У Ждановічы, да Быкава…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Музей паводле “Доўгай дарогі дадому”
Напярэдадні адкрыцця ў Ждановічах Мемарыяльнага музея-дачы Васіля Быкава карэспандэнт “К” сустрэўся з дырэктарам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзіяй Макарэвіч. Музей-дача з’яўляецца філіялам установы, якую мая візаві ўзначальвае. Яна адказала на шэраг пытанняў, датычных асаблівасцей мемарыялізаванага лецішча, турыстычных перспектыў новага культурнага аб’екта, а таксама — новага аблічча і зместа самога Музея гісторыі беларускай літаратуры, у якім зараз — капітальны рамонт з рэканструкцыяй.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-14.jpg
/i/content/pi/cult/484/10348/2-3.jpg

Ля весніц музея-дачы.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-4.jpg

Загадчык аддзела Вольга Гулева паказвае гараж, што стаў часткай музейнай экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-5.jpg /i/content/pi/cult/484/10348/2-6.jpg

Вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Іванова працуе над экспазіцыяй; рэпрадукцыя малюнка Васіля Быкава з экспазіцыі музея.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-7.jpg

Рабочы пакой Васіля Быкава.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-8.jpg

Эцюднік Васіля Быкава.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-9.jpg

Народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Ігар Лучанок і загадчык філіяла Алесь Гібок-Гібкоўскі ў гасцёўні дома Быкава.

/i/content/pi/cult/484/10348/2-10.jpg /i/content/pi/cult/484/10348/2-12.jpg

Карта падарожжаў пісьменніка, створаная паводле ягонай кнігі "Доўгая дарога дадому"; ідзе мантаж экспазіцыі.

Максімальна мемарыяльна

/i/content/pi/cult/484/10348/2-13.jpg— Наш філіял ў Ждановічах безумоўна будзе адрознівацца ад іншых мемарыяльных музеяў, — зазначае Лідзія Вітальеўна. — Ужо таму што гэта музей-дача, а значыць ён мае адметнае асяроддзе. Эстэтычную і гістарычную каштоўнасць мае і прылеглая да яго тэрыторыя. Калі Васілю Уладзіміравічу яшчэ толькі прапанавалі гэта месца пад дачу, яно ўжо было прыгожым. Там раслі бярозы і існавала, так бы мовіць, станоўчая аўра. Вось і асаблівасць вонкавага аблічча музея.

Што ж да экспазіцыі, дык яна будзе максімальна мемарыяльнай. Гэта адна з нашых прынцыповых пазіцый. Мы імкнуліся паказаць побыт пісьменніка, тыя прадметы, сярод якіх ён жыў, якія сталіся ягоным матэрыяльным асяроддзем, а значыць і адбіткам свету ўнутранага. Зыходзячы з таго, што экспазіцыя ў нас будзе сезоннай, плануецца, што яна будзе рознай. На адкрыццё мы падрыхтавалі паказ малюнкаў Быкава: справа ў тым, што Васіль Уладзіміравіч вёў не дзённікі-запісы, а дзённікі-малюнкі. Падобны штрых да ягонай біяграфіі падаецца мне вельмі цікавым і вартым таго, каб азнаёміць з ім шырокую грамаду.

На самым пачатку працы над экспазіцыяй паўстала пытанне, што са спадчыны Быкава мусіць быць канцэптуальным падмуркам. І мы прыйшлі да высновы, што, вобразна кажучы, пуцяводнай зоркай для нас з’яўляецца кніга “Доўгая дарога дадому”, дзе Васіль Уладзіміравіч, падсумоўваючы жыццёвы шлях, з’акцэнтаваўся на тых момантах, якія былі яму асабліва цікавымі. І вось мы зрабілі карту дарог Васіля Быкава. У мемарыяльнай экспазіцыі яна глядзіцца навадзелам, але яе прысутнасць у музеі канцэптуальна абгрунтаваная, хаця б таму, што ў сваіх успамінах Быкаў піша: для яго карты яшчэ з ваенных гадоў былі вельмі важнымі чыннікамі інфармацыі. На вялікім фармаце мы адлюстравалі для наведвальнікаў асноўныя шляхі і дарогі, гарады і мясціны, якія адзначыў Васіль Уладзіміравіч у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”.

Быкаў, Багушэвіч, Багдановіч…

— Спадзяёмся, новы музей пад Мінскам не абмінуць увагай турысты, — працягвае Лідзія Вітальеўна. — Тут могуць быць абсалютна розныя варыянты — нават уключэнне Мемарыяльнага музея-дачы Васіля Быкава ў экскурсійны маршрут па сталіцы: толькі шэсць кіламетраў аддзяляюць дачу Быкава ад праспекта Пераможцаў. Да ўсяго, мы ведаем, турыстычныя групы наведваюць Кушляны, дзе таксама знаходзіцца адзін з філіялаў Музея гісторыі беларускай літаратуры. Творчасць Багушэвіча і Быкава прыпадае на розныя эпохі, але грунтуецца на адной ідэі — беларускасці. Чаму б, зыходзячы ўжо з гэтага, не аб’яднаць мясціны, звязаныя з іх творчасцю, у адзіны культурна-асветніцкі маршрут? Mне здаецца, ідэю можна абмяркоўваць! Ёсць і яшчэ адна — мінскія і калямінскія літаратурныя мясціны. Тут усё адносна паблізу: купалаўская Вязынка, быкаўская дача, багдановічаўскі філіял у Ракуцёўшчыне. Тры месцы, якія могуць быць звязаны ў літаратурнае падарожжа.

Быў праект...

