам рускіх народных і аўтарскіх песень: яны не гучаць як фальклор, але ў іх добра чуваць фальклорную аснову, калі іх спявае рок-музыкант. Калі б у нас быў сапраўдны рок, то рок-музыканты спявалі б прыкладна гэтак жа, як мне падаецца. У выпадку з названымі песнямі манера выканання, рокавыя мелізмы не зацьмяваюць сутнасці. Калі мы з “Песнярамі” бывалі ў краінах, дзе не чулі анічога славянскага, і пачыналі граць беларускія народныя песні, публіка ўсё роўна адчувала фальклор. І на канцэрце Нэмэна 1976 года нешта такое ўлоўліваў.

Чэслаў Нэмэн — музыкант, варты самай шырокай увагі. Ягоную творчасць варта ўсебакова вывучаць. Вось, скажам, “The Beatles”: парадку 60% іх музыкі не ведае ніхто, апроч самых адданых фанатаў. Так і з Нэмэнам...

У наступных частках падвынікуем тэму і высветлім, ці былі кантакты з Нэмэнам у іншых артыстаў “Песняроў”.

Пра творчыя сувязі Чэслава Нэмэна і “Песняроў” мы пісалі ў №№ 7, 9, 11, 27 і 29 за 2014 год, паабяцаўшы чытачам новыя адкрыцці. Нагадаем, ужо вядомы дэталі сустрэчы артыстаў у Сопаце і факт існавання версіі песні "Бродяга" ў нэмэнаўскай манеры, але — з аранжыроўкай Мулявіна.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах