Вось і атрымалася, што з гадоў пяці я цвёрда ведаў, кім стану. Мастаком! Не памятаю, хто купіў мне фарбы. Але і па сёння памятаю, як уразіў іх пах… І гэта — таксама пачатак маёй прафесіі. Сюды ж магу аднесці і першую сустрэчу з сапраўдным, але невядомым мне мастаком. Ён размясціўся з эцюднікам непадалёк ад нашай хаты і рабіў накіды… бярвенняў суседа, прызначаных для распілоўкі на дровы. Ніяк не мог зразумець: ну якая тут можа быць прыгажосць?.. Вось так, пакрысе, мной і завалодала рэалістычнае светабачанне. Пасля Акадэміі мастацтваў былі і сімвалізмы з кубізмамі, але перамог рэалізм, усвядомлены ў дзяцінстве пад барысаўскім небам…
Пачаткам лічу і каляровыя ўкладкі з класічнымі рэпрадукцыямі, што меліся ў часопісе “Агеньчык”. Я іх выразаў, складваў у стосік ды бясконца разглядваў… Так і апынуўся ў стыдыі выяўленчага мастацтва барысаўскага Палаца піянераў. Пагадзіцеся, шлях заканамерны. Пашчасціла з педагогамі, займаўся з імі адзінаццаць гадоў. Кніг па выяўленчым мастацтве амаль не было. Асноўны “падручнік” — выразкі з “Агеньчыка”. Пачаў хадзіць у кнігарню, штосьці знаходзіў пра мастакоў, тут у краме — і чытаў похапкам. З кнігарні мяне пачалі выганяць. Балазе наша студыя выпісала часопіс “Мастак”. У пэўнай ступені я задаволіў свой голад на тэарэтычныя веды па маляванні. Напаткала чарговае шчасце, калі выпадкова прыдбаў маленькую кніжачку “Выяўленчае мастацтва”. З вялікай пашанай захоўваю яе і цяпер…
Я і зараз, натуральна, люблю пабыць адзін на прыродзе. Успамінаю дзяцінства, асэнсоўваю сталасць. Так і нараджаюцца палотны пра маю Беларусь…