— Мяркую, вы памятаеце выставачныя праекты, што былі прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, Івану Шамякіну… І нават калі сёння мы гаворым пра творчасць Васіля Быкава, дык я згадваю 1994 год. Да 70-годдзя з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча ў нашым музеі ўпершыню, відаць, у практыцы літаратурных музеяў Беларусі была створана выстаўка, прысвечаная жывому пісьменніку. Мы прадставілі сваё ўяўленне пра ягоную творчасць, і Быкаў прыняў нашу канцэпцыю. І пасля шмат было праектаў, якія адгукаліся на патрэбы сённяшняга дня.


Што далей?

— І на заканчэне зноў пра музей-дачу. Удава пісьменніка перадала дзяржаве сам будынак з усім, што ў ім знаходзілася. Цяпер гэта наш філіял. Мы сустракаемся перыядычна з Ірынай Міхайлаўнай. Яна думае пра тое, што дача-музей Васіля Быкава — гэта толькі пачатак вялікай справы музеефікацыі творчых здабыткаў нашага класіка.

Ужо сёння мы прагаворвалі на ўзроўні Міністэрства культуры пытанне мемарыяльнай дошкі. Пакуль што размова была вусная, але ва ўсялякім разе плануецца, што да 70-годдзя Перамогі на доме, дзе жыў Васіль Быкаў (сталічная вуліца Максіма Танка, 10), будзе ўсталявана такая шыльда.

Нібыта гаспадар толькі выйшаў

У час адкрыцця Мемарыяльнага музея-дачы Васіля Быкава міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, як паведамляе БелТА, зазначыў, што з’яўленне такой установы можа стаць першым крокам да стварэння вялікага музея, прысвечанага жыццю і творчасці народнага пісьменніка Беларусі: ”З чагосьці трэба было пачаць. Музей — гэта не проста фондасховішча. Установа культуры збірае і апрацоўвае артэфакты. Калі ў дадзеным музеі экспанатам ужо не змогуць знайсці месца, будзе ісці гаворка пра далейшае развіццё музейнай справы, звязанай з асобай пісьменніка”.

За дзень да афіцыйнага адкрыцця мемарыяльнага музея лецішча Васіля Быкава наведалі карэспандэнты “К”. Асноўная праца на гэты момант была скончана. Нам, фактычна, выпаў гонар стаць першымі наведвальнікамі новага культурнага асяродку. Гідам стала Вольга Гулева, загадчык навукова-экскурсійнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Па яе словах, на гэтым лецішчы гадоў пятнаццаць ніхто не жыў, таму вярнуць дому вонкавае аблічча, якое ён меў пры жыцці народнага пісьменніка пры максімальным захаванні аўтэнтыкі было нялёгкай справай. Але зараз ён выглядае так, нібыта гаспадар толькі што выйшаў з хаты. Вольга Барысаўна кажа, што па ўспамінах сяброў і калег Быкава цяжка ўявіць, як пісьменнік насамрэч успрымаў свой загарадны прытулак. Ёсць меркаванні, што ён не надта любіў дом у Ждановічах, але шматлікія дзённікавыя замалёўкі і запісы, што фактычна складаюць хроніку будаўніцтва лецішча, сведчаць, што пісьменік ставіўся да гэтай справы з душой і будаваў дом ці не з такім жа натхненнем, як кнігі пісаў.

Побыт пісьменніка на лецішчы, паводле сённяшніх уяўленняў пра камфорт, бадай, спартанскі. У параўнанні з дамамі, што пабудаваны побач у нашы дні, яно глядзіцца даволі сціпла. Лецішча Васіля Уладзіміравіча дае ўяўленне пра тое, як жыла інтэлігенцыя ў 1980-я — 1990-я: рэчы ў доме, будаўніцтва якога пачалося ў 1983 годзе і доўжылася недзе два гады, з таго часу.

У адрозненне ад гарадской кватэры, параметры і планіроўка якой загадзя вызначаны стандартамі і праектам, загарадны дом дае ўладальніку прастору для фантазіі па арганізацыі свайго побыту і шырэй — ладу жыцця. Быкаў гэтую магчымасць скарыстоўваць не стаў. У доме і сёння нічога лішняга. Відавочна, што класік прыязджаў сюды не адпачываць, а працаваць. Нездарма самым утульным памяшканнем дома ўспрымаецца рабочы пакой (кабінетам назваць не выпадае).

Яшчэ адну рысу асобы пісьменніка раскрывае… гараж. Ён месціцца на першым паверсе дома, і з яго ёсць выхад ў жылыя памяшканні. Гараж быў адначасова майстэрняй. Тут захаваліся тэхнічныя інструменты. Ёсць і цэлая паліца кніг па эксплуатацыі ды абслугоўванні аўтамабіляў. Усяго за жыццё ў Быкава іх было тры. Апошні — “Волга” ГАЗ-24. Супрацоўнікі музея не бачаць вялікай праблемы ў тым, каб набыць для экспазіцыі такую мадэль, але хочуць прыдбаць тую машыну, якую вадзіў сам пісьменнік. Тыя, хто блізка ведаў нашага класіка, сведчаць, што не было сярод беларускіх літаратараў лепшага знаўцы аўтатэхнікі і аўтамабіліста.

Па словах супрацоўнікаў музея-дачы, памяшканне не дазваляе знаходзіцца ў ім адначасова больш як дзесяці экскурсантам. Асабліва на другім паверсе. Гэтая акалічнасць будзе ўлічвацца пры фарміраванні груп наведвальнікаў.

І яшчэ пра адлегласць. Ад музея-дачы Быкава ў “Ждановічах-6” да плошчы Дзяржаўнага Сцяга на праспекце Пераможцаў — дзесяць хвілін на легкавіку.

Фота музея Юрыя ІВАНОВА; фота Васіля Быкава - за архіва Яўгена КОКТЫША

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